Камандзір групы спецпадраздзялення «Артан» з пазыўным «Саба» (справа), ліпень 2022 года. Фота: спецпадраздзяленне «Артан»

Камандзір групы спецпадраздзялення «Артан» з пазыўным «Саба» (справа), ліпень 2022 года. Фота: спецпадраздзяленне «Артан»

Яны рыхтавалі дэакупацыю ўкраінскіх тэрыторый, праводзілі дэсантаванне на левабярэжжы Дняпра і аперацыі на расійскай тэрыторыі. Дзякуючы гэтаму ваенным разведчыкам атрымалася назапасіць унікальны вопыт, хоць на працягу ўсёй вайны яны вымушаныя дзейнічаць без прыкрыцця вайсковай авіяцыі. Яна патрэбна, у прыватнасці, для падаўлення моцнага РЭБ расійскай арміі.

Без падтрымкі з паветра рызыкі для іх жыцця павышаюцца «ў дзесяць, а часам і ў сто разоў». Гэта тычыцца таксама і прыкрыцця на вадзе падчас дэсантавання. Яго павінны забяспечваць не толькі самалёты, але і буйныя вайсковыя караблі. Іх Украіна пакуль не мае. Украіна спадзяецца атрымаць ад замежных партнёраў па меншай меры 42 шматфункцыянальныя знішчальнікі F-16 толькі ў наступным годзе.

«Амерыканскія спецназаўцы ніколі б не пагадзіліся рабіць тое, што выконваюць іх украінскія калегі. Яны б патрабавалі прыкрыцця. Для іх немагчыма дзейнічаць без абароны з паветра», — заўважае Павел Лакійчук, кіраўнік праграм бяспекі цэнтра глабалістыкі «Стратэгія ХХІ».

Украінская служба Бі-бі-сі даведалася некаторыя падрабязнасці падрыхтоўкі да такіх задач, іх планавання і правядзення, якія робяць немагчымае магчымым. Апісаныя ніжэй падзеі адбываліся на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны і ў адкрытым моры ў рамках спецаперацый ГУР. Падчас вайны Бі-бі-сі не можа самастойна праверыць усю інфармацыю, якая падаецца вайскоўцамі, але лічыць свае крыніцы надзейнымі. А апублікаваныя паказанні ўдзельніка гэтых падзей, камандзіра разведгрупы, не супярэчаць іншым аповедам пра высадку ў Энергадары і на «вышках Бойкі».

Маскіроўка — абавязковы навык спецназаўцаў. Адно з сотняў спецыфічных патрабаванняў да іх. Фота: спецпадраздзяленне «Артан»

Маскіроўка — абавязковы навык спецназаўцаў. Адно з сотняў спецыфічных патрабаванняў да іх. Фота: спецпадраздзяленне «Артан»

«Пражарка»

«Падрыхтоўка да спецаперацыі іерархізаваная. Складаныя аперацыі распрацоўваюцца пад непасрэдным кіраўніцтвам вельмі дасведчаных людзей. Я не магу раскрыць, хто і на якім узроўні задзейнічаны. Да планавання дапускаюцца людзі ў залежнасці ад іх узроўню ўдзелу»,

— распавядае камандзір групы спецпадраздзялення «Артан» з пазыўным «Саба». Падкрэслівае, што ніхто з іх не мае больш інфармацыі пра спецаперацыю, чым трэба для выканання пастаўленых перад кожным задач.

Да шырокамаштабнага ўварвання вайсковец служыў у дэсантна-штурмавых войсках, ваяваў у АТА. Вайскоўцам марыў стаць з дзяцінства. Сваю матывацыю брацца за самыя складаныя аперацыі тлумачыць так: «Наша ментальнасць — знішчыць як мага больш ворагаў. Хіба можа чагосьці баяцца чалавек, якому за трыццаць гадоў, а ў яго штомесяц 101 дзень нараджэння? Што такое страх для такога чалавека?

Што такое прызнанне для такога чалавека? Для мяне прызнанне — гэта калі мае пабрацімы гатовыя ісці са мной хоць на Месяц і калі ўсе вяртаюцца жывымі з задання».

