Фота: скрыншот з відэа на ютуб-канале Кузьміча

Фота: скрыншот з відэа на ютуб-канале Кузьміча

Падчас новай акцыі, відэа якой мастак выклаў на ютубе, Аляксей паказаў голы зад, стоячы пасярод праспекта Пераможцаў. 

Кузьміч прыехаў у Беларусь у пачатку жніўня. Галоўнай прычынай вяртання на Радзіму Аляксей называе неабходнасць завяршыць свой транзіт — акцыю апошніх трох гадоў: «Нядаўна вывеў мову свайго мастацтва, гэта SLAG art, ці ШЛАК-арт. Расшыфроўваецца як Self, life, action, game, art, то-бок я бяру абставіны ўласнага жыцця і з іх раблю мастацтва ў выглядзе гульні. 

Задумаў гэта, калі склаліся такія абставіны, што я з’ехаў з Беларусі. Мой транзіт пачаўся 9 жніўня 2020-га, калі я выйшаў з дома рабіць акцыю на дзень выбараў. Далей мяне затрымалі, пабілі, мастацтва АМАПа адбілася на маім задзе, і гэты зад я павёз далей па Еўропе. Цягам трох гадоў знаходзіўся ў транзітным стане, нідзе не спыняўся. А цяпер зразумеў, што прыйшоў час сканчваць гэтую гульню і вяртацца ў Беларусь, прадставіць тую метамарфозу, якая адбылася за гэтыя тры гады». 

Фота: архіў Аляксея Кузьміча

Фота: архіў Аляксея Кузьміча

Беларус сцвярджае, што не ехаў дахаты, каб разабрацца з дакументамі. Але калі быў у Беларусі, вырашыў зрабіць пашпарт і пасведчанне кіроўцы. Планаваў ісці назад у Еўропу нелегальным шляхам, але ў выніку зладзіў сабе дакументы.

І ў краіну, і назад Кузьміч ехаў праз Расію. Кажа, што пастаянна бачыць навіны пра затрыманні беларусаў на польскай і літоўскай мяжах, і не разумее, чаму людзі заязджаюць у Беларусь такім чынам. Мастак дапускае, што гэта яго і засцерагло: «Цалкам магчыма, што злавіў нейкі баг сістэмы. Таму і зрабіў у краіне дакументы, што не адзваніўся ні па якой базе, калі заязджаў у Беларусь, бо па сутнасці і не заязджаў у яе». 

У Беларусі Кузьміч правёў два месяцы. Расказвае, што ў яго выпадку гэты час прайшоў беспакойна: «Кожны дзень жывеш з думкай, што цябе могуць прыняць. Дома і ў грамадскіх месцах я не з’яўляўся, практычна ні з кім не бачыўся, не карыстаўся тэлефонам і стараўся не трапляць на камеры. Жыў на прыродзе, там вельмі добра, можна расслабіцца.

У цэлым рады, што пабываў там і, асноўнае, зрабіў мастацтва. Перапрацаваў гэтую маю трохгадовую сітуацыю ў арт, скончыў свой транзіт, паставіў у ім кропку. З яго пачынаецца новы этап майго жыцця і мастацтва. Якім ён будзе, пакуль казаць не магу».

Свае першыя ўражанні ад вяртання ў краіну Аляксей апісвае словамі «усё спакойна, ціха, павольна і занадта чыста». А яшчэ тлумачыць, што меў адчуванне, быццам трапіў у іншую рэальнасць, уяўляў цяперашнюю Беларусь не так.

«Тыя, хто там жыве, не асабліва напружваюцца па сітуацыі, якая была ў 2020-м. Вядома, яны ўсе пра яе гавораць і памятаюць пра яе, трымаюць яе недзе на бэкграундзе, абмяркоўваюць на кухні і ў кулуарах, але калі нехта пачынае гутарыць пра гэта занадта гучна, астатнія яго абрываюць і стараюцца перавесці тэму. Бо немагчыма пастаянна ў гэтым жыць, чалавек хоча перавярнуць старонку і ісці далей займацца сваім жыццём, не жыць мінулым.

