Сяржук Доўгушаў — заснавальнік «Спеўных сходаў», кіраўнік праекта «ЭтнаТрадыцыя» і арт-рэзідэнцыі «Дом творцаў». Фота: асабісты архіў Сержука Доўгушава

Сяржук Доўгушаў — заснавальнік «Спеўных сходаў», кіраўнік праекта «ЭтнаТрадыцыя» і арт-рэзідэнцыі «Дом творцаў». Фота: асабісты архіў Сержука Доўгушава

«Я пачаў рэалізоўваць гэтую ідэю ў канцы лета, — распавядае Сяржук Доўгушаў. — Яшчэ са школы мы памятаем, як складана было хлопцаў «загнаць» на хор ці ўрокі спеваў. Да гэтага я быў маральна падрыхтаваны. Таму запрашаю паспяваць усіх ахвотных, а з тымі, хто гатовы ўвайсці ў склад гурта, хто гатовы да сістэматычных рэпетыцый, займаюся больш і асобна. Пакуль у нашым гурце 8 удзельнікаў, і планую дабраць да 12. На заняткі прыходзіць часам і 30 чалавек, але не ўсе застаюцца».

…Тым часам у залу заходзяць хлопцы і мужчыны, збольшага моладзь, але ёсць і 40+. Яны вітаюцца паміж сабой, расстаўляюць крэслы, уладкоўваюцца. Сяржук прапануе ўсім пазнаёміцца і расказаць, чаго яны чакаюць ад заняткаў. «Люблю спяваць, настроены сур'ёзна», «прыйшоў, бо стала цікава», «хачу набыць новы досвед», «я даўно спяваю, хачу спяваць прафесійна» — такімі меркаваннямі дзеляцца ўдзельнікі. Доўгушаў, які мае салідны стаж выкладання, тлумачыць, што шлях да прафесіяналізму пачынаецца нават не са спеваў, а з правільнага дыхання. Зала напаўняецца гучным мужчынскім «ух-ух-ух!» — гэта выканаўцы робяць дыхальныя практыкаванні перад распяваннем.

Падчас рэпетыцыі

Падчас рэпетыцыі

«Увогуле, практыкаванні на дыханне, на гукавядзенне аднолькавыя для мужчын і для жанчын, — тлумачыць Сяржук Доўгушаў. — Я яшчэ ў Мінску распрацаваў курс «Прыродны голас», падчас якога людзі могуць навучыцца кіраваць сваім спевам, прычым у любым жанры. Але што да традыцыі фальклорных мужчынскіх спеваў, тут ёсць свая спецыфіка. Тое, што спяваюць жанчыны, мужчынам не падыходзіць, у іх заўсёды свой, асобны рэпертуар.

Самае істотнае, каб у чалавека быў слых. А вось музычная адукацыя зусім не абавязковая. У мяне спяваюць хлопцы, значная частка якіх — айцішнікі, і прафесійна з музыкай іхняе жыццё аніяк не звязана. Ну, хіба ў дзяцінстве нехта з іх спяваў у школьным хоры».

Беларускія жанчыны заўсёды спявалі сваё, а мужчыны — сваё

«Чамусьці лічыцца, што народныя спевы — больш жаночы занятак. Маўляў, яны ўвесь час спяваюць, бо ім сумна, — смяецца Сяржук. — Сапраўды, ёсць песні, якія спрадвеку выконвалі толькі жанчыны або дзяўчаты: купальскія песні яны спявалі, калі плялі вянкі, вясельныя — калі праводзілі сяброўку замуж… Але ёсць і цэлы фальклорны пласт мужчынскіх песень, прыкладам, песні касцоў. Яшчэ — любоўная лірыка і, канешне, валачобныя песні — гэта самая даўняя традыцыя, калі збіраліся гурты мужчын на Вялікдзень, хадзілі па дварах. Гэта потым ужо з'явіліся змешаныя групы валачобнікаў. І бяседныя песні маглі мужчыны спяваць. Яшчэ спявалі, калі іх забіралі ў войска ці яны ішлі на вайну. Я называю такія песні «ваярскімі», або «песні пад крок». Яны рытмічныя, як маршы».

