Гэтыя кот (злева) і котка (справа) на нейкі час пасварыліся. Але праз пару гадзін яны ўжо бегалі разам. Фота: «Наша Ніва»

Гэтыя кот (злева) і котка (справа) на нейкі час пасварыліся. Але праз пару гадзін яны ўжо бегалі разам. Фота: «Наша Ніва»

У адрозненне ад сабак, каты часта камунікуюць мімікай між сабой.

У даследаванні, апублікаваным у гэтым месяцы ў часопісе Behavioural Processes, навукоўцы падлічылі 276 розных выразаў твару (пысы), якія выкарыстоўваюцца для перадачы варожых і дружалюбных намераў. Больш за тое, як выявіла каманда даследчыкаў, імаверна, гэтыя «грымасы» з'явіліся праз цесныя зносіны з людзьмі, піша Techinsider.

«Многія людзі па-ранейшаму памылкова лічаць катоў у значнай ступені асацыяльным відам, — кажа Дэніэл Мілс, ветэрынарны біхевіярыст з Лінкальнскага ўніверсітэта. — Выразы іх пыс, апісаныя ў новым даследаванні, сведчаць пра адваротнае».

Каты і коткі могуць быць самотнымі істотамі, але яны часта заводзяць сяброўства з іншымі жывёламі ў сваіх дамах або на вуліцы. Дзікія каты могуць жыць шматтысячнымі калоніямі, часам захопліваючы цэлыя выспы.

Ларэн Скот, студэнтка медыцынскага факультэта Канзаскага ўніверсітэта, доўга задавалася пытаннем, як каты камунікуюць між сабой. Каб жыць у міры, патрэбна тонкая дыпламатыя!

У 2021 годзе Скот вучылася за некалькі хвілін ад котакафэ CatCafé Lounge. Менавіта ў гэтым месцы дзяўчыне прыйшло ў галаву вывучыць міміку жывёл, якія жылі вялікай групай на абмежаванай тэрыторыі.

Са жніўня па чэрвень яна запісала 194 хвіліны відэа выразаў пыс катоў і котак. Пасля гэтага Скот і псіхолаг Брытані Фларкевіч прааналізавалі ўсе рухі цягліц пысы, выключыўшы любыя, звязаныя з дыханнем, жаваннем, пазяханнем і г.д.

Пара выявіла агулам 276 розных выразаў, звернутых да іншых катоў (у шымпанзэ гэты паказчык роўны 357). Кожная «грымаса» спалучала ў сабе прыкладна чатыры з 26 унікальных мімічных рухаў, уключаючы прыадкрытыя вусны, адвіслую сківіцу, пашыраныя або звужаныя зрэнкі, мірганне і паўпрыкрытыя вочы, адцягнутыя куткі вуснаў, аблізванне носа, рознае становішча вушэй і г.д.

Для параўнання: у людзей 44 унікальныя мімічныя рухі, а ў сабак — 27.

У даследаванні каманда таксама выявіла, што пераважная большасць выразаў пыс катоў была альбо выразна прыязнай (45%), альбо выразна агрэсіўнай (37%). Астатнія 18% былі настолькі двухсэнсоўнымі, што траплялі ў абедзве катэгорыі.

На жаль, але што менавіта каты і коткі «казалі» адно аднаму гэтымі выразамі твару, застаецца незразумелым.

Чытайце таксама:

Кот кожны дзень прыходзіць у краму і спрабуе купіць за лісце рыбу

У Кітаі выратавалі каля тысячы катоў. Іх хацелі здаць на бойню замест свіней і бараноў

У Брытаніі знайшлі котку з двума насамі

Клас
20
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
1