Фота: vecteezy

Фота: vecteezy

Баўленне часу перад экранам гаджэта прымушае нас адключацца ад навакольнага асяроддзя, што прыводзіць да рэальных залежнасцяў, якія часта патрабуюць умяшання спецыяліста ў галіне псіхічнага здароўя. Акрамя таго, гэта можа выклікаць нейракагнітыўныя абцяжаранні навучання на ранніх этапах фарміравання асобы ў дзяцінстве. Але, перш за ўсё, празмерны час, праведзены перад тэлевізарам, відэагульнямі, мабільнымі тэлефонамі і планшэтамі ў дзяцінстве і падлеткавым узросце, прыводзіць да сядзячага ладу жыцця. Фактычна ўжо даказаная сувязь паміж празмерным выкарыстаннем экранаў і павелічэннем сядзячага ладу жыцця сярод дзяцей.

Зараз можна дадаць новае вымярэнне да і без таго важкіх прычын абмежавання часу, што праводзіцца перад экранам. Згодна з новым даследаваннем, праведзеным University of Eastern Finland у горадзе Куапіё і прадстаўленым на кангрэсе Еўрапейскага таварыства кардыялогіі ў пачатку верасня 2023 года, дзеці, якія вядуць маларухомы лад жыцця, падвяргаюцца павышанай рызыцы захворвання на сардэчныя хваробы ў раннім дарослым узросце.

Іншымі словамі, недастатковая фізічная актыўнасць у маленстве цалкам можа стварыць глебу для сардэчных прыступаў і інсультаў у далейшым жыцці, нават калі вага і крывяны ціск знаходзяцца ў межах нормы.

Празмерны час перад экранам павялічвае вагу сэрца

Даследаванне прааналізавала сукупны ўплыў сядзячага ладу жыцця на сэрца, абапіраючыся на даныя даследавання «Дзеці 90-х». Гэта знакавае даследаванне некалькіх пакаленняў, унікальнае шырынёй і глыбінёй ахопу, якое адсочвала стан здароўя і лад жыцця 14500 дзяцей, якія нарадзіліся ў 1990 і 1991 гадах (55% складалі дзяўчаткі і 45% хлопчыкі).

Пра ход даследавання расказвае The Conversation. Дзяцей ва ўзросце 11 гадоў папрасілі насіць смарт-гадзіннік, які кантраляваў іх актыўнасць на працягу сямі дзён. Затым ва ўзросце 15 гадоў іх папрасілі паўтарыць гэта, а потым яшчэ раз у 24 гады. Паралельна быў зроблены рэхакардыяграфічны аналіз левага жалудачка сэрца кожнага паддоследнага ва ўзросце 17 і 24 гадоў, які затым быў скарэктаваны з улікам росту, полу, артэрыяльнага ціску, тлушчу ў целе, ужывання тытуню, фізічнай актыўнасці і нават сацыяльна-эканамічнага статусу.

Фота: vecteezy

Фота: vecteezy

Вынікі паказалі, што ва ўзросце 11 гадоў паддоследныя сядзелі ў сярэднім 362 хвіліны ў дзень. У падлеткавым узросце (15 гадоў) сядзенне павялічылася да 474 хвілін у дзень, а затым да 531 хвіліны ў дзень у дарослым узросце (24 гады). Час сядзячага ладу жыцця павялічыўся ў сярэднім на 2,8 гадзіны ў дзень за 13 гадоў даследавання. І, канешне, вялікая частка гэтага сядзячага часу была праведзена перад экранамі.

Найбольш сур'ёзным выявілася тое, што рэхакардыяграфія зарэгістравала павелічэнне масы сэрца ў маладых людзей, на што непасрэдна ўплываў час, праведзены ў сядзячым стане. Калі дзеці ўвайшлі ў дарослае жыццё, сядзячы лад жыцця павялічыў імавернасць сардэчных прыступаў і інсультаў. Прычым гэтая прамая залежнасць паміж назапашаным часам бяздзейнасці і пашкоджаннем сэрца не залежала ад масы цела і артэрыяльнага ціску.

Бацькам варта быць прыкладам для дзяцей

Зараз агульнавядома, што маларухомы лад жыцця павялічвае рызыку развіцця метабалічных захворванняў (такіх, як атлусценне і дыябет 2 тыпу), нейрадэгенератыўных і сардэчна-сасудзістых захворванняў у дарослых. Новае даследаванне паказвае, што сядзячы лад жыцця ў вельмі раннім узросце — асабліва неабмежаваны час перад экранам — можа прывесці да больш ранняга пачатку сардэчна-сасудзістых захворванняў у сталым узросце. Па гэтай прычыне вельмі важна, каб бацькі заахвочвалі дзяцей і падлеткаў больш рухацца, а таксама абмяжоўвалі час, які яны праводзяць за праглядам відэа, выкарыстаннем сацыяльных сетак і відэагульнямі. Лягчэй за ўсё гэта зрабіць, дэманструючы ўласны прыклад і праводзячы больш часу з малымі на свежым паветры ці займаючыся іншымі актыўнымі відамі адпачынку.

Даследчыкі прапануюць пашырыць спіс вядомых традыцыйных фактараў рызыкі для сардэчна-сасудзістых захворванняў (курэнне, дыябет, гіпертанія і г.д.), уключыўшы ў яго агульны час у сядзячым стане ў дзяцінстве.

Чытайце таксама:

Чаму «пазітыўнае выхаванне» павінна ўключаць у сябе таксама і пакаранне

Як правільна даваць грошы сваім дзецям?

«Праблема не ў гаджэтах, а ў тым, што вяртаецца прымусоўка». Бацькі і настаўнікі пра забарону тэлефонаў для школьнікаў

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1