Сяржук Доўгушаў прыгадвае, як упершыню працаваў з мужчынскім беларускім калектывам. І было гэта не ў Беларусі, а ў ЗША, дзе спявак некалькі гадоў жыў і часта бываў на гастролях. У штаце Мінесота, дзе ёсць вялікая беларуская супольнасць, сабраўся мужчынскі спеўны гурт, і заняткі ў ім былі вельмі папулярныя.

Фота: асабісты архіў Сержука Доўгушава

Фота: асабісты архіў Сержука Доўгушава

«Але ў Варшаве мы пайшлі далей: амерыканскі гурт спяваў толькі на два галасы, а тут у нас ужо шматгалоссе. Я, калі слухаю чалавека, разумею: вось ён будзе запяваць, у яго высокі голас. У традыцыйных мужчынскіх спевах няма паняццяў «тэнар» ці «барытон». Ёсць галасы, якія вядуць сваю партыю, і ёсць асноўны голас — «падвод», ён спявае высока — на актаву з ніжэйшымі галасамі. Па сваёй прыродзе ў мужчын нізкія галасы, і знайсці такі «падвод» заўсёды складана. У 2018 годзе мы выдавалі альбом «Мужчынская традыцыя спеваў», гэта архіўныя запісы аўтэнтычных спеваў розных гадоў, і я заўважаю, што раней у спевакоў-мужчын было больш высокіх галасоў, а цяпер наадварот», — кажа спявак.

Навошта мужчыну спяваць?

На першы погляд, гэтае ўменне можа камусьці падацца зусім не патрэбным. Маўляў, куды больш карысна ўмець кіраваць аўтамабілем і валодаць навыкам «даць здачы». Тут Сяржук не згодны:

«У цябе ёсць праца, грошы, ты ў добрай спартовай форме — гэта ўсё выдатна. Але для душы патрэбна нешта яшчэ, каб чалавек раскрыўся цалкам. Голас для мужчыны — гэта адчуванне сябе. Я назіраю за хлопцамі, што спяваюць, і бачу, якія яны акрыленыя, вольныя.

Яны пачынаюць болей верыць у сябе, пачуваюцца моцнымі, здатнымі на смелыя ўчынкі. Па сабе адчуваю: спевы — гэта як лекі. Нам пасля спеўных сустрэч нават разыходзіцца не хочацца, яшчэ і на вуліцы часам працягваем. Мужчыны ж раней не тое каб збіраліся разам і казалі: «Дзень добры, мы зараз праспяваем вам усім нашу ўлюбёную песню». Не, яны спявалі, каб адчуць еднасць, сілу, гэта ўсё ім надавала песня».

Але традыцыя беларускага мужчынскага спеву цяпер пад пагрозай знікнення. Доўгушаў кажа:

«Жаночая спеўная традыцыя ніколі не перарывалася, і я зараз з ходу магу назваць дзясятак вёсак, дзе спяваюць жанчыны. А вось паспрабуй знайсці мужчыну! Нават сам неаднойчы чуў: «Ай не! Гэта няхай бабы спяваюць, а ў нас ёсць праца, і ўсё».

Каб цэлы мужчынскі гурт у вёсцы спяваў — то і зусім амаль не сустрэнеш. Было раней такое, што спявала па двое-трое мужчын, але яны зніклі ў 1980-1990-я гады. Я вельмі хачу вярнуць традыцыю мужчынскага спеву. Сёння пачалі з'яўляцца мужчынскія гурты, і я хачу гэтаму паспрыяць, каб у нас было болей мужчын, якія спяваюць».