Важныя для нас, эмігрантаў, тэмы, пра якія мы чытаем у СМІ і якія абмяркоўваем паміж сабой, не надта важныя для тых людзей, якія знаходзяцца цяпер унутры Беларусі», — разважае Кузьміч.

Мастак прызнае, што за час свайго транзіту прытаміўся. Ён прыдумаў сабе правілы акцыі, але іх выконваць аказалася складана. Людзі схільныя шукаць камфорту і жадаць недзе кінуць якар, але Кузьміч жыў з адным заплечнікам, пастаянна перасоўваўся з месца на месца без дазволаў на жыхарства, падатковых нумараў і рэгістрацый. Адпаведна быў пазбаўлены пэўных гарантый, магчымых для чалавека з легальным статусам.

Чаму вярнуўся менавіта праз тры гады адсутнасці? «Тры — сакральная лічба практычна ва ўсіх культурах, у прыватнасці ў хрысціянстве. Ды і проста надышоў час вяртацца, па маіх адчуваннях. У Еўропе я аказаўся нелегалам — жыў восем месяцаў без візы, ды і пашпарт мой быў пратэрмінаваны па мясцовых законах, яму было ўжо больш за дзесяць гадоў.

Мяне пачало напружваць, што я не магу нармальна перасоўвацца, што людзі мяне цураюцца — маўляў, іх могуць пасадзіць у нейкую еўрапейскую турму, калі я ў іх пажыву з маім нелегальным статусам. Абставіны так складваліся, быццам мяне прастора падштурхоўвала да завяршэння транзіту. І я проста паехаў у Беларусь, паехаў без суперплана зрабіць дакументы. Хацеў вярнуцца на тую ж кропку, адкуль пачаў, каб завяршыўся мой транзіт. І так склаліся абставіны, што я яшчэ і зрабіў дакументы».

Цяпер беларус знаходзіцца ў Вільні, а далей трымае шлях у Францыю — «рабіць новае мастацтва», як ён кажа. Аляксей расказвае, што яму было вельмі цяжка супрацьстаяць інфармацыйнаму вакууму ў дачыненні навін з Беларусі: «Здавалася, што там нейкае пекла. І гэта вельмі суб’ектыўная сітуацыя, бо для некаторых людзей там сапраўды пекла, але гэта не значыць, што там так для ўсіх. 

Канкрэтна для мяне, гледзячы па зробленым у 2020-м, там таксама мусіла быць пекла, але ў выніку гэтая сітуацыя аказалася для мяне раем. Калі чытаеш СМІ, якія сядзяць тут [за мяжой], здаецца, што там проста нейкі жах. Можа, яно так і ёсць для некаторых людзей, але гэта ўсё рандомна: камусьці шанцуе, камусьці — не». 

Няхай кожны жыве ў адпаведнасці са сваім розумам, падсумоўвае Кузьміч. А мы нагадаем максімальна сувымяраць рызыкі, калі вы жадаеце наведаць Беларусь.

У 2019-м годзе выстава Аляксея Кузьміча ў Мінску трапіла пад цэнзуру. Тады мастак прыняў віягру і прыйшоў на імпрэзу з шыльдай Мінкультуры, што прыкрывала яго геніталіі. 9 жніўня 2020-га года Кузьміч прыйшоў на выбарчы ўчастак у набедранай павязцы і з бюлетэнем, на якім быў намаляваны фалічны сімвал, увечары таго ж дня ён паўтарыў гэтую акцыю на пратэстах. Быў затрыманы і збіты, далей быў вымушаны з'ехаць з краіны.

Мастака Аляксея Кузьміча, які спрабаваў залезці ў Елісейскі палац, адпусцілі

З Russia зрабіў Belorussia. Мастак Аляксей Кузьміч зладзіў новую дзёрзкую акцыю ВІДЭА

Беларускія мастакі з'ехалі ў Берлін пасля выбараў. Спадзяваліся пажыць бясплатна — рэзідэнцыя сказала адпрацоўваць

Клас
47
Панылы сорам
14
Ха-ха
12
Ого
5
Сумна
3
Абуральна
15

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?