Фота: gettyimages

Фота: gettyimages

«My Heart Will Go On» — гэта песня пра каханне, якое пераадольвае ўсе цяжкасці; пра два сэрцы, якія аб'ядноўваюцца назаўжды; і, вядома, пра Леанарда Дзі Капрыа, які гіне ў ледзяных водах Атлантыкі, каб выратаваць каханую. Аднак для жыхароў горада Парыруа (Porirua) недалёк ад Велінгтана, сталіцы Новай Зеландыі, самая вядомая балада Селін Дыён стала сапраўдным кашмарам.

Сем'і, якім не ўдаецца выспацца, збіраюць подпісы пад петыцыяй з патрабаваннем да гарадской рады спыніць маладых людзей, якія ставяць магутныя гукаўзмацняльнікі на аўтамабілі, матацыклы і нават ровары. Гэтыя людзі спаборнічаюць у своеасаблівым конкурсе на самы гучны і чысты гук.

Балады канадскай спявачкі нечакана сталі выбарам нумар адзін для гэтых батлаў, бо ў яе песнях шмат высокіх частот. Прычым хіт Дыён «My Heart Will Go On», галоўны сінгл з фільма «Тытанік» 1997 года, — у топе плэйлістоў.

«Селін Дыён папулярная, бо гэта такая выразная песня — таму мы стараемся выкарыстоўваць музыку, якая мае высокія частоты, ясную, і ў якой не так шмат басоў», — перадае словы аднаго з заснавальнікаў так званай бітвы сірэн The Times.

Некаторыя ўдзельнікі ставяць да 50 гучнагаварыцеляў на аўтамабілях, каб ствараць гучную музыку з высокімі частотамі і без скажэнняў. Так званыя спаборніцтвы па гуку адбываюцца ўначы, ад чаго жыхары проста шалеюць.

Заснавальнік петыцыі аб спыненні гукавых баталій сцвярджае, што многія, хто жыве ў 61-тысячным горадзе, «стаміліся ад бяздзейнасці і ігнаравання гэтага пытання радай і мэрам».

Асаблівай абсурднасці сітуацыі прыдае не толькі той факт, што галоўным прызам тут выступае звычайны лайк і рэспект ад іншых удзельнікаў гэтай бітвы, але і тое, што мясцовыя ўлады аказаліся няздольныя вырашыць праблему.

Маладым людзям дазваляецца збірацца ў прамысловых раёнах не пазней за 22:00, але яны ладзяць свае батлы ва ўсім горадзе. За апошнія восем месяцаў паліцыя выклікалася на больш як 50 «гукавых мерапрыемстваў». Аніта Бэйкер, мэр горада, заявіла, што яе «замучылі бітвы сірэн». Бэйкер сказала, што яна атрымала шмат скаргаў ад людзей, якія мяркуюць, што яна мае ўладу вырашыць праблему. «Каб жа ў мяне была ўлада!» — наракае яна.

«Напэўна, я была б падобная да Crusher Collins, калі б канфіскоўвала ў іх машыны», — сказала мэр, маючы на ​​ўвазе былую новазеландскую міністарку паліцыі, кансерватыўнага палітыка Джудзіт Колінз, якая прыняла законы, якія дазвалялі паліцэйскім разбіваць машыны стрыт-рэйсераў.

«Калі шум ствараюць у кватэрах, мы маем права заходзіць і забіраць стэрэасістэмы, — кажа Бэйкер. — Але калі людзі знаходзяцца ў транспартным сродку, гэта можа рабіць толькі паліцыя, а не муніцыпалітэт».

А паліцыя, у сваю чаргу, мае права спыняць толькі той шумны транспартны сродак, які рухаецца, але не мае права спыніць музыку, якая даносіцца са стаячага аўтамабіля. Паліцэйскі прэс-сакратар сказаў, што паліцыя «вядзе перамовы з суполкамі сірэн», каб знайсці месцы, прыдатныя для батлаў.

Чытайце таксама:

Нябачны восьмы кантынент. Навукоўцы цалкам нанеслі на карту Зеландыю. Яе плошча ўражвае

Селін Дыён адмяніла ўсе канцэрты з-за рэдкага захворвання

Ці мог выжыць герой Дзі Капрыа з «Тытаніка»? У пытанні пастаўленая кропка

Клас
4
Панылы сорам
9
Ха-ха
14
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
8