Фота: асабісты архіў Сержука Доўгушава

Фота: асабісты архіў Сержука Доўгушава

Калі нехта не верыць, што ў яго атрымаецца, ён можа натхніцца прыкладам самога Сержука: вядомы беларускі спявак ніколі не хадзіў у музычную школу і ў Акадэмію музыкі паступіў, амаль не ведаючы нотнай граматы. Тэарэтычнымі ведамі ён лёгка авалодаў падчас навучання, але найперш выкладчыкі ацанілі ягонае вялікае жаданне спяваць і прыгожы голас — сямейную спадчыну, якая перадалася спеваку ад маці, звычайнай вясковай жанчыны з Аршаншчыны.

Сяржук Доўгушаў не толькі спявае, збірае фальклор і навучае спевам удзельнікаў сваіх праектаў — ён яшчэ і ўкладальнік зборнікаў народных песень. У апошнія гады з ягоным удзелам такіх спеўнікаў выйшла пяць — «Народныя песні», «Калядныя песні», «Годныя песні» ў дзвюх частках і «Бяседныя песні».

Яны прызначаныя для таго, каб звычайныя людзі без асаблівай музычнай падрыхтоўкі, сабраўшыся добрай кампаніяй, маглі паспяваць разам. Апошні зборнік атрымаўся ўвогуле шматфункцыянальным: тэксты ў ім запісаныя і кірыліцай, і лацінкай, яны суправаджаюцца нотамі. А для тых, хто не ўмее спяваць па нотах альбо любіць вучыць песні на слых, ёсць QR-коды са спасылкамі на аўдыядадатак да спеўніка і на музычны альбом «Бяседныя песні», які праект Tradycyja выдаў у 2019-м.

Па такім самым прынцыпе Сяржук плануе выдаць «Дзіцячы спеўнік».

«Я вельмі натхніўся гісторыяй фалькларыста, этнографа і кампазітара Антона Грыневіча. Ён нарадзіўся на Полаччыне, у пачатку XX стагоддзя жыў некаторы час у Вільні, некаторы час — у Мінску і імкнуўся спрыяць культурніцкаму адраджэнню беларусаў. Ён быў першы, хто сабраў адмысловы «Дзіцячы спеўнік». Дарэчы, у ім ён упершыню ўжыў музычную тэрміналогію па-беларуску, бо раней выкарыстоўвалі выключна італьянскую мову. Некаторыя тэрміны сам і прыдумаў. Выдаў спеўнік за ўласныя сродкі, відавочна ў «рэжыме жорсткай эканоміі» — малым накладам, у чорна-белым друку, на кепскай паперы…

Была спачатку ідэя перавыдаць «Дзіцячы спеўнік» як факсімільнае выданне, але потым вырашылі, каб дызайн быў больш сучасны, у колеры, апісаць там гісторыю стварэння спеўніка, аздобіць яго малюнкамі. Увогуле гэта ўнікальны зборнік беларускага дзіцячага фальклору: у ім сабраныя і тыя песні, што дзеці спявалі самі, і тыя, якія немаўлятам спявалі іхнія бацькі», — кажа Сяржук Доўгушаў.

Фота: архіў Сержука Доўгушава

Фота: архіў Сержука Доўгушава

Яшчэ адна мара Сержука Доўгушава — выдаць зборнік калыханак. Ён вельмі любіць гэтыя меладычныя, пяшчотныя песні, а цяпер спявае іх як ніколі часта: тры месяцы таму ў спевака нарадзілася дачка. «Эвелінка падрасце і будзе граць са мной на дудачцы», — марыць тата, пакуль дзяўчынка засынае пад ягоны спеў.

Чытайце таксама:

«Ні ў якім разе не паеду ў крымінальныя раёны». Як беларускі музыкант працуе таксістам у Чыкага і ўжо атрымаў статус «голд»

«Самае галоўнае — не займацца фігнёй». Музыка Сяржук Доўгушаў — пра новае жыццё ў ЗША

Прадзюсар Аляксандр Чахоўскі — пра раскрутку Маргарыты Ляўчук, зайздрасць і псеўдапурытанства

Клас
18
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?