Валерый Сахашчык Валерий Сахащик Valery Sakhashchik

Валерый Сахашчык адчувае сябе абсалютна шчаслівым мужчынам. Скрыншот відэа TOK_talk / YouTube

Валерый Сахашчык — шматдзетны бацька. У яго пяцёра дзяцей. Два старэйшыя сыны працуюць у Польшчы ў адным бізнэсе з ім. Малодшы сын служыць у польскай арміі.

«Ён знайшоў сабе вельмі цікавую прафесію - вадалаз-выратавальнік. Ёсць шмат спецыяльнасцяў, якія ён асвоіў. І яму вельмі падабаецца калектыў і работа. На маё пытанне, чаму флот, ён адказаў: «Баця, ну ты ж таксама дэсантнікам першым у нашым родзе быў. Ну а я гэта паспрабую», — распавядае Сахашчык.

Валерый Сахашчык пракаментаваў інфармацыю пра аднаго з сыноў, які быў афіцэрам у беларускім войску, але пазней пераехаў у Польшчу.

«Рашэнне было складаным. Ён служыў на вельмі добрай пасадзе ў камандаванні сіл спецыяльных аперацый Беларусі і вымушаны быў сысці, бо яго спрабавалі арыштаваць пасля таго, як я проста выступіў супраць вайны. У мяне не было ніякай далёкасяжнай мэты.

Я проста як грамадзянін сваёй краіны выказаў сваё меркаванне, што я супраць вайны Расіі супраць Украіны і супраць удзелу ў гэтай вайне Беларусі. Але мяне пасля гэтага прызначылі ворагам, злачынцам, завялі крымінальныя справы. І вымусілі майго сына сыходзіць. Інакш бы яго арыштавалі. Цяпер ён знаходзіцца ў іншай краіне».

Акрамя трох сыноў, у Валерыя Сахашчыка дзве дачкі. Старэйшая вучыцца ва ўніверсітэце на выпускным курсе. Малодшай хутка будзе пяць гадоў.

Сахашчык з усмешкай адзначае, што малодшая дачка яго «поўнасцю перарабіла»:

«Я стаў бездапаможным, да крыўднага добрым. Я не магу да яе ўжыць нічога з таго дыяпазону мер уздзеяння, якія прывык ужываць адносна людзей у цэлым і да дзяцей у прыватнасці. Я шчаслівы, што ў мяне ёсць гэты скарб, гэта стварэнне».

Сахашчык меў тры шлюбы і адзначае, што вельмі ўдзячны сваёй жонцы, якая «пераносіць усе нагрузкі, якія выпалі на яе долю ў сувязі з тым, чым я цяпер займаюся, і пры гэтым можа мяне любіць і захоўваць цудоўную атмасферу ў сямʼі».

Валерый адзначае, што ніколі сабе не дазволіць здрадзіць ці падмануць сваю жонку і адзначае:

«Я на самой справе вельмі моцна ўдзячны Богу і лёсу, што мне сустрэлася такая жанчына. Я адчуваю сябе абсалютна шчаслівым мужчынам».

Пра сустрэчу з будучай жонкай

Валерый прыгадвае, як сустрэўся са сваёй будучай жонкай:

«Я быў у камандзіроўцы ў Кеніі. Будаваў абʼект. Я глядзеў навіны на TUT.by. Пабачыў там ярлычок «Знаёмствы. TUT.by», адкрыў. Мне спадабалася яе фатаграфія. І я напісаў. Яна адказала. Потым аказалася, што нашы дзеці ходзяць у адзін клас.

Я даўно жыў у Паўднёвым. І мой малодшы сын хадзіў у гэтую школу. А яна пераехала з іншага раёна толькі да нас. Таму мы яшчэ не сустракаліся ні на бацькоўскім сходзе, ні дзесьці ў іншым месцы.

Хаця сын мне паспеў расказаць, што ў класе зʼявілася вельмі цікавая дзяўчынка. Калі мы пазнаёміліся, аказалася, што дзеці ў адным класе. У першыя выходныя мы паехалі ў Мірскі замак з дзецьмі. Усе былі шчаслівыя. Усім вельмі спадабалася. Другія выходныя ў Дудуткі. Трэція — у Гродна.

Калі я паглядзеў, якая хімія ўзнікла ў нашым калектыве, у нашай бандзе, я вырашыў не выпрабоўваць лёс, не зацягваць і вельмі хутка зрабіў прапанову і ажаніўся».

Валерый Сахашчык лічыць, што для шчаслівай сямʼі важныя сумленнасць і прыстойнасць у адносінах. І адзначае, што ў яго сямʼі цудоўныя адносіны.

«Мы сапраўды каманда. Мы дапамагаем, падтрымліваем адзін аднаго. Я вельмі ўдзячны сваёй старэйшай дачцэ. Яна мне вельмі добра дапамагае з нейкімі перакладамі выступаў. Трэніруе мяне нешта агучваць на англійскай мове. Прычым яна ў адрозненне ад усіх астатніх не баіцца мне рабіць заўвагі і нават мяне жорстка прэсаваць за няправільную інтанацыю, няправільнае вымаўленне. Гэта цудоўна. Усе дзеці розныя, але гэта здорава. І здорава, што ўсе яны ёсць».

Глядзіце цалкам:

Чытайце таксама:

«Колькасць нічога не вызначае». Сахашчык выключыў сцэнар грамадзянскай вайны

Сахашчык расказаў, ці спрабавалі яго атруціць і якія дакументы скралі з яго машыны ў Чэхіі

Сахашчык — пра Залужнага, Хрэніна, Пракоп’ева і пра тое, як ледзь не загінуў пад «Іскандэрам». Новы «Ток»

Клас
20
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?