Галасаванне на выбарах у Польшчы. 15 кастрычніка 2023 года. Фота: Michal Dyjuk / AP

Галасаванне на выбарах у Польшчы. 15 кастрычніка 2023 года. Фота: Michal Dyjuk / AP

90% нашых клопатаў датычыць таго, што ніколі не здарыцца, казала неяк Маргарэт Тэтчэр. Як жа яно пасуе да палітычнай сітуацыі ў Польшчы. 

Восем гадоў таму, калі ПіС перамог і стварыў урад, апазіцыя казала, што Польшча ператворыцца ў другую Беларусь, з дыктатурай і аўтарытарызмам. І што кансерватары нават выведуць краіну з Еўрасаюза.

Мінулі дзве кадэнцыі ПіСа і палякі далей у еўрасупольнасці, ніякіх крокаў наконт выхаду зроблена не было. На нашых вачах «дыктатура» прайграла ў свабодных выбарах. Больш за тое, падлік галасоў цяпер такі павольны, бо «дыктатарскі» ПіС змяніў выбарчыя правілы — кожны бюлетэнь з птушачкай павінны ўбачыць усе сябры выбарчай камісіі. 

Апазіцыя прадракала, што сацыяльныя выплаты, якія ад 2015 году шчодра ўводзіў ПіС, імгненна знішчаць польскую эканоміку. Але гэтага не адбылося. Польская эканоміка перла як танк усе гэтыя гады. Больш за тое, цяпер новы ўрад не рызыкне ўсе гэтыя выплаты скасаваць, бо гэта быў бы супернепапулярны крок. 

Шмат у чым ПіС быў дэманізаваны. Напрыклад, калі апаненты называлі яго выгаднай Расеі палітычнай сілай. Гэта проста несусветнае глупства. Ці калі казалі, што ўрад робіць мала для Украіны. Пакажыце іншую краіну, якая б столькі зрабіла для ўкраінцаў?

Але і без усяго гэтага хапала рэчаў, за якія палякі аб’ектыўна крытыкавалі ПіС.

За спробу максімальна цэнтралізаваць уладу ў краіне, што аслабляла дзяржаўныя інстытуты. Бо дзяржава — гэта не толькі ўрад і кіроўная партыя, гэта інстытуты, якія павінны эфектыўна дзейнічаць самі па сабе.

Гэта судовая рэформа, якая кепска адбілася на ўнутранай сітуацыі і іміджы Польшчы ў свеце (санкцыі ЕС). Гэта парушэнне «абарцыйнага кансэнсусу», то-бок поўная забарона абортаў. Гэта ператварэнне грамадскіх СМІ ў філіял БТ, які часам пераўзыходзіў прапаганду Лукашэнкі. Гэта непатрэбныя канфлікты з Брусэлем, якія змяншалі ўплыў Польшчы ў ЕС. 

Прэтэнзіяў у апанентаў багата, але ў ПіСу быў мандат ад грамадства, і вельмі моцны. Прыхільнікаў ПіСу крытыкуюць, што яны неадукаваныя, з вёскі і малых гарадоў, што клююць на папулізм. Але… Гэта ўсё дэмакратыя. Кожны голас у дзяржаве важыць столькі сама. 

Палітычная канкурэнцыя ў Польшчы — гэта часта баі без правілаў. Калі ў сярэдзіне 90-х да ўлады вярнуліся посткамуністы, то для многіх палякаў гэта была трагедыя. Але посткамуністы ўвялі Польшчу ў ЕС і NATO. (90% нашых клопатаў датычыць таго, што ніколі не здарыцца).

Калі Польшча ўвайшла ў ЕС, палякі баяліся, што яны хутка растворацца ў Еўропе і страцяць сваю ідэнтычнасць (я тады быў студэнтам у Варшаве і сам у гэта верыў). НІЧОГА гэтага не сталася. Калі краінай кіраваў ліберальны ўрад Дональда Туска, то апаненты заяўлялі, што ён прадае краіну немцам і ператворыць яе ў «лявацкі запаведнік». З тых часоў мінула 10 год і ПіС не мусіў дэакупаваць краіну ад улады Берліна. Больш за тое, заходні сусед — найбуйнейшы гандлёвы партнёр Польшчы, які з’яўляецца гарантыяй польскага эканамічнага цуду, бо ён купляе ўсё, што Польшча прадукуе. 

У Польшчы вельмі добрая сістэма самакіравання. Палякі самі абіраюць мэраў, мясцовых дэпутатаў, якія маюць рэальную ўладу. Найчасцей гэта зусім іншыя сілы, якія фармуюць урад.

І такія вёскі і гарады самі ствараюць свой парадак дня, гэта вельмі часта дзяржавы ў дзяржаве. І ПіС таксама гэтага не знішчыў, хаця яго падазравалі ў такіх намерах. 

Калі шмат хто ў Еўропе енчыць, што тут (асабліва ў цэнтральна-ўсходняй Еўропе) адраджаюцца шавінізмы і прага еўрапейцаў да моцнай рукі, палякі абіраюць еўраэнтузіязстаў, цэнтрыстаў, лібералаў і левых. 90% нашых клопатаў датычыць таго, што ніколі не здарыцца. 

І апошняе, ПіС перад выбарамі палохаў, што калі прэм'ерам будзе Туск, то гэта будзе выгадна Лукашэнку і Пуціну. Калі ў апошніх і былі такія надзеі, то ім давядзецца моцна расчаравацца, бо 90% (сама меней) іх спадзяванняў, перафразоўваючы Тэтчэр, ніколі не споўняцца.

Чытайце таксама:

У Польшчы падлічылі 99,92% бюлетэняў. Вынікі амаль канчатковыя

Рэферэндум у Польшчы наконт сцяны на мяжы з Беларуссю праваліўся

Апазіцыя перамагае на выбарах у Польшчы — экзіт-пол 

Беларуска паспрабавала стаць дэпутаткай у польскім парламенце. Вось колькі чалавек за яе прагаласавалі 

Клас
27
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
3