Фота: facebook.com/skaryna

Фота: facebook.com/skaryna

1. 40 000 кніг

Першае і самае галоўнае: Скарынаўка — гэта найбуйнейшы беларускі кнігазбор у замежжы. Велічыня фонду бібліятэкі — больш за 40 тысяч кніг, старадрукаў і рукапісаў, а таксама больш за 200 найменняў падшывак перыёдыкі. Акрамя гэтага ў бібліятэцы захоўваюцца дзясяткі рэдкіх мапаў і нават цэлыя архівы, як асабістыя, гэтак і з дакументамі арганізацый беларускай дыяспары. Ёсць нават збор музычных запісаў на розных носьбітах.

Час стварэння некаторых рукапісаў сягае ў XV стагоддзе. Далёка не кожную кнігу з фонду Скарынаўкі можна спаткаць нават у самых буйных бібліятэках Беларусі, таму гэтыя ўнікальныя зборы беларусазнаўчай і беларускай эмігранцкай літаратуры вабяць даследчыкаў з усяго свету. У апошнія гады матэрыялы бібліятэкі пачалі актыўна алічбоўвацца, так што для тых, хто не аматар падарожнічаць ці мае цяжкасці з атрыманнем візы, усё толькі пачынаецца.

Фота: facebook.com/skaryna.

Фота: facebook.com/skaryna.

2. 1000 замежных даследчыкаў

Айцец Аляксандр Надсан (1926—2015), вядомы ўсяму беларускаму свету ў якасці апостальскага візітатара для беларусаў-каталікоў у замежжы, па-за душпастарскімі клопатамі кіраваў і апекаваўся «Скарынаўкай» ад пачатку 70-х да самай смерці. Ён жа спрабаваў весці ўлік замежных даследчыкаў беларушчыны і налічыў такіх за 40 гадоў больш за тысячу, з усіх кантынентаў. Сярод іх такія тытаны беларусістыкі, як Арнольд Макмілін, Гай Пікарда, Вера Рыч.

Фота: youtube.com/@francisskarynabelarusianli2019

Фота: youtube.com/@francisskarynabelarusianli2019

3. Святары-бібліяфілы

Леў Гарошка, Аляксандр Надсан, Ян Дамінік, 1970-ыя гады

Леў Гарошка, Аляксандр Надсан, Ян Дамінік, 1970-ыя гады

Святар-бібліятэкар для еўрапейскай традыцыі наогул не навіна, але «Скарынаўка» з’явілася ў другой палове XX стагоддзя, можа, таму колькасць духоўных асобаў, з якімі яна асацыюецца, з непрывыку ўражвае. Рэч у тым, што ідэя стварэння бібліятэкі якраз і ўзнікла ў трох святароў Беларускай каталіцкай місіі з гэтак званай «беларускай вёскі» ў раёне Фінчлі.

Кнігалюбства ўжо згаданага айца Аляксандра Надсана і ягоных паплечнікаў — біскупа Чэслава Сіповіча (ініцыятара і заснавальніка бібліятэкі) і айца Льва Гарошкі (пазней кіраўніка Беларускай секцыі радыё Ватыкана) — давяло іх да патрэбы знайсці памяшканне для сабраных кніжак, ладна ўпарадкаваць кнігазбор і зрабіць так, каб схаваныя на іх старонках веды служылі людзям, а не ляжалі марным друзам. Задача не такая простая — кнігазбор аднаго толькі айца Льва Гарошкі, прывезены ім з Парыжа, налічваў блізу 7 тысяч кніг.

Біскуп Чэслаў Сіповіч

Біскуп Чэслаў Сіповіч

4. Нядзельная школка ў беларускім квартале

Не спыняючыся падрабязна на ўплыве Беларускай каталіцкай місіі на жыццё беларускай дыяспары другой паловы XX стагоддзя, проста адзначым, што ёй у свой час належала ў квартале ажно тры будынкі, у адным з якіх месцілася беларуская школка-інтэрнат. Бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны — цяпер аўтаномная арганізацыя, але яна адраджае традыцыю і запрашае дзетак на заняткі ў нядзельнай школцы.