Для кожнай спецаперацыі ваенныя разведчыкі старанна распрацоўваюць чатыры планы: асноўны, запасны, альтэрнатыўны і рэзервовы. Да прыкладу, абстрэл фосфарнымі бомбамі можа прымусіць адмовіцца ад асноўнага плана. Тады задзейнічаецца запасны. Калі не спрацоўвае і ён, то ёсць яшчэ па меншай меры два прадуманыя варыянты дзеянняў. Усё прапрацоўваецца да драбнюткіх дэталяў.

Група перад выкананнем задання. Фота: спецпадраздзяленне «Артан»

Група перад выкананнем задання. Фота: спецпадраздзяленне «Артан»

Разведгрупа не адпраўляецца на заданне самастойна. Акрамя яе, ёсць яшчэ групы штурму, надгляду, рэзерву і эвакуацыі. Штурмавікі бяруць на сябе актыўныя дзеянні, група надгляду прыцягваецца да засад і праверак тых, каго бяруць у палон. Група рэзерву задзейнічаецца, калі ёсць патрэба ў дадатковых сілах. Група эвакуацыі можа прыкрываць як эвакуацыю байцоў з іншых падраздзяленняў, так і сама вывозіць параненых і загінулых.

Да спецзаданняў гураўцы рыхтуюцца не толькі фізічна, але і псіхалагічна. На пытанне аб тым, ці магчыма, да прыкладу, абараніцца ад фосфарных снарадаў, «Саба» адказвае: «Так, прайсці псіхалагічную падрыхтоўку».

У яго падраздзяленні ўсе байцы праходзяць праз працэдуру «пахаванне ваяра», даўняга абраду для вызвалення ад страху гібелі. Першым гэта робіць камандзір. Баец капае сабе магілу глыбінёй у метр. Потым піша на паперцы ўсё, што лічыць лішнім у жыцці і ад чаго гатовы пазбавіцца. Паперку спальвае. Пасля кладзецца ў яму — і яго ў ёй закопваюць. Для дыхання ротам даюць вадалазную маску з люлькай. У такой «трэніровачнай магіле» спецназавец ляжыць ад 40 хвілін да чатырох гадзін.

Імітацыя «пахавання ваяра» падчас вучэнняў спецназаўцаў. Вайскоўца цалкам закопваюць і пакідаюць ляжаць часам гадзінамі

Імітацыя «пахавання ваяра» падчас вучэнняў спецназаўцаў. Вайскоўца цалкам закопваюць і пакідаюць ляжаць часам гадзінамі

«Закапаны пад зямлёй, ты перастаеш адчуваць сваё цела, цалкам губляеш кантроль над ім. Робіцца бачна, наколькі можаш кантраляваць свае пачуцці і думкі. Наша праца прадугледжвае поўны самакантроль і давер да пабрацімаў, якія павінны цябе адкапаць. Ты цалкам залежыш ад іншых», — апісвае гэты досвед «Саба».

Ён дадае, што сам пасля многіх гадоў трэніровак «нічога ўжо не адчувае», калі выконвае гэта практыкаванне.

«Для мяне гэта ўжо навык, як стральба. Мне не трэба ездзіць на трэніровачную пляцоўку кожны дзень, каб падтрымліваць гэты навык. Дастаткова рабіць гэта раз на тыдзень ці два».

Кожны камандзір можа сам вырашаць, ці ўключаць такую трэніроўку ў падрыхтоўку спецназаўцаў ГУР. Гэтая падрыхтоўка вучыць вытрымліваць велізарныя псіхалагічныя і фізічныя нагрузкі.

«Мы закопваем сябе жыўцом у зямлю, каб прыняць смерць. Пасля гэтага ідзем на спецзаданне. Прымаючы тое, што вы можаце памерці, вы можаце спакойна і эфектыўна выконваць сваю працу».

Баец павінен прайсці праз шмат іншых штучных стрэсаў.

«Ад трэніровак мы стамляемся не менш, чым ад спецзаданняў. Пасля першай паловы гадзіны нагрузак чалавек хоча, каб прыляцела НЛА і забрала яго на Месяц. Нам трэба праверыць яго маральна-псіхалагічную ўстойлівасць. Гэта так званая «пражарка», — расказвае «Саба».

