Дмитрый Танкович Дзмітрый Танковіч Dmitry Tankovich

Дзмітрый Танковіч лічыць Мукавозчыка няўдачнікам. Скрыншот malina_by / YouTube

Адзначым, што часткова дыялог у выпуску адбываецца на беларускай (Мелказёраў) і ўкраінскай (Танковіч) мовах.

Гумар пра Лукашэнку

На думку Танковіча, пасля пачатку вайны гумар пра Лукашэнку стаў больш жорсткім і «цяпер ёсць рэчы, пра якія мы абавязаны гаварыць». «Раней пра яго казалі як пра чалавека-мема, а цяпер гэта па сутнасці вораг».

Танковіч распавядае, што цяпер ва ўкраінскім «Дызель-шоу», дзе ён здымаецца, з'явіліся больш вострыя нумары.

Комік згадвае, што некаторыя нумары згаданага шоу сталі прарочымі: «Зразумела, што гэта ўсё з нейкай доляй іроніі. Калі мы ў «Дызель-шоу» зрабілі нумар пра тое, што Лукашэнка захварэў і да яго прыехаў з Расіі шаман лячыць, а потым адкрылася, што гэта прадстаўнік украінскай разведкі, то здарылася так, што праз два тыдні ён захварэў. Мы ўсе памятаем яго васковыя здымкі з ваеннымі».

Па словах гумарыста, у яго скончыліся ўсе ілюзіі, што яго творчасць ці творчасць «Дызель-шоу» можа нейкім чынам прымусіць расіян думаць па-іншаму, змяніць пункт погляду на тое, што адбываецца. І тлумачыць, чаму:

«Я з гэтымі думкамі даўным-даўно развітаўся. Мне здаецца, калі прайшоў год і 9 месяцаў пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання, ужо любы нармальны чалавек з мінімальным крытычным мысленнем змог бы зразумець, што насамрэч адбываецца».

Танковіч распавядае, што яго меркаванне грунтуецца на той колькасці паведамленняў, якія ён атрымлівае ў сацыяльных сетках ад расіян. Паведамленні, па словах Танковіча, «прымітыўныя». Кшталту «мы прыедзем, цябе забʼём. Пры гэтым, сцвярджае комік, яны ўтрымліваюць шмат памылак. «Для мяне гэта вельмі дзіўна. Ты едзеш абараняць рускую мову і пры гэтым у дзеясловах забываеш канчаткі».

Пра беларускае тэлебачанне

Танковіч лічыць, што неабходна зрабіць архіўныя запісы беларускага тэлебачання, якое ёсць зараз, для таго каб потым дэманстраваць у якасці прыкладу таго, як ні ў якім разе не павінна быць і што можа адбывацца з людзьмі, якія гэта пастаянна глядзяць.

«Гэта трэба зберагчы, каб потым не было падобных памылак».

Да гэтых запісаў падчас будучых дэманстрацый у школах і ўніверсітэтах, на думку коміка, можна дадаць фільмы 30-х і 40-х гадоў з Германіі. Ён лічыць, што паміж імі будзе шмат падабенства. Падобны архіў можна сабраць і з перадач расійскага тэлебачання.

Мукавозчык і беларускі КВЗ

Тамковіч з усмешкай згадвае прапагандыста Мукавозчыка:

«Мукавозчык доўгі час быў, як ён сябе называў, прэзідэнтам беларускага КВЗ. У той жа час ён вельмі хацеў патрапіць на сцэну. Ён кайфаваў, калі на яе выходзіў. Ён хацеў прыцягваць да сябе ўвагу. Ён шмат песень сам спяваў. Дарэчы, і пра Лукашэнку таксама. Ён не такі і лаяльны. Магчыма, ён выдаліў увесь гэты архіў. Але можна пашукаць».

Комік прыгадвае, што з карʼерай на сцэне ў Мукавозчыка нічога не выходзіла: «Нармальным прэзідэнтам беларускага КВЗ ён так і не стаў. Пры ім беларускі КВЗ быў па сутнасці знішчаны. <…> Не магу на сто адсоткаў сказаць, але хадзілі чуткі, што ён быў не вельмі прыстойным чалавекам адносна грошай беларускага КВЗ».

