СІЗА КДБ. Скрыншот з прапагандысцкага фільма

СІЗА КДБ. Скрыншот з прапагандысцкага фільма

«Заўсёды былі перапоўненыя камеры»

Паводле былога палітвязня, у СІЗА КДБ агулам 18 камер, у якіх утрымліваюцца вязні.

«Звычайна туда садзяць людзей, якія праходзяць па гучных палітычных справах, топ-менеджараў, чыноўнікаў. З размоў са сваім следчым я зразумеў, што яны [супрацоўнікі КДБ] сябе лічаць самымі прасунутымі ва ўмовах утрымання ў параўнанні з іншымі СІЗА. Гэта абумоўлена ў тым ліку багатым тэхнічным абсталяваннем. Наогул КДБ лічыцца «элітай» — пад іх ведамствам знаходзяцца самыя складаныя справы, і яны таксама прасунутыя ў следчых дзеяннях».

Былы палітвязень узгадвае, што яму было не страшна патрапіць у СІЗА КДБ, а хутчэй цікава. Ён гэта звязвае з тым, што яго затрыманне праходзіла спакойна:

«Дзвярэй ніхто не ламаў, проста пазванілі — мы адчынілі. Я не адчуваў ніякіх пагроз. Таму мне гэта ўсё было больш цікава — я ўспрымаў гэта як новы досвед. Мяне раней неаднаразова затрымлівалі, і я пабываў у розных ізалятарах. Таму цікава было паглядзець месца знутры, дзе шмат хто ўжо пабываў да мяне».

За час знаходжання ў СІЗА КДБ былы палітвязень змяніў некалькі камер.

«У першай камеры было тры месцы, але там я быў чацвёртым. У СІЗА КДБ часта навічкі павінны былі класціся на падлогу з тапчаном — збітым драўляным паддонам, — пакуль не вызваліцца месца. Гэта быў ужо нібыта рытуал. У СІЗА КДБ заўсёды былі перапоўненыя камеры. Было і пяць чалавек у трохмеснай камеры».

«Калі да нашага шпацыру пачнецца дождж, то нас усё роўна пагоняць туды»

Былы палітвязень кажа, што ўмовы ўтрымання ў СІЗА КДБ нашмат лепшыя, чым, напрыклад, у СІЗА-1.

«Ежа там сапраўды добрая. Гэта савецкая звычка засталася — ежа па ДАСТу. Без перадач там можна выжыць, хоць усё і прыядаецца. Пры гэтым там недахоп малочкі, свежай садавіны і гародніны, таму вельмі патрэбная вітамінная перадача. Але з рыбай праблем там няма! Штовечар нам давалі рыбу — салёнага селядца з варанымі буракамі ці бульбай.

Але ў адрозненне ад «Валадаркі», у СІЗА КДБ можна перадаваць прыгатаваную ежу, а таксама ваду. Вялікім попытам і папулярнасцю карысталіся сырнікі, бо вельмі не хапала кальцыю. Сваякам я пісаў, каб перадавалі якія-небудзь дранічкі, а яны рабілі мне гэткія дранічкі з мясам — калдуны. Праблем з ежай у мяне там не было».

Пры закрытай фортцы ў камеры на сценцы збіраўся кандэнсат, які правакаваў з'яўленне плесні і грыбка, узгадвае былы палітвязень. Пры адчыненай фортцы ў камеры было холадна настолькі, што зімой трэба было апранаць вопратку. 

«Гэта адбывалася ў халодную пару года. Заўсёды была дылема: або моцна мерзнуць з адчыненай форткай, або зачыніць фортку і зарабляць сабе сухоты. Батарэі пры гэтым не ратавалі. У цёплую пару года там невыносна горача і душна. Нават у +25 у камеры было душна. Я ўжо не кажу пра тэмпературу +30. Нават доўгачаканая ноч не прыносіла прахалоды, бо вокны знаходзіліся высока над зямлёю, а тоўстыя сцены доўга астывалі. Мая пасцель у такія дні заўсёды была мокрай ад поту.