Да прыкладу, ваенныя разведчыкі імітуюць у сябе кантузію, пасля якой яны адразу страляюць па мішэні. Яны вучацца страляць левай рукой, будучы праўшуном, павінны ведаць усе тэхнічныя характарыстыкі расійскай зброі, умець плаваць са звязанымі рукамі і нагамі. І пасля «ўласнага пахавання» і «пражаркі» надыходзіць час для паходу ў тыл ворага або для дэсантавання. Хоць вучэнні ў спецназаўцаў ніколі не спыняюцца.

Спецназаўцы ў тыле расійскіх войскаў побач з Херсонам 22 ліпеня 2022 года. Фота: спецпадраздзяленне «Артан»

Спецназаўцы ў тыле расійскіх войскаў побач з Херсонам 22 ліпеня 2022 года. Фота: спецпадраздзяленне «Артан»

У тыле ворага

«Я ўбачыў знішчаны свет паспяховых людзей: у вёсцы, куды мы заехалі, да вайны былі добрыя дарогі, у кожным двары стаяла машына. Усё гэта было дашчэнту разнесенае, там не засталося ніводнага ацалелага дома», — так камандзір разведгрупы апісвае тое, што ўбачыў пад Херсонам у ліпені 2022 года.

Тады ўкраінскія войскі пачалі рыхтавацца да вызвалення горада. Украінская армія наносіла ўдары па вайсковай тэхніцы, месцах дыслакацыі, складах боепрыпасаў праціўніка. Гэтаму заўсёды папярэднічала разведка.

Ваенныя разведчыкі набліжалі вызваленне абласнога цэнтра крок за крокам. Гэта можна апісаць на прыкладзе аперацыі ў тыле расійскай арміі пад Херсонам 22 ліпеня 2022 года. За тры з паловай месяцы да дэакупацыі горада. Такія аперацыі былі важнай часткай старанна спланаванага контрнаступлення.

Украінскаму войску тады ўдавалася пазбягаць вялікіх страт на паўднёвым фронце.

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны паведаміў, што менавіта ў гэтыя дні пачалося ўкраінскае контрнаступленне на поўдні. У канцы ліпеня 2022 года ўкраінскія ўлады афіцыйна пацвердзілі старт буйной аперацыі на правабярэжжы Дняпра. У перыяд з ліпеня па лістапад 2022 года Генштаб УСУ рэгулярна даваў справаздачу аб поспехах на паўднёвым кірунку. Урэшце, 9 лістапада Херсон вызвалілі.

Прыкладна ў гэтыя ж даты ўкраінская армія аднавіла кантроль над правабярэжжам Херсоншчыны. Усяго падчас контрнаступлення летам-восенню 2022 года УСУ вызвалілі ад расійскай акупацыі больш за 90 населеных пунктаў у Херсонскай і Мікалаеўскай абласцях.

«За кожным так званым «жэстам добрай волі» праціўніка стаяць каласальныя намаганні нашых войскаў… Непасрэдна на Херсонскім кірунку сілы абароны Украіны разбурылі лагістычныя шляхі і сістэму забеспячэння, парушылі сістэму кіравання войскамі праціўніка», — так падсумаваў у сваім тэлеграм-канале гэта контрнаступленне галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны.

Прасоўванне ў тыле расійскіх войскаў. Фота: спецпадраздзяленне «Артан»

Прасоўванне ў тыле расійскіх войскаў. Фота: спецпадраздзяленне «Артан»

Разведчыкі ГУР адыгралі ў ім сваю асаблівую ролю. «Задача спецназаўцаў у тым, каб зайсці на тэрыторыю ворага і правесці там дыверсійныя дзеянні», — тлумачыць спецыфіку іх аперацый падчас контрнаступленняў Павел Лакійчук.

Цяпер падобныя аперацыі ўкраінскія ваенныя разведчыкі праводзяць у рамках контрнаступлення ў Запарожскай вобласці.

«Мы атрымалі інфармацыю, што на тым участку фронту стаяла расійская вайсковая тэхніка БМП трэцяга пакалення. Гэта небяспечная тэхніка: у яе вельмі добрае ўзбраенне і выяўленне цэляў. Расійскія акупацыйныя войскі стаялі тады за кіламетр-паўтара ад пасёлка, куды мы заходзілі. Мы планавалі заходзіць праз арашальныя каналы», — расказвае «Саба». БМП-3 мае камбінаваны дзённа-начны прыцэл, па адной гармаце калібра 30 мм і 100 мм і тры кулямёты.