Комік згадвае:

«Пасля першага беларускага канцэртнага туру мы вярнуліся і на ўсе грошы, што нам выплаціў Мукавозчык, купілі адзін кавун на ўсіх. У той жа час сабе ён набыў машыну».

На погляд Танковіча, Мукавозчык па жыцці няўдачнік:

«У яго была магчымасць стаць сапраўды крутым чалавекам, які б змог зрабіць не проста КВЗ як КВЗ, а нешта больш карыснае для моладзі, бо на той час гэта рэальна было магчымае. Ён мог бы стаць, каб сапраўды хацеў, крутым тэлевізійным вядучым. Але ў яго нічога не атрымалася. І тое, што ён робіць зараз, магчыма, на яго думку, гэта яго карʼера. Але я думаю, што гэта той выпадак, калі карʼера скончыцца трохі раней, чым ён плануе».

Матывацыя ў Мукавозчыка, па словах Танковіча, «вельмі простая — гэта грошы і жаданне быць уладным чалавекам, якога ўсе ведаюць, баяцца і паважаюць».

Што думае пра Галыгіна

Танковіч выказаўся пра беларускага коміка Вадзіма Галыгіна, які працуе ў Расіі. Ён лічыць, што ў таго ёсць магчымасці з'ехаць з Расіі, працягваць выступаць і ў той жа час акрэсліць сваю пазіцыю.

«Напэўна, яму так камфортней, прасцей, не трэба замарочвацца».

Танковіч ад некаторых калег па КВЗ атрымліваў паведамленні, што Буча — гэта пастаноўка. Ён расказвае, як капітан каманды КВЗ «Луна» Антон Маразенка, калі Танковіч расказаў яму, як сам сустрэў вайну ва Украіне, адказаў: не пераймайся, зараз прыедзем і вас выратуем.

Гумар у NEXTA і «Дызель-шоу»

Танковіч распавядае, што сам накіраваў сваё рэзюмэ на NEXTA:

«24 лютага (2022 года) мы выехалі ў бок Варшавы. Ехалі трое сутак. І звычайна ўвесь час я быў у тэлефоне. Праглядаў тэлеграм-каналы. На NEXTA я быў падпісаны яшчэ з 2020 года. І там была абвестка, што шукаюць вядучых, рэдактараў, мантажораў. Я разумеў, што зараз NEXTA будзе рабіць вельмі шмат працы ў сувязі з тым, што адбываецца ва Украіне. Я проста з тэлефона напісаў і адправіў рэзюмэ. І недзе праз тры тыдні я атрымаў паведамленне «Давайце паразмаўляем».

Танковіч адзначае, што яму вельмі камфортна працаваць з NEXTA, бо там ніхто не ўплывае на тое, што ён робіць, і пагаджаецца з меркаваннем, што гумар, які ён прадстаўляе ў NEXTА (праграма «А я сейчас вам покажу»), адрозніваецца ад гумару «Дызель-шоу». Першы варыянт яму больш падыходзіць:

«Тут усё зразумела. Таму што ўсё, што я раблю на NEXTA, я раблю самастойна. Гэта тое, што я хачу сказаць. У «Дызель-шоу» ёсць прадзюсер, людзі, якія прымаюць рашэнні. Там я акцёр, дапамагаю як сцэнарыст. Я магу адкрыта сказаць, што ёсць нумары, якія мне вельмі не падабаюцца. Але для мяне зараз, асабліва пасля 24-га [лютага 2022 года] стала вельмі важным, што мы можам у той жа час рабіць вельмі неабходныя нумары».

Чытайце яшчэ:

«Апошні дзень Лукашэнкі» — новае шоу 

Яўген Смарыгін: Мукавозчык вечна быў жлоб

Найлепшыя беларускія стэндаперы — хто яны?

Клас
44
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
6
Сумна
5
Абуральна
14

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?