бар

Артыкул Ірыны Арахоўскай з'явіўся на старонках рэгіянальнага штотыднёвага дадатку да Wyborczej.

Варшаўскі бар «Карма» не мае шыльды, і, паводле слоў аўтаркі артыкула, ён практычна такі самы, які быў у Мінску. Вокны і дзверы заклееныя стыкер-артам. А насупраць — мурал з Алесем Пушкіным. Спачатку ён зʼявіўся як жэст салідарнасці, а цяпер стаў таксама месцам жалобы і памяці аб беларускім палітычным вязню.

У бары звычайна шмат наведвальнікаў, да якіх бармены звяртаюцца на «ты». Тут можна сустрэць каго заўгодна — праграмістаў, мастакоў, менеджараў, якія завязваюць творчыя і дзелавыя кантакты. У бары збіраюцца грошы на дапамогу для Украіны і выступаюць музыкі.

Калі для Еўропы такія месцы з хіпстарамі, графіці і стыкер-артам — звычайная зʼява, то ў Мінску, як сцвярджае аўтарка, ён вельмі выдзяляўся сярод ідэальна чыстых вуліц у цэнтры (на вул. Камсамольскай — рэд.).

Гісторыя Глеба

Глеб — невысокі хлопец з доўгаю барадою і з вялікай колькасцю татуіровак. Разам з ім у размове бярэ ўдзел невысокая дзяўчына з ружовымі валасамі. Хлопец звяртаецца да яе пяшчотна «Юлечка».

Бацька Глеба — прыватны прадпрымальнік, а маці — настаўніца. Ён нарадзіўся ў Гомелі ў межах Чарнобыльскай зоны. У дзяцінстве па праграме аздараўлення дзяцей з зоны заражэння ён наведаў шмат еўрапейскіх краін. Падчас знаходжання за мяжою Глеб вывучыў нямецкую і французскую мовы.

Хлопец адзначае, што ў іх доме «на сняданне заўсёды была рыба найлепшых гатункаў». Каб так было, бацька павінен быў шмат працаваць. А як выпіваў пару кілішкаў, то праклінаў Лукашэнку. Ён заўсёды казаў, што яны павінны зʼехаць з краіны.

Але з сямʼёю, па словах Глеба, ён меў хутчэй слабую сувязь. Больш падтрымкі знаходзіў у іншым месцы.

«Я марыў стаць барменам. Палітыкі для мяне не існавала. А людзі, якія размаўлялі па-беларуску, былі для мяне «вяскоўцамі з калгаса», — цытуе аўтарка словы хлопца.

Усё змянілася, калі ў 2016 годзе ў Кіеве быў забіты беларускі незалежны журналіст Павел Шарамет.

«Я нават не ведаў, кім быў гэты Павел Шарамет. Але калі праходзіў недалёка ад месца ў Мінску, дзе праходзіла акцыя ў яго памяць, то мяне затрымалі сілавікі. Я адчуў абсалютную бездапаможнасць, але расцаніў гэта як выпадковасць. Роўна праз два тыдні на вакзале мяне зноў затрымалі. Тады ўжо зразумеў — гэта такая сістэма», — перадае словы Глеба аўтарка артыкула.

Гісторыя бара

9 жніўня 2020 года ў бары «Карма» ў Мінску людзі пілі піва і ў напружанні чакалі вынікаў выбараў. Інтэрнэт ужо пачалі глушыць, але ў бары з невядомай прычыны ён яшчэ працаваў, і туды забягалі журналісты, каб выслаць матэрыялы ў рэдакцыі.

Як згадвае Глеб, у бар забегла дзяўчына, перад якой узарвалася святлошумавая граната. Работнікі яшчэ напярэдадні купілі бінт і ёд, але не думалі, што іх давядзецца ўжыць. Гэта было зроблена хутчэй «для жарту».

Нечакана супрацоўнікі бара заўважылі, што праз вуліцу бягуць людзі. У бары апусцілі ралеты. У бар набілася каля 100 чалавек на 50 метраў плошчы. Не хапала паветра. У дзверы грукалі сілавікі і патрабавалі адчыніць.

«Зачыніцца было найлепшым рашэннем. Суседні бар не закрылі, і там пабілі і затрымалі як удзельнікаў акцый, так і супрацоўнікаў», — згадвае Глеб.

А на наступны дзень пасля выбараў, у дзень сваіх народзінаў, хлопец зразумеў, куды будзе далей рухацца.