«Яшчэ на ўзводным апорным пункце (УАП) перад заходам у тыл ворага па нас прыляцеў фосфарны снарад. Яго касеты раскрываюцца ў паветры. А на зямлю гэта спадае як вельмі прыгожае ззянне. Зямля шкварчала, шкло плавілася. Галоўнае было не надыхацца фосфарнымі парамі.

Першы прылёт быў за метраў 300 ад нас. Я паглядзеў на свячэнне і падумаў, ці будзе наступная касета больш дакладнай. Так і здарылася. Абломкі паляцелі па дрэвах за 150 метраў ад нас. Нам пашанцавала, што вецер дзьмуў ад нас».

У тыле расійскіх войскаў над галовамі вайскоўцаў пастаянна кружаць дроны «Арлан-10». Іх расійская армія выкарыстоўвае для навядзення артылерыі. Па словах выведніка, «іх там так шмат, як маршрутак на вуліцах Кіева ў гадзіну пік».

Часам спецназаўцы ГУР перасоўваюцца на матацыклах. Фота: спецпадраздзяленне «Артан»

Часам спецназаўцы ГУР перасоўваюцца на матацыклах. Фота: спецпадраздзяленне «Артан»

За разбураным светам людзей там адкрывалася яшчэ адна трагедыя — кінутых, галодных і напалоханых хатніх жывёл. У разбураным сяле пад Херсонам у машыну да спецназаўцаў заскочыў здаравенны, змораны голадам белы сабака. Гэта быў сабака пароды алабай.

«Ён лашчыўся, аддана зазіраў нам у вочы, яго радасці не было мяжы. Я яго разумею. Мы забралі і перадалі гэтага алабая на УАП. Астатнія сабакі там бегалі толькі з падвала ў падвал перабежкамі».

Падчас той спецаперацыі вайскоўцам удалося пагутарыць з некалькімі мясцовымі жыхарамі, якія засталіся жыць пад абстрэламі.

«Людзі ставіліся вельмі цёпла да нас. Я не сустракаў варожага стаўлення. Чым бліжэй да фронту, тым цяплей людзі ставяцца да нас».

Да дэакупацыі Херсона вакол горада працаваў моцны расійскі РЭБ. З-за яго там не было спадарожнікавай сувязі, разведчыкі амаль не выходзілі ў радыёэфір. У такіх умовах таксама немагчыма было запусціць коптар. Аператар вымушаны быў яго адразу пасадзіць.

Са слоў разведчыка, задачу ў тыле расійскага войска пад Херсонам яго спецпадраздзяленне выканала «ў адпаведнасці з запасным планам». За групай разведкі, якая сабрала патрэбную інфармацыю, зайшла група агнявога паражэння. А ваенныя разведчыкі выехалі адтуль пад мінамётным абстрэлам. Крайняя 120-міліметровая міна ўпала за 20 метраў ад іх. Наступныя задачы прадугледжвалі ўжо высадку на левы бераг Дняпра.

ЗАЭС уначы. Украінскія ваенныя разведчыкі высадзіліся побач з атамнай электрастанцыяй. Фота: Getty Image

ЗАЭС уначы. Украінскія ваенныя разведчыкі высадзіліся побач з атамнай электрастанцыяй. Фота: Getty Image

Дэсантаванне ў Энергадар

«Была месячная восеньская ноч. Мы высаджваліся за метраў сем да берага. Там было па пояс вады. Ты загадзя рыхтуешся да таго, што будзеш выконваць заданне мокрым».

Перад разведчыкамі была Запарожская АЭС. Праз яе расійскую акупацыю і ядзерную пагрозу на той момант яна ўжо была вядомая на ўвесь свет.

«Я паглядзеў перад сабой, а там — чырвоныя агеньчыкі атамнай электрастанцыі. Паглядзеў на неба, а там зоркі над Дняпром перамяшаліся з ракетамі. Бачу, як адна ракета выбухае. Думаю: добра, што не па нас», — так апісвае сваё дэсантаванне на левы бераг Дняпра ў раёне Энергадара ў 2022 годзе «Саба».