У маёй першай камеры стаяў унітаз — гэта была раскоша. У дзвюх наступных яго не было. Наогул толькі ў 1/3 камер ёсць унітазы, у астатніх — вёдры. Гэта робяць для таго, каб у вязняў з розных камер не было сувязі паміж сабой. Вядро, якое стаіць замест унітаза, выносіцца два разы на дзень».

Агулам шэсць дворыкаў для шпацыру. Зняволеных СІЗА КДБ выводзяць на шпацыр у тры змены. Шпацыры ў першую і другую змены доўжацца паўтары гадзіны, а ў трэцюю — каля гадзіны. На ранішнім абыходзе супрацоўнік пытаецца пра просьбы і пытанні ў вязняў.

«Раніцай пытаюцца, ці пойдзем мы на шпацыр. Потым адмовіцца ўжо немагчыма, калі ўжо з раніцы заявілі, што камера пойдзе на шпацыр. Таму дождж для нас быў праблемай. Калі да нашага шпацыру пачнецца дождж, то нас усё роўна пагоняць туды, бо раніцай мы ж прасілі. У дворыку для шпацыру ёсць навесік, але пад яго ўсё роўна ўсе не змяшчаюцца. Разы два я там вымакаў цалкам. А ў камеры ж нельга сушыць рэчы…»

«Перад тым, як супрацоўнікі КДБ затрымаюць чалавека, яны вельмі доўга збіраюць пра яго інфармацыю» 

Былы палітвязень адзначае, што ціск падчас зняволення ў СІЗА КДБ прысутнічае ўвесь час. 

«Націснуць на чалавека там можна рознымі спосабамі. Гэта выяўляецца ў дробязях: апошнімі выводзяць на шпацыр ці ў лазню, не выдаюць бялізны, змяшчаюць у камеру з дрэннымі ўмовамі без унітаза і з плесняй, даюць дрэнную характарыстыку для суда, выводзяць з камеры і не даюць спаць, выводзяць на ноч у прыбіральню ў калідоры. Таксама спосабы ціску шукаюць супрацоўнікі КДБ, напрыклад, выклікаюць на допыты сваякоў і блізкіх людзей, трымаючы ў СІЗА трое сутак і паведамляючы пра гэта вязню ці «выпадкова» перасякаючы іх у калідорах КДБ. Са мной таксама такое было. І гэта самае балючае.

Перад тым, як супрацоўнікі КДБ затрымаюць чалавека, яны вельмі доўга збіраюць пра яго інфармацыю: капаюцца ў яго жыцці, ведаюць усе важныя даты для чалавека, вывучаюць, хто з кім у якіх стасунках.

Звычайна шантажуюць тым, што пасадзяць родных ці людзей, якіх ты лічыш блізкімі. Напярэдадні затрымання я вельмі моцна пасварыўся са сваёй сяброўкай — ніколі такога не было. Я збіраўся ісці да яе мірыцца, але мяне затрымалі. Праз некалькі дзён у яе, а таксама ў маіх бацькоў былі дні народзінаў. Кадэбэшнікі ведаюць усе гэтыя даты. Або калі ты мусіш ляцець у падарожжа — у гэтым выпадку могуць затрымаць за дзень ці калі ты набыў квіткі ўжо. Шмат людзей распавядалі там, што іх затрымлівалі напярэдадні важных мерапрыемстваў, напрыклад, перад гадавінай вяселля, перад адпачынкам з сям'ёй ці ў дзень народзінаў чалавека.

Гэта ўсё робіцца, каб было маральна цяжэй. Людзі перажываюць у такіх выпадках, могуць пачаць прасіць у іх штосьці, а кадэбэшнікі гэтым маніпулююць. Таксама яны могуць доўга «марозіць» лісты напачатку. Гэта жахліва, калі ты не ведаеш, што адбываецца на волі з тваімі блізкімі. Вельмі важна, наколькі хутка прыйдзе першы ліст. Бывала, што людзі месяцамі не ведалі, што адбываецца».

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
19