Карта Пруссии, Великого княжества Литовского и Белоруссии. 1787 год Map of Prussia, the Grand Duchy of Lithuania and Belarus. 1787 year Карта Прусіі, Вялікага Княства Літоўскага і Белай Русі. 1787 год

Карта Прусіі, Вялікага Княства Літоўскага і Белай Русі, 1787 год. Скрыншот відэа alexanderbely9911 / YouTube

Як абяцае аўтар у сваім уводным відэа, у серыі сюжэтаў ён будзе распавядаць пра гісторыю Верхняга Панямоння, ці Усходняй Літвы, як ён яго называе. Перадусім у цэнтры ўвагі будзе «доўгае» ХІХ стагоддзе — эпоха ад Вялікай французскай рэвалюцыі 1789 года да пачатку Першай сусветнай вайны. Гэта палітычнае, культурнае, ідэйнае стагоддзе не супадае з рамкамі каляндарнага.

Гісторык адзначае, што «тэхналагічны прагрэс цягам ХІХ стагоддзя ішоў вельмі імкліва, але гуманітарны за ім не паспяваў. Таму што масавыя ўяўленні пра Бога, месца чалавека ў сусвеце, суадносіны паміж паламі, іх ролю ў сям'і і грамадстве цягам доўгага ХІХ стагоддзя змяняліся вельмі марудна і непрыкметна для сучаснікаў. І «вялікая вайна», якой скончылася гэтая эпоха, была выкліканая абрушэннем старых уяўленняў людзей (перш за ўсё еўрапейцаў) пра саміх сябе, пра ідэальнае і належнае, пра тое, дзеля чаго варта жыць».

Аўтар нагадвае, што для гісторыі Беларусі гэтая эпоха храналагічна супадае з перыядам Расійскай iмперыі, у якую ўклаліся тры значныя шляхецкія паўстанні (1794, 1830—1831 і 1863—1864 гадоў), вызваленне сялян ад прыгоннага права (1861 год), пачатак індустрыялізацыі і капіталізму, сістэматычных геаграфічных даследаванняў і нараджэння таго, што сёння прынята называць беларускай нацыянальнай ідэяй.

Алесь Белы Александр Белый Alexander Bely

Алесь Белы прэзентуе новы ютуб-канал. Скрыншот відэа alexanderbely9911 / YouTube

На погляд Алеся Белага, «для зямель, якія знаходзіліся ў цэнтры анексаванага Вялікага Княства Літоўскага, для гістарычнай Віленшчыны гэтая эпоха была асабліва складаная, бо менавіта Вільня і яе ваколіцы апынуліся ў самым цэнтры разнастайных царскіх рэпрэсій. Але да разгрому паўстання 1863—1864 гадоў Вільня і ўся Літва даволі ўпарта супраціўлялася і нават працягвала ствараць высокую культуру і асэнсоўваць саму сябе.

Гэта асабліва яскрава праявілася паміж паўстаннямі 1830 і 1863 гадоў. Увогуле парадаксальна, што самыя яскравыя вобразы Літвы і яе культуры прыпадаюць не на часы незалежнага існавання ВКЛ, а якраз на эпоху Расійскай iмперыі (прынамсі, да 1863 года). І тут рэч не ў тым, што імперыя нейкім чынам спрыяла гэтаму культурнаму развіццю, якое падарыла шмат значных культурных постацяў і артэфактаў, але ў тым, што якраз супраціў ствараў герояў, вобразы і творы, якія мы разглядаем, чытаем і слухаем да сёння».

Гісторык лічыць, што «стратэгічна, цягам доўгай перспектывы, Літва марудна адступала на паўночны захад. Калі на пачатку эпохі, у перыяд напалеонаўскіх войнаў мяжа паміж Белай Руссю і Літвой праходзіла па дняпроўскай Бярэзіне, то ў апошнія два дзесяцігоддзі існавання Расійскай iмперыі імперская думка ўпэўнена адносіла да Белай Русі і Вільню з большай часткай Віленскай губерні».

Аўтар адзначае, што адна з галоўных задач цыкла — «разабрацца, як так здарылася, што былая Усходняя Літва стала Заходняй Беларуссю, што яна набыла і страціла ў выніку гэтай каласальнай геапалітычнай змены».

Замак у Міры. Фота: AP Photo / Sergei Grits

Замак у Міры. Фота: AP Photo / Sergei Grits

Алесь Белы анансуе, што будзе не так шмат размаўляць пра палітычную гісторыю, войны, змены межаў, нейкія дынастычныя хаўрусы і канфлікты. Значна больш яго будуць цікавіць іншыя аспекты — гісторыя ідэй, літаратуры і мастацтва, побыту, сімвалічных матэрыяльных рэалій.

«Мы будзем спрабаваць надаць разуменню Літвы нейкі прыкметны, жывы, адчувальны выгляд», — адзначае гісторык і абяцае, што цыкл неабавязкова будзе прытрымлівацца строгай храналагічнай паслядоўнасці.

«Па меры таго як будуць выспяваць розныя сюжэты, мы будзем час ад часу вяртацца назад, глядзець на нейкія рэчы з іншых ракурсаў. Якія-небудзь сюжэты будуць прысвечаныя гістарычным падзеям, іншыя — нейкім сімвалічным рэчам ці літаратурным альбо мастацкім творам, а штосьці, вядома, асобам тых людзей, якія ў тыя часы і ў той сістэме каардынат называлі сябе ліцвінамі, укладаючы ў гэта нешта адрознае ад сучасных паняццяў «літовец», «паляк» ці тым больш «беларус».

Аўтар адзначае, што падзагаловак цыкла — «Усходняя Літва ад Міцкевіча да Карловіча». Гэта дзве крайнія постаці, якія храналагічна пазначаюць эпоху — паэт, публіцыст, філосаф Адам Міцкевіч і кампазітар, спартовец Мечыслаў Карловіч.

Алесь Белы будзе ўдзячны за запыты на канкрэтныя сюжэты, хаця і не абяцае, што яны супадуць з аўтарскім бачаннем гісторыі краю і будуць абавязкова рэалізаваныя. Звязацца з аўтарам можна праз фэйсбук або па электроннай пошце [email protected].

Чытайце яшчэ:

Гісторык Алесь Белы выдаў кнігу «Літвінская кухня. Байкі Кухмістра Верашчакі»

Выйшла новая кніга Алеся Белага

«Гэты працэс мусіць вітацца ў Літве». Ліцвінізм: погляд з Вільні

Клас
23
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?