На тым напрамку расійскія войскі абстрэльвалі іх з артылерыі, ЗРК і кулямётаў. Гэта была адна са спробаў украінскіх спецназаўцаў перайсці да нападаў у тыле ворага на левабярэжжы.

Да таго ў гураўцаў быў вопыт фарсіравання возера Сіваш у жніўні 2016 года. Украінскія выведнікі дастаўлялі ў Крым выбухоўку і зброю паблізу расійскіх вайсковых баз. Там у іх адбыўся бой са спецпадраздзяленнем «Вымпел» ФСБ Расіі. Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» расказаў кіраўнік вайсковай разведкі Кірыла Буданаў.

«Дарэчы, украінскі марскі спецназ быў базавым у Савецкім Саюзе. Самыя магутныя яго кадры яшчэ паспелі прынесці свой вопыт ва УСУ. Пераемнасць пакаленняў захоўваецца. Начальнік ГУР генерал-лейтэнант Кірыла Буданаў асабіста ўдзельнічаў у Крымскім рэйдзе 2016 года. Ім кіраваў нябожчык цяпер Максім Шапавал», — успамінае Павел Лакійчук.

І падкрэслівае, што «спецназаўцы — гэта штучны тавар, які робіць неверагодныя справы».

«Амфібійныя аперацыі з дэсантаваннем на бераг — гэта яшчэ складанейшыя за іх аперацыі на сушы», — адзначае эксперт.

Гэтым разам наперадзе было не возера, а Кахоўскае вадасховішча.

Кахоўскае вадасховішча да падрыву дамбы. Фота: Getty Image

Кахоўскае вадасховішча да падрыву дамбы. Фота: Getty Image

«Шырачэзны Дняпро — гэта рубеж, які затуляе праціўніка. Так было і да, і пасля падрыву Кахоўскай дамбы. Расіяне мусілі б быць упэўненыя, што ні адзін разумны чалавек не нападзе на іх з боку правабярэжжа, асабліва ў вусці Дняпра, дзе ёсць шырачэзная пойма. Раптам з вады з'яўляюцца «33 багатыры», яшчэ і раздаюцца залпы ў нечаканым кірунку», — кажа Павел Лакійчук.

Пад Энергадарам ваенныя разведчыкі падчас дэсантавання і штурму ўступалі ў кантактны бой з расійскімі вайскоўцамі.

«Што тычыцца такіх складаных аперацый, як высадка праз Кахоўскае вадасховішча для праходу да Энергадару — на жаль, яна была не вельмі ўдалая. Не буду ацэньваць, па чыёй віне гэта адбылося. Але дакладна ў тым не было віны нашых вайскоўцаў. Там пайшло не па плане», — лічыць спадар Лакійчук.

«Тым летам (2022 года — рэд.) зайшлі ў Энергадар, у нас не было падтрымкі — і мы выйшлі. Зайшлі, высадзіліся. Ну што? Каманда: «Выходзь». Добра, выходзім. Хоць заходзілі з баямі», — распавядаў у інтэрв'ю «Украінскай праўдзе» камандзір спецпадраздзялення «Артан» Віктар Таркацюк.

У пачатку верасня 2022 года расійскія пракрамлёўскія медыя напісалі, што ў раёне Энергадара іх арміі ўдалося знішчыць сем лодак з дзвюма дыверсійнымі групамі, а праз два дні пасля гэтага яны заявілі ўжо пра паражэнне 20 лодак і катараў.

«З іх звестак вынікае, што ў нас павінна быць значна больш сродкаў, чым ёсць напраўду. Яны заўсёды кажуць пасля такіх нашых аперацый, што знішчылі кучу нашых лодак. Я не памятаю такога, каб іх інфармацыя адпавядала рэчаіснасці», — кажа «Саба». Сваю галоўную мэту дэсантавання ў Энергадары ўкраінскія спецназаўцы пакуль не раскрываюць.

У 2023-м для нападаў на расійскія сілы ў Энергадары пачалі выкарыстоўваць дроны. 12 верасня яны паведамілі на сваіх рэсурсах пра «падарункі» для акупацыйнай адміністрацыі Энергадара, якія прывялі да пажару ў «аддзеле пашпартызацыі РФ». А вопыт 2022 года быў выкарыстаны падчас іншых баявых рэйдаў у вусці Дняпра.