«З гукамі выбухаў гранат у фонавым рэжыме на мяне сышло прасвятленне. З маіх малых вольных ідэй пачалася складацца дарога. Я зразумеў, што буду рабіць далей, адкуль вазьму грошы і як зраблю візу, у які горад паеду. Дастаткова было высунуць нагу, як крок з адказам сам атрымаўся. Я ўбачыў новыя магчымасці і рушыў у дарогу. А выязджаючы, адразу зразумеў, што ні за што на свеце ніколі больш не вярнуся да той паранойі», — згадвае Глеб.

Хлопец выехаў у Польшчу з жонкаю і васьмю тысячамі даляраў у кішэні. Але грошы хутка скончыліся, а жонка пакінула яго. На шчасце, знайшоўся знаёмы, які быў гатовы адкрыць з ім бар у Кіеве. Глеб знайшоў яшчэ дзесяць чалавек, якія пагадзіліся інвеставаць па 5 тысяч даляраў, за што атрымалі 5% долі ў бізнэсе.

Такім чынам, у 2021 годзе «Карма» адкрылася ў Кіеве. Тут зʼявілася Юлія. Нейкім вечарам яна прыйшла з калегамі-беларусамі ў бар.

Гісторыя Юліі

Як піша аўтарка, Юлія размаўляе вельмі ціха. А яе мова багатая на прыгожыя словы і звароты. У Юліі расійскі пашпарт. Сама яна з Саратава. Яе бацька працуе журналістам і прыехаў у Расію з Украіны.

Дзяўчына вывучала англійскую філалогію і любіць Дастаеўскага, хаця мае праблему з акцэптацыяй яго ідэі.

«З Пуціным мы ўжо шмат гадоў, таму адносіны маіх бацькоў да яго змяніліся. У параўнанні з пачаткам 2000-х пазней наступіла досыць істотнае расчараванне. У 2011 годзе, пасля выбараў у Дзяржаўную думу, я пачала хадзіць на пратэсты апазіцыі ў Саратаве», — распавядае Юлія.

У 2021 годзе дзяўчына прыехала ва Украіну ў камандзіроўку на тры месяцы і вырашыла там застацца. Яна запусціла новы медыяпраект і працавала ў ім як галоўны рэдактар. Адначасова Юлія пачала працэс легалізацыі побыту на падставе паходжання бацькі. Па словах дзяўчыны, на яе рашэнне застацца ў Кіеве ўплыў аказала і знаёмства з Глебам.

23 лютага 2022 года пазваніў знаёмы Глеба і сказаў, што пачнецца вайна. Юля спытала: «Ты ў гэта верыш?» — і лягла спаць. А Глеб, замест таго каб спаць, рыхтаваў машыну да эвакуацыі.

Па прыездзе ў Варшаву Юля не змагла далей пісаць пра новыя тэхналогіі, бо ёй здавалася, што гэта не да месца ў час вайны. Дзяўчына пачала дапамагаць Глебу ў «Карме» і працаваць як валанцёрка для Украіны.

Аўтарка артыкула адзначае, што ў сувязі з тым, што з расійскім пашпартам легалізаваць знаходжанне ў Еўропе вельмі складана, дзяўчына падала дакументы на міжнародную абарону.

Стары бар на новым месцы

Глеб згадвае: «Мы чарговы раз прыехалі ў Польшчу, у Варшаву. Тыдзень адпачылі і пачалі працу над адкрыццём чарговага бара. На адкрыцці было 600 чалавек — амаль усе беларусы. Цяпер усё больш украінцаў і іншых замежнікаў. Каго тут можна сустрэць? Псіхатэрапеўта, інвестара ў твой новы праект, цырульніка. Можна сустрэць свайго любімага артыста. Альбо нават мужчыну, якога ў дзяцінстве бачыў у тэлевізары ў праграме «Калыханка».

Глеб лічыць, што беларусы вельмі хутка адаптуюцца. А некаторыя, па яго словах, ужо маюць гісторыю двайной і трайной эміграцыі.

Па словах аўтаркі, Юлія трохі інакш бачыць сябе ў Польшчы, і перадае яе словы: 

«Звычайна іду па вуліцы. Ніхто не ведае, адкуль я. Але часам прыходзіць думка: ці маю я права быць тут?… Не адчуваю сябе ў бяспецы. Ні ў якім кутку свету».

Чытайце яшчэ:

Шоўмена Андрэя Бонда адмовіліся абслугоўваць у варшаўскім бары, які адкрылі беларусы. Але не ўсё так проста

Беларусы заснавалі ў Польшчы амаль 12 тысяч фірмаў за апошнія паўтара года

Клас
12
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?