Контрнаступ контрнаступление counteroffensive

Лінія ўкраінска-расійскага фронту ператварылася ў выпаленую зямлю. Фота: AP Photo / Alex Babenko

За дзевяць месяцаў гэтага года лінія фронту амаль не змянілася. Ані расійскія, ані ўкраінскія спробы наступу не мелі поспеху. У чым прычыны такой сітуацыі на фронце?

Мінныя палі адолець крайне цяжка

Першая прычына няўдач — трывалыя ўмацаванні. Абодва бакі змагаюцца за пазіцыі, якія ў некаторых частках усходняй Украіны былі ўзведзены не толькі на працягу апошніх месяцаў вайны, але, як у выпадку Данецкай і Луганскай абласцей, гадоў. Да старых умацаванняў, узведзеных пасля 2014 года дадаюцца вялікія плошчы замінаваных тэрыторый, супрацьтанкавых равоў і бетонных пірамід, якія расійскі бок паставіў за зіму.

Як адзначае выданне «Украінская праўда» са спасылкай на украінскіх вайскоўцаў, міны расстаўленыя так, каб пасля нязначнага прасоўвання ўкраінскія сілы заставаліся на максімальна адкрытым участку і былі даступныя для паражэння супрацьтанкавымі сродкамі або артылерыяй.

«Таксама яны капаюць вельмі вузкія і глыбокія, метры тры, акопы. Гэта зроблена для таго, каб падчас штурму нават два чалавекі, якія не ведаюць, як пабудаваны акоп, не змаглі ў ім размінуцца. Далей, напрыклад, першы «прылёт» — ёсць паранены, і ўсё, група проста застаецца ў гэтым акопе», — падзяліўся сваім вопытам адзін з камандзіраў.

Як пісала BBC, пры наступе выявілася недастатковая колькасць інжынернай тэхнікі, якая заўсёды нясе вялікія страты пры пераадоленні інжынерных загароджванняў — мінных палёў і перашкод.

Інжынерная тэхніка, у тым ліку машыны разгароджвання, рамонтна-эвакуацыйныя, спецыяльныя сродкі размініравання, фігуравалі ў заходніх пастаўках на працягу апошніх месяцаў, але гэтых сродкаў, усё роўна не хапіла.

Украінскі вайсковец з ампутаванымі канцавінамі і яго нявеста. Фота: AP Photo / Libkos

Украінскі вайсковец з ампутаванымі канцавінамі і яго нявеста. Фота: AP Photo / Libkos

Акрамя таго, Украіна працягвае адчуваць недахоп артылерыі і боепрыпасаў. Нават пры наяўнасці жадання еўрапейскія партнёры сутыкнуліся з праблемай выканання ўжо абяцанага. 

Па словах экспертаў, на якія спасылаецца The New York Times, вайсковы сектар Еўропы за апошнія 30 гадоў моцна скараціўся — еўрапейцы не дапускалі, што на кантыненце можа здарыцца новая вайна, у выніку еўрапейскія краіны проста не здольныя хутка нарасціць аб'ёмы вытворчасці і паставіць Украіне абяцаны мільён 155-міліметровых снарадаў на працягу года.

Нізкая паспяховасць контрнаступу, да таго ж, абумоўленая і недастатковай падрыхтаванасцю вайскоўцаў. Многія вопытныя салдаты і камандзіры загінулі ў пачатку вайны, іх замянілі новабранцы. А навучанне ўкраінскіх вайскоўцаў спецыялістамі НАТА адбываецца паскораным тэмпам і па праграмах, якія не адаптаваны пад наяўныя выклікі.

Да таго ж, пастаўкі Украіне новай тэхнікі даюць як перавагі, так і недахопы. Галоўны з якіх — падрыхтоўка спецыялістаў для іх абслугоўвання і выкарыстання. Другі недахоп звязаны з тым, што наяўнасць розных тыпаў тэхнікі значна ўскладняе, сцвярджаюць эксперты, планаванне і правядзенне аперацый.

Захад практычна вычарпаў складскія запасы вайсковай тэхнікі, якія мог паставіць Кіева без рызыкі для ўласнай бяспекі. Прэзідэнты Зяленскі і Байдэн. Фота: AP Photo / Evan Vucci

Захад практычна вычарпаў складскія запасы вайсковай тэхнікі, якія мог паставіць Кіева без рызыкі для ўласнай бяспекі. Прэзідэнты Зяленскі і Байдэн. Фота: AP Photo / Evan Vucci

Расія дамінуе ў паветры

Трэба памятаць і пра панаванне Расіі ў паветры. Расійскія войскі, як пісала BBC, з поспехам выкарыстоўваюць ударныя верталёты, якія могуць паражаць украінскую бранятэхніку з дыстанцыі, якая перавышае далёкасць дзеяння ўкраінскіх ПЗРК. А пастаўкі знішчальнікаў F-16 усё адкладваюцца і адкладваюцца. У выніку ўкраінцы вымушаны пазбягаць вялікіх канцэнтрацый бронетэхнікі і больш выкарыстоўваць пяхоту, якая, у сваю чаргу, таксама змушаная дзейнічаць невялікімі групамі.

Эфектыўнасць выкарыстання ўкраінскім бокам дронаў сутыкаецца з добра пастаўленай работай расійскіх сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. Расіяне сталі выкарыстоўваць комплекс «Поле-21», які блакуе любую навігацыю па спадарожніку на тэрыторыі да 150 квадратных кіламетраў.

Акрамя гэтага, па звестках The New York Times, украінскія вайскоўцы сутыкнуліся з недахопам танных беспілотных лятаючых апаратаў з-за ўвядзення з 1 верасня Кітаем абмежавання на пастаўкі кампанентаў.