Спецыялісты прызнаюць, што аналагаў аперацыі на «вышках Бойкі» ў гісторыі сучасных войнаў не было. Фота: спецпадраздзяленне «Артан»

Спецыялісты прызнаюць, што аналагаў аперацыі на «вышках Бойкі» ў гісторыі сучасных войнаў не было. Фота: спецпадраздзяленне «Артан»

«Гарачыя вышкі»

«Энергадар — гэта была таксама вельмі добрая падрыхтоўка да аперацыі на «вышках Бойкі». Падчас яе мы праплылі 112 кіламетраў на лёгкіх лодках у адкрытым моры, без прывязкі да сушы, у водным тумане. Такой аперацыі не праводзіў яшчэ ніхто. Да таго ў нас было ўжо некалькі спробаў высадкі, але праз штармавыя хвалі мы не маглі прышвартавацца».

Гэтым разам замест расійскіх дронаў «Арлан-10» над галовамі ўкраінскіх вайскоўцаў кружыў расійскі знішчальнік Су-30.

Дзякуючы фільму ГУР Мінабароны пра гэтую спецаперацыю даведалася ўся краіна. Адзін з байцоў з пазыўным «Конан» выпаў з лодкі і пратрымаўся ў вадзе 14 гадзін, пакуль таварышы не знайшлі яго і не выратавалі.

Як канкрэтна ў гэтым выпадку ваенным выведнікам дапамагло «пахаванне ваяра»?

«Гэтыя вышкі вельмі гарачыя. Тэмпература паветра там была больш за 40 градусаў, а кісларод яшчэ і спальвала газавая платформа, дзе гарыць полымя. Ты павінен піць там шмат вады, каб пратрымацца», — распавядае «Саба».

І ўспамінае адзін з самых небяспечных момантаў на вышках:

«Я павінен быў праверыць, ці замінаваныя некіраваныя авіяцыйныя ракеты, якія знаходзіліся ў труме. Мы прыбралі ўсіх з палубы. Калі б яны былі замінаваныя, то адбыўся б выбух. Мяне ніколі б не знайшлі. Была б толькі ўспышка. Але быў загад і яго трэба выконваць».

Далей ён з напарнікам кідаў жэрабя, каму заходзіць першым у трум. «Жэрабя першым выпала майму пабраціму — ён сапёр. Я ішоў адразу за ім. Наогул, якой бы жэрабя не выпала, мы пайшлі б разам».

Боепрыпасы не былі замінаваныя…

Кадр з нагруднай камеры «Сабы» на «вышках Бойкі». Фота: спецпадраздзяленне «Артан»

Кадр з нагруднай камеры «Сабы» на «вышках Бойкі». Фота: спецпадраздзяленне «Артан»

Яшчэ адзін вынік гэтай аперацыі — дэмантаваная на вышках берагавая радыёлакацыйная станцыя «Нява-Б». Расійская армія не толькі страціла «свае вочы» ў паўднёва-заходняй частцы Чорнага мора. Дзякуючы даным гэтай станцыі можна будзе прайграць, якую інфармацыю збіралі і атрымлівалі тут расійскія войскі.

Тым часам Украіна плануе далей атакаваць тэрыторыю Расіі дронамі для знясілення яе СПА і вываду са строю яе вайсковага транспарту і вытворчасцяў. Пра гэта начальнік ГУР Кірыла Буданаў заявіў у нядаўнім інтэрв'ю часопісу The Economist. ГУР Мінабароны запэўнівае: на атакі Расіі на ўкраінскую інфраструктуру будзе адказ.

Украінскія спецназаўцы таксама выконваюць баявыя і спецыяльныя задачы ў акупаваным Крыме і на тэрыторыі Расіі. Іх падрабязнасцяў на дадзеным этапе яны не раскрываюць.

Чытайце таксама:

Украінская разведка заявіла пра чарговы рэйд сваіх вайскоўцаў у акупаваны Крым

У Расіі завочна абвінавацілі Кірылу Буданава ва ўдарах па Маскве і рэгіёнах. Налічылі больш за 100 выпадкаў

Спецаперацыя «Барыня»: Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны завербавала расійскага вайскоўца

Клас
69
Панылы сорам
5
Ха-ха
5
Ого
7
Сумна
4
Абуральна
15