Кадр з фільма «Радзіма»

Кадр з фільма «Радзіма»

IX кінафестываль «Паўночнае ззянне» пройдзе з 13 па 26 лістапада бясплатна ў online і па квітках offline ў Вільні і Таліне. З 2020 года праводзіцца таксама Беларускі конкурс. Сёлета на працягу кінафестывалю фільмы Беларускага конкурсу будзе глядзець міжнароднае журы, яно абярэ пераможцу. Упершыню за гісторыю кінафэсту пераможца Беларускага конкурсу атрымае грашовы прыз.

Беларускі конкурс сёлета складаецца з 12 фільмаў, да якіх прыкладаецца яшчэ два спецыяльныя паказы па-за конкурсам. У склад журы ўвайшлі ўкраінская прадзюсарка Дар'я Басель, беларускі рэжысёр Аляксей Палуян, дырэктар Еўрапейскага кінарынку Berlinale з Германіі Дэніс Ру.

Фільм, які заваюе Гран-пры, атрымае грашовы прыз у памеры 1200$, а тая стужка, якой сябры журы прысудзяць спецыяльны прыз, атрымае 800$.

Галоўная тэма кінафэсту сёлета — адлегласць. Што ў праграме?

«КУЛ (Навіны з Беларусі)»

2023, Беларусь

14/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

Зін, які сабраў разам навелы французскіх, рускіх, румынскіх, валійскіх, украінскіх і нямецкіх рэжысёраў і, вядома, беларускіх аўтараў. У аснове кожнага фільма альманаха ляжаць адборныя беларускія навіны, праз якія стваральнікі з дапамогай падручных сродкаў спрабуюць пераасэнсаваць «самую містычную краіну Еўропы» — Беларусь. І ўсё гэта з лёгкай падачы выдатніка здымак кіно без бюджэту, сузаснавальніка кірунку «Беларускае скончанае кіно», рэжысёра Мікіты Лаўрэцкага. Чаго чакаць? Гісторыі пра тэлефонных зладзюжак, пра самы маленькі замак на свеце, тыкток-буслоў і процьму ахвяр эпідэміі дэпрэсіі.

«Радзіма»

2023, Швецыя, Украіна, Нарвегія

15/11/23, 18:15 — Талін, к/т Apollo Kino Solaris, 1. Saku saal 

23/11/23, 17:30 — Вільня, к/т Skalvija

«Радзіма» — маштабны дакументальны фільм, які выходзіць далёка за межы краіны і аналізуе постсавецкі стан з пункту гледжання моладзі. З дапамогай асабістага і прафесійнага досведу рэжысёр Аляксандр Міхалковіч і рэжысёрка і журналістка Ганна Бадзяка падкрэсліваюць прычыны і наступствы шматгадовай «традыцыі» жорсткага цкавання, катаванняў і забойстваў як інструмента кантролю над беларускімі прызыўнікамі. Аўтары паказваюць неспакой сучаснай Беларусі праз непасрэдны досвед маці і навабранцаў, што пераплятаецца з жывымі галасамі іх папярэднікаў, узятымі з лістоў дадому.

«У жывым эфіры»

2022, Польшча

17/11/23, 16:45 — Талін, к/т Kino Sõprus

21/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны толькі на тэрыторыі Беларусі)

Кароткаметражны фільм рэжысёркі Мары Тамковіч, натхнёны ўчынкам Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, расказвае гісторыю затрымання журналістак «Белсата» падчас іх стрыму з «плошчы Перамен» у 2020 годзе. Стужка ўжо неаднаразова была адзначаная ўзнагародамі на міжнародных кінафестывалях.

«Калыханка»

2023, Польшча, Саудаўская Аравія

17/11/23, 16:45 — Талін, к/т Kino Sõprus

22/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ўсюды, акрамя тэрыторыі Беларусі)

Апісанне сюжэта «Калыханкі» можна змясціць у адзін сказ: аднойчы вечарам малады чалавек упадае ў дэпрэсіўны стан. Аднак, як гэта бывае ў анімацыйных фільмах, сюжэт не асноўнае. «Калыханка» — не наратыўная мастацкая гісторыя, якая паказвае гледачу прыгажосць змрочных настрояў. Па словах аўтара, гэты твор «стаў своеасаблівай рэфлексіяй, якая дазваляе адпусціць эмоцыі ад усіх страшных падзей апошніх трох гадоў. Гісторыя пра змрочны момант душы, які канчаткова змяняе лёс чалавека».

«Усё добра. Я сплю»

2023, ЗША

17/11/23, 16:45 — Талін, к/т Kino Sõprus

25/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

Пасля падзей 2020 года «неабыякавыя» грамадзяне пачалі паведамляць у міліцыю пра выпадковых незнаёмцаў, сваіх калег, сяброў і нават сваякоў — тых, хто ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, або тых, хто проста публічна выказваў сваё меркаванне. Што падштурхнула гэтых людзей да такіх званкоў? Хто гэтыя людзі? Як яны жывуць сёння? Ананімны рэжысёр з Беларусі вырашыў паразмаўляць з імі і высветліць гэтыя пытанні ў дакументальным фільме «Усё добра. Я сплю».

«Ператрымка»

2022, Польшча

17/11/23, 16:45 — Талін, к/т Kino Sõprus

«Ператрымка» — адзін з эпізодаў серыяла «Працэсы», створанага тэлеканалам «Белсат». Па сюжэце «Ператрымкі», амапавец затрымлівае некалькі чалавек падчас антываеннай акцыі, але ў турме яму паведамляюць, што ў камерах больш няма месца. Яму нічога не застаецца, апрача як забраць вязняў адбываць 15 дзён арышту да сябе дадому. Гратэскная камедыя пра абсурднасць беларускай рэчаіснасці. 

