Яхель (злева) з маці Ліянай (у цэнтры) і сястрой Нояй. Фота: сайт Бі-бі-сі

Яхель (злева) з маці Ліянай (у цэнтры) і сястрой Нояй. Фота: сайт Бі-бі-сі

Бацькі жанчыны брытана-ізраільскага паходжання, забітай у сваім доме баевікамі ХАМАС разам з двума дзецьмі, кажуць, што іх знайшлі ў абдымках адна адной, піша Бі-бі-сі.

48-гадовая ўраджэнка Брысталя Ліяна Шарабі і дзве яе дачкі-падлеткі загінулі 7 кастрычніка ў сваім доме ў кібуцы Беэр, калі яго штурмаваў ХАМАС.

Бацькі Ліяны, Гіл і Піт Брыслі, распавялі, што яна да канца спрабавала абараніць сваіх дачок. «Ліана зрабіла як любая маці — трымала сваіх дзяцей на руках», — сказалі яны.

Бацькі Ліяны, якія жывуць цяпер у англійскім Брыджэндзе, распавялі Бі-бі-сі пра сваю дачку і ўнучак Ною і Яхель праз некалькі дзён пасля іх пахавання.

На думку Гіл Брыслі, у Ізраілі звычайна панавала прыязная атмасфера, і краіна была «выдатным месцам для стварэння сям'і».

«Там, дзе яны жылі, пры нармальных абставінах было самае бяспечнае месца для выхавання дзяцей, выдатныя дзіцячыя сады, школы, яны ўсіх ведалі, займаліся спортам, каталіся на роварах, ездзілі ў іншыя раёны Ізраіля», — сказала жанчына.

Так было да 7 кастрычніка, калі ХАМАС захапіў дом Шарабі, у які яны пераехалі тры гады таму.

Па словах Піта Брыслі, гэтую навіну ён убачыў па тэлевізары:

«Я ўключыў тэлевізар, убачыў, што пачалася бяда, паслаў Ліяне паведамленне, каб спытаць, ці ўсё з ёй у парадку, але яна не адказала, — сказаў ён. — Думаю, да таго часу яна ўжо была мёртвая. Іх дом быў адным з найбліжэйшых да бар'ера, праз які ўвайшлі баевікі ХАМАС. Усе, хто знаходзіўся на вуліцы, былі забітыя ці цяжка параненыя».

Па словах Гіл Брыслі, пазней яны даведаліся, што ізраільскія салдаты знайшлі целы іх унучак у абдымках Ліяны.

Па словах Гіл Брыслі, целы Яхель і Ноі знайшлі ізраільскія вайскоўцы. Фота: сайт Бі-бі-сі

Па словах Гіл Брыслі, целы Яхель і Ноі знайшлі ізраільскія вайскоўцы. Фота: сайт Бі-бі-сі

Гіл Брыслі распавядае, што Ліяна была «шчаслівым дзіцем» і «заўсёды хацела падарожнічаць па свеце».

Паводле яе слоў, у 19 гадоў Ліяна пераехала з Брысталя ў ізраільскі кібуц, праз некалькі месяцаў сустрэла свайго будучага мужа і вырашыла будаваць там сваё жыццё: вывучыла іўрыт і нарадзіла дзвюх дачок — Яхель і Ною. На момант нападу ХАМАС ім было 13 і 16 гадоў.

Гіл Брыслі апошні раз бачыла дачку і ўнучак у ліпені, пасля таго як яны пабывалі на бат-міцве Яхелі і правялі два тыдні вакацый, «гуляючы ў басейне і дурэючы».

Не маючы магчымасці прыехаць на пахаванне, члены сям'і развітваліся з загінулымі з дапамогай WhatsApp — глядзелі цырымонію пахавання, на якую сабраліся сотні людзей.

«Мы адчуваем здранцвенне… Што здарылася — тое здарылася, мы не можам гэтага змяніць, — кажа Гіл Брыслі. — Мы павінны праз гэта прайсці».

Чытайце таксама:

ХАМАС маніць? Прадстаўнік Ізраіля паставіў пад сумнеў колькасць загінулых у Газе

Ізраіль асудзіў візіт прадстаўнікоў ХАМАС у Расію і заклікаў «неадкладна выгнаць тэрарыстаў»

Ізраільскія закладнікі ХАМАС: найгоршы кашмар для любога ўрада

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
17
Абуральна
3