5. Знакамітая царква ў крокавай дасяжнасці

Знакамітая Беларуская царква ў гонар Кірылы Тураўскага, першая драўляная царква ў Лондане пасля пажару 1666 года, збудаваная ў 2017 годзе, знаходзіцца ў некалькіх кроках ад «Скарынаўкі». Можна зайсці і ўзнесці хвалу за атрыманыя веды пасля наведвання бібліятэкі, альбо папрасіць моцы на іх засваенне па дарозе ў чытальную залю. А можна і проста палюбавацца яскравым прыкладам сучаснага сакральнага будаўніцтва за аўтарствам захопленага беларускай культурай архітэктара Со Цзыўая, уганараванага шматлікімі прэміямі. Найлепей рабіць гэта цёмначы.

6. Турэмныя робы Ларысы Геніюш і Наталлі Хершэ

Паколькі бібліятэка нават паводле поўнай сваёй назвы яшчэ і музей, то яна, як і належыць, мае даволі стракатую экспазіцыю. Беларусы, эмігруючы з СССР, бралі з сабой, акрамя кніг, яшчэ і іншыя дарагія для сябе рэчы: іконы, ручнікі, даматканую тканіну, вышываныя кашулі, альбомы і крыжы, мастацкія карціны.

Частка экспанатаў музея прысвечаная палітычным рэпрэсіям у Беларусі. Раней ці не самым экзатычным з іх была лагерная роба Ларысы Геніюш, але, на жаль, калекцыя апошнім часам вельмі актыўна папаўняецца, і цяпер наведнікі могуць паглядзець яшчэ і на робу палітзняволенай за ўдзел у пратэстах 2020 года Наталлі Хершэ, а таксама на іншыя дакументы і рэчы палітзняволеных — сведчанне сумнай найноўшай гісторыі нашай краіны.

Фота: «Новы Час»

Фота: «Новы Час»

7. Арт-рэплікі

Беларуска-брытанскі рэжысёр Уладзімір Шчэрбань, натхніўшыся мастацкай часткай экспазіцыі, сумаваць не стаў, задумаў стварыць цэлую галерэю з арт-рэплік твораў са збораў «Скарынаўкі», і ўпарта гэтым займаецца.

Арт-рэпліка на гравюру «Гусляр» Барыса Заборава ў выкананні Уладзіміра Шчэрбаня. Фота: facebook.com/vladimir.shcherban

Арт-рэпліка на гравюру «Гусляр» Барыса Заборава ў выкананні Уладзіміра Шчэрбаня. Фота: facebook.com/vladimir.shcherban

8. Выдавецтва

Пры садзейнічанні бібліятэкі было створана выдавецтва «Skaryna Press». Летась выйшла з друку першая яго кніга — пераклад Уладзіслава Гарбацкага «Бейруцкіх апавяданняў» Агатангела Крымскага — класіка ўкраінскай літаратуры. Дырэктар выдавецтва Ігар Іваноў разам з перакладчыкам правёў з гэтай нагоды шмат імпрэзаў у розных гарадах Еўропы.

Выдавецтва «Skaryna Press» разам з бібліятэкай рыхтуе выданне матэрыялаў этнаграфічнай экспедыцыі Вацлава Ластоўскага 1928 г. і рукапіснага зборніка Ларысы Геніюш 1947 г.

Фота: budzma.org

Фота: budzma.org

Рэгулярныя канферэнцыі і лекцыі, літаратурныя імпрэзы і кніжны клуб, нядзельная школка і фальклорныя святы, правядзенне экскурсій і даследчыцкая праца, выдавецкая і бібліятэчная справа — будзённасць сённяшняй «Скарынаўкі». І кожнае з’яўленне ў прэсе дырэктара выдавецтва Ігара Іванова суправаджаецца прыемнымі сюрпрызамі і абяцаннямі пашырэння дзейнасці, якія ён нязменна выконвае.

Фота: youtube.com/@francisskarynabelarusianli2019

Фота: youtube.com/@francisskarynabelarusianli2019

Клас
32
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2