«Ястраб памерам з каня»

2022, Францыя

18/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

24/11/23, 17:30 — Вільня, к/т Skalvija

Гісторыя пра арніталагіню Лідзію, якая раней была Сяргеем. Яна дае прыватныя ўрокі біялогіі, працуе на кампанію, якая прадухіляе сутыкненні птушак з самалётамі, а паралельна будуе ў Шчарбінцы чорны вігвам з «Твін Пікс». Рэжысёрка фільма Саша Кулак, аўтарка «Саламанкі», «Хронікаў ртуці» і «Мары», суправаджае гледача голасам па дакументальным апавяданні да таго часу, пакуль сама не становіцца персанажам у гэтым унікальным кінематаграфічным досведзе.

«Чатыры колы далей ад цэнтра»

2023, Беларусь

18/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

24/11/23, 17:30 — Вільня, к/т Skalvija

Дакументальны партрэт мінскай мастачкі Марыны Капілавай у адсутнасці дыстанцыі. Чацвёра, якія асабіста ведаюць Марыну, паведамляюць, што яны думаюць пра яе. Гэтыя людзі і ёсць чатыры колы фільма — сябры, калегі ды суседка ў двары. Фільм рэжысёркі Лены Ле дае магчымасць з аскепкаў меркаванняў сабраць сваё цэлае. 

«Смеццевая галава»

2022, Беларусь

19/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

Меланхалічны індзі-хорар пра злую іронію лёсу і сілу жадання. Рэжысёр Юры Сямашка ў сваім ігравым фільме-прытчы расказвае гісторыю рэжысёра-пачаткоўца, які працуе зборшчыкам смецця. Аднойчы ён знаходзіць сярод смецця чароўную бутафорскую галаву і забірае яе дадому. Тым жа вечарам галава ажывае і прапануе Юру выканаць любое яго жаданне.

«Котка»

2023, Беларусь

19/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

Ната Карнеева пасля анімацыйнага фільма Shirey Mara, які быў у праграме «Паўночнага ззяння» летась, працягвае даследаваць ужо ў ігравой кароткаметражнай стужцы страту каханага чалавека. Толькі гэтым разам страта іншага роду — гэта расстанне. Разбітая разрывам з каханым, Ганна ў роспачы спальвае макет дома, прызначанага для іх абаіх, прытуляе ў сябе сляпога змучанага ката і спрабуе заглушыць боль страты наркатычным трыпам.

«Дзённік Анастасіі»

2022, Польшча

21/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

24/11/23, 17:30 — Вільня, к/т Skalvija

Дакументальная споведзь беларускай мастачкі Анастасіі Рыдлеўскай. У сваіх яркіх працах яна закранае важныя тэмы, пра якія мала гавораць: ментальнае здароўе, небінарнасць. Анастасія з мужам Аляксеем пакінулі Беларусь праз палітычныя рэпрэсіі. Штодня яны сутыкаюцца з цяжкасцямі эміграцыі, але, нягледзячы ні на што, захоўваюць сваё каханне і сваю вялікую мару. А фільммэйкер Максім Буйніцкі фіксуе гэты цярністы шлях.

«Мяцеліца»

2023, Беларусь

22/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

«Мяцеліца» — гэта тры хвіліны медытатыўнай паэтычнай анімацыі, якая злучае ў сабе быццам усе адценні белага. Карціна створаная паводле твора «Мяцеліца» Канстанцыi Буйло. «І куды я загублена еду, без пуці, без напрамку, без следу?!» — адлюстроўвае ў сваёй анімацыі словы беларускай паэткі рэжысёрка Лізавета Багатка.

«Беларусь. OST»

2022, Беларусь

25/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

Фільм змяшчае гукавыя дарожкі з аматарскіх відэа, знятых падчас пратэстаў 2020 года: гукі збіцця, вячэра на кухні са стральбой за акном, цяжкае дыханне тых, хто ўцякае, усхліпы чалавека, які здымае з балкона. Візуальны рад фільма — запіс з камеры відэаназірання ў Мінску. На экране нічога не адбываецца, проста плошча і людзі, але гукі, якія чуваць, сведчаць, што іх жыццё ўжо зусім не нармальнае. Гэты від з камеры відэаназірання выглядае амаль як від з камеры турмы — той жа ракурс, тыя ж шэрыя колеры, тая ж фактура і тыя ж фігуры ўнізе. 

«Патрыятычнае практыкаванне»

2023, Польшча

«Патрыятычнае практыкаванне» — адзін з чатырох эпізодаў серыяла «Працэсы» рэжысёра Андрэя Кашперскага. У гэтым эпізодзе інтрыгуючая завязка: малодшыя школьнікі атрымліваюць залаты квіток на экскурсію ў чароўны будынак КДБ. Як тлумачаць стваральнікі серыяла, у першым сезоне, які з'явіцца на канале «Белсат» у снежні, яны паспрабавалі «зайсці на тэрыторыю зла» і паказаць тое, што адбывалася (і адбываецца) з Беларуссю пасля 2020 года «вачыма антыгерояў» — амапаўца, супрацоўніка КДБ, чыноўніка і ябацькі.

Фільмы Беларускага конкурсу «Паўночнае ззянне» можна будзе часткова паглядзець online згодна з раскладам ці пабачыць offline ў кінатэатрах у Вільні і Таліне. Уся online-праграма будзе даступная бясплатна па папярэдняй рэгістрацыі (калі вы раней не рэгістраваліся на платформе кінафестывалю). 

Клас
12
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2