Дэдлайн падачы заявак — 13 лістапада 2023 года.

Старт рэалізацыі праектаў — не раней за 1 лютага 2024 года. 

Максімальны магчымы тэрмін завяршэння праекта — 1 лістапада 2024 года. 

Вынікі колу будуць вядомыя ў студзені 2024 года. 

«Мы вельмі ўсцешаныя тым, што маем магчымасць падтрымаць найлепшыя культурніцкія праекты праз чарговы call for applications. Усведамляючы актуальнасць і відавочны рост попыту на падтрыманне беларускай культуры, мы бачым вялікую каштоўнасць як у прасоўванні аўтэнтычных нацыянальных праектаў, гэтак і ў спрыянні міжнародным творчым калабарацыям — найперш з культурніцкімі дзеячамі краінаў Балтыі і Паўночнай Еўропы. Мы спадзяёмся, што гэтая праграма будзе надалей спрыяць нараджэнню новых і ўдасканаленню ўжо існых праектаў. Мы заўсёды адкрытыя для супрацы на падмурку нашых агульных дэмакратычных каштоўнасцяў», — падкрэслівае рэгіянальная дырэктарка Дацкага інстытуту культуры ў краінах Балтыі і рэгіёне Балтыйскага мора Лізавета Дубінка-Гушча.

Беларускія творцы ў межах гэтага туру могуць прэтэндаваць на тры варыянты падтрымання:

— мідзі-гранты: ад 5000 да 60 000 еўра; 

— міні-гранты: ад 1000 да 5000 еўра;

— гранты мабільнасці на паездкі, неабходныя для працы, навучання, даследаванняў, абмену досведам і прэзентацыі сваёй працы: сярэдняя сума — 2000 еўра. 

«Гэта конкурс не для тых, хто выехаў. І не конкурс для тых, хто застаўся. Нам падаюць заяўкі творцы як у Беларусі, гэтак і за мяжой, а таксама міксаваныя і мабільныя каманды беларусаў з розных краінаў. І кожная заяўка мае каштоўнасць. Спадзяёмся, што прыблізна такая прапорцыя захаваецца надалей, бо ўсе мы працуем у адной культурнай прасторы на карысць сваёй Айчыны», — адзначае кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.

Што адбываецца з заяўкамі, пададзенымі на конкурс? 

На этапе прыёму з заяўкамі працуюць грант-менеджары Рэсурснага цэнтра Беларускай Рады культуры, якія сочаць найперш за правільнасцю запаўнення формаў. 

Потым кожную заяўку ацэньваюць па два беларускія эксперты, якія выстаўляюць балы паводле пяці асноўных крытэраў:

  • 1) адпаведнасць і актуальнасць,
    2) якасць кантэнту і дзейнасці;
    3) ахоп і распаўсюд,
    4) якасць менеджменту і фінансавы патэнцыял выканання праекту
    5) ацэнка рызык. 

Фінальнае рашэнне — падтрымаць праект ці не — прымае адборачны камітэт, які складаецца з трох прадстаўнікоў Дацкага інстытуту культуры, двух прадстаўнікоў Беларускай Рады культуры і запрошанага эксперта. Гэта Стэфан Эрыксан, былы амбасадар Швецыі ў Беларусі. 

Увага! На мідзі– і міні-гранты прымаюцца заяўкі як ад прыватных асобаў (адной ці некалькіх), гэтак і юрыдычных. Аднак у выпадку з мідзі-грантамі пералік сродкаў на рэалізацыю праекту можа быць зроблены выключна на рахунак юрыдычнай асобы (фірма, НДА, арганізацыі і юрыдычныя асобы іншага тыпу). З рахунку такога тыпу мусіць таксама весціся фінансавае адміністраванне праекту. Сам заяўнік (група) не абавязкова мусіць быць уладальнікам юрыдычнай асобы, але яшчэ на этапе падавання заяўкі варта прадугледзець такое партнёрства. 

Падрабязней — у раздзеле FAQ. Там жа знойдзеце адказы на шмат якія іншыя частыя пытанні.

Не ўсё ясна? Скіруйце запыт у лісце на адрас: [email protected].

Пытанні грант-менеджарам і каардынатарам праекту можна задаць таксама падчас адной з дзвюх інфасесіяў. 

ArtPower Belarus — маштабная праграма падтрымання беларускай культуры. Яе рэалізуюць Беларуская рада культуры і Дацкі інстытут культуры пры фінансавым спрыянні Еўрасаюзу. Распачалася ў кастрычніку 2022 года і будзе доўжыцца да лютага 2025 года. Галоўная мэта ArtPower Belarus — спрыяць свабоднаму самавыяўленню беларускіх дзеячаў мастацтва і культуры ў рэалізацыі іхных творчых праектаў.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0