Стратэгія Расіі

Як адзначае выданне, на канец верасня Расія кантралявала тэрыторыю амаль на 400 квадратных кіламетраў большую за тую, што была пад яе акупацыяй у пачатку года. Гэта звязанае з захопам Салядара і Бахмута падчас зімова-веснавых баёў. Пры гэтым расійскае камандаванне не імкнецца да вялікіх баёў, а канцэнтруецца на ўтрыманні тэрыторый.

На думку аналітыкаў, утрыманню тэрыторый садзейнічае і значная (у тры разы) перавага колькасці расійскай арміі. Таму Масква можа разглядаць працяглую абарону як адпаведную сваім інтарэсам.

Цяпер стратэгія Расіі заключаецца ў тым, каб дазволіць украінцам прарывацца праз сваю абарону, пры гэтым забіваць як мага болей людзей і знішчаць як мага болей заходняй тэхнікі.

Ад лістапада, як звычайна гэтай парою, на поўдні Украіны чакаюцца інтэнсіўныя працяглыя дажджы. А цяжкая тэхніка, сярод якой толькі што пастаўленыя амерыканскія танкі Аbrams і брытанскія Challenger, на разлезлых дарога проста загразнуць, бо распрацавана з вялікім ухілам на абаронную вайну. У той час, як пры распрацоўцы расійскай бронетэхнікі ставіліся павышаныя патрабаванні па мабільнасці.

Танк «Абрамс» Tank Abrams Танк

Танк «Абрамс». Фота: Saurabh Das / AP

Запавольванне вайны не ідзе на руку Украіне, якая залежыць ад заходняй дапамогі — хоць бы таму, што панаванне Расіі ў паветры робіць праблематычнай працу вайсковых вытворчасцей унутры Украіны.

Украінцы яшчэ не спрабавалі ажыццявіць масіраваны дэсант цераз Дняпро, каб ударыць у тыл расійскай групоўцы, якая трымае фронт пад Запарожжам, але гэта выключна складаная задача, якая патрабуе наяўнасці агромнай колькасці тэхнікі і пантонаў. Украінскія спецназаўцы здолелі заняць некалькі нізінных астравоў на левым беразе Дняпра, якія ўсе яны малапрыдатныя для плацдарма.

Калі ўкраінцам не ўдасца арганізаваць нейкі нечаканы ўдар, то магчыма, фронт замарозіцца на цяперашніх пазіцыях.

У 2022 годзе Украіна здолела выбіць расійскую армію з-пад Кіева, Харкава і з Херсона, але Расія працягвае кантраляваць узбярэжжа Азоўскага мора. Карта: Wikimedia Commons

У 2022 годзе Украіна здолела выбіць расійскую армію з-пад Кіева, Харкава і з Херсона, але Расія працягвае кантраляваць узбярэжжа Азоўскага мора. Карта: Wikimedia Commons

Пат гэта чыя перамога?

Гэта будзе азначаць, што Расіі не ўдалося выканаць сваёй задачы-максімум — захопу Украіны і ліквідацыі яе дзяржаўнасці, не ўдалося і дабіцца дасягнення задачы, якая падавалася ў лютым 2022 года мінімальнай — захопу ўсяго Данбаса і ўсяго чарнаморскага ўзбярэжжа Украіны і адразання яе ад мора. Але сухапутны калідор уздоўж Азоўскага мора Расія цаной дзясяткаў тысяч жыццяў захапіла.

Мяркуючы па ўсім, расіяне панеслі нашмат большыя страты ў жывой сіле і тэхніцы, чым украінцы.

Мяркуючы па ўсім, расіяне панеслі нашмат большыя страты ў жывой сіле і тэхніцы, чым украінцы. Але і ўкраінскія страты вымяраюцца дзясяткамі тысяч людзей. На фота: людзі ставяць сцяжкі памяці забітых родных на Майдане Незалежнасці ў Кіеве. Фота: AP Photo / Alex Babenko

Мяркуючы па ўсім, расіяне панеслі нашмат большыя страты ў жывой сіле і тэхніцы, чым украінцы. Але і ўкраінскія страты вымяраюцца дзясяткамі тысяч людзей. На фота: людзі ставяць сцяжкі памяці забітых родных на Майдане Незалежнасці ў Кіеве. Фота: AP Photo / Alex Babenko

Такі вынік вайны не абяцае нічога добрага для свету. Калі кожная мацнейшая краіна можа вось так захопліваць і адразаць сабе тэрыторыі слабейшых, свет ператворыцца ў нашмат менш бяспечнае месца.

З другога боку, для Украіны сітуацыя нагадвае фінскую 1940 года. У няроўным змаганні з СССР Фінляндыя вымушаная была саступіць памежныя, самыя развітыя тэрыторыі, але захавала незалежнасць і, больш за тое, драпежны сусед больш не рашаўся замахнуцца на яе існаванне, а праз 83 гады яна нават здолела скарыстацца момантам і далучыцца да НАТА. Нягледзячы на разбурэнні і людскія страты, Украіна выходзіць з гэтай вайны мацнейшай — як вайскова, так і палітычна. А рэальная перспектыва далучэння да Еўрасаюза гарантуе краіне гаспадарчы бум, які ў апошнія дзесяцігоддзі перажылі краіны Цэнтральнай Еўропы.

Чытайце яшчэ:

Чаму ўкраінскае контрнаступленне ідзе павольней, чым чакалася

Вайна, якая ніколі не скончыцца?

ЗША прытрымліваюцца прагматычнай формулы «нічога без Украіны, але не ўсё для Украіны» — Le Monde

Клас
47
Панылы сорам
18
Ха-ха
9
Ого
12
Сумна
90
Абуральна
37

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?