Свой допіс у інстаграме Джоржа Мелоні суправадзіла гэтым фота

Свой допіс у інстаграме Джоржа Мелоні суправадзіла гэтым фота

Прэм'ер-міністарка Італіі Джорджа Мелоні заявіла ў пятніцу, што рассталася са сваім партнёрам-тэлежурналістам Андрэа Джамбруна, які ў апошнія тыдні быў падвергнуты крытыцы за сэксісцкія каментары, піша Reuters.com.

У мінулым месяцы Мелоні заявіла журналістам, што яе не трэба асуджаць за выказванні Джамбруна, і ў будучыні яна не будзе адказваць на пытанні аб яго паводзінах.

Раскол адбыўся акурат у той момант, калі 46-гадовая прэм'ер-міністарка святкуе свой першы год знаходжання на пасадзе кіраўніцы правага кааліцыйнага ўрада, які абараняе традыцыйную сям'ю ў якасці адной з адметных прыкмет сваёй палітыкі.

«Мае стасункі з Андрэа Джамбруна, якія доўжыліся амаль 10 гадоў, на гэтым сканчаюцца», — напісала Мелоні ў сваіх акаўнтах у сацыяльных сетках. «Нашы шляхі разышліся нейкі час таму, і прыйшоў час прызнаць гэта», — дадала яна.

Мелоні сказала, што не будзе звяртаць увагу на цяжкасці ў сваім асабістым жыцці, сказаўшы: «Усе тыя, хто спадзяваўся аслабіць мяне, нанёсшы мне ўдар, не даб'юцца поспеху».

У пары, якая пазнаёмілася ў тэлестудыі ў 2014 годзе, ёсць сямігадовая дачка.

42-гадовы Джамбруна з'яўляецца вядоўцам навіннай праграмы, якая транслюецца Mediaset і ўваходзіць у склад медыягрупы, што належыць спадкаемцам нябожчыка Сільвіа Берлусконі, былога прэм'ер-міністра і саюзніка Мелоні.

На гэтым тыдні іншае сатырычнае тэлешоу Mediaset транслявала ўрыўкі з праграмы Джамбруна, у якіх ён нецэнзурна лаяўся, кратаў сябе за пах і, здавалася, «падкатваў» да калегі-жанчыны.

«Чаму я не сустракаў цябе раней?» — пытаўся ён.

На другім аўдыязапісе, які выйшаў у эфір у чацвер, чуваць, як Джамбруна распавядае пра тое, што ў яго раман, і кажа калегам-жанчынам, што яны могуць працаваць з ім, калі возьмуць удзел у групавым сэксе.

Тэлежурналіст падвергнуўся шырокай крытыцы ў жніўні за каментары, вытлумачаныя многімі як абвінавачванне ахвяры, пасля справы аб групавым згвалтаванні.

Марка Фурфара з апазіцыйнай Дэмакратычнай партыі сказаў, што каментары Джамбруна былі «чыстым шавінізмам, сэксізмам і неапісальным брудам».

Чытайце таксама:

Італьянцы збеглі з рэстарана ў Албаніі, не заплаціўшы. Прэм'ерка Італіі папрасіла пасла зрабіць гэта «за ідыётаў»

Прэм'ерка Італіі падала ў суд на вакаліста Placebo, які назваў яе фашысткай

Вышыванка Зяленскай, мятная двойка прэм'ера Даніі, нюдавыя туфлі Калас і штаны-палаца Мелоні. Якія касцюмы абралі палітыкі для сустрэчы НАТА ў Вільні

Клас
3
Панылы сорам
9
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
0