Сяргей нарадзіўся і жыве ў Мінску. Скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ. У IT-сферы працуе каля сямі гадоў. Бізнэс– і сістэмны аналітык, мае досвед працы ў розных сферах: фінтэху, банкаўскай сферы, рытэйле, медыцыне.

«Я імкнуся пастаянна развівацца ў прафесіі — праходжу навучанне, каб падцягваць свае навыкі. Думаю пра будучыню, ацэньваю свае перспектывы — магчыма, атрымаецца рэалізаваць цікавы стартап».

Люблю падарожнічаць, балазе дазваляе гэта рабіць аддалены рэжым працы, да офіса я не прывязаны. У вяснова-летні перыяд гэта падарожжа па Еўропе. Вельмі спадабалася ў Іспаніі, Італіі, хачу трапіць у Партугалію, Грэцыю. І яшчэ мая мара — пабываць у Англіі. Яна родам з дзяцінства: я вывучаў англійскую на профільным узроўні, і мы шмат чыталі пра Англію.

У дакавідныя часы бываў у ЗША, тады гэта былі камандзіроўкі. А зімой хочацца больш падарожнічаць па Паўднёва-Усходняй Азіі. Мінулай зімой пажыў трохі на Балі, можа быць, і ў гэтым сезоне атрымаецца з'ездзіць у той край.

Важная частка майго жыцця — спорт. Займаюся боксам з трэнерам, на базавым узроўні. Плюс трэнажорная зала (таксама з трэнерам) і стрэтчынг. Праца ў мяне ў асноўным сядзячая, і рух вельмі дапамагае разгрузіцца фізічна.

Бацькі таксама жывуць у Мінску. Бацька — вайсковы пенсіянер, мама таксама на пенсіі, яна лекар і працягвае працаваць па спецыяльнасці. У мяне цёплыя адносіны з бацькамі, яны далі мне добрую адукацыю і выхаванне і на сваім прыкладзе паказалі, што значыць упартасць і працавітасць.

Стараюся ім дапамагаць ці проста бавіць з імі час разам. Нягледзячы на шчыльны графік, заўсёды знаходжу час для родных. Не абавязкова патрабуецца фінансавая дапамога — часам трэба проста нешта прывезці або з чымсьці дапамагчы.

Размеркаванне бюджэту

«Да фінансаў стаўлюся дысцыплінавана, абдумваю свае выдаткі трохі наперад. Мой сярэдні бюджэт на месяц — каля 800-1000 даляраў. Сюды ўваходзіць арэнда кватэры, абслугоўванне машыны, абанемент у трэнажорную залу і аплата заняткаў з трэнерам, выдаткі на ежу, адзенне, касметыку, нейкія працэдуры, звязаныя са здароўем (напрыклад, масаж, басейн). Калі застаюцца вольныя фінансы, магу выдаткаваць на забавы.

Раблю ашчаджэнні — гэта грошы на буйныя пакупкі ці паездкі. Захоўваю іх у розных валютах: напрыклад, рублі на дэпазіце ў банку, а даляры і еўра наяўнымі.

Каля 10-15% сродкаў (але не больш) стараюся накіроўваць на інвестыцыі. У асноўным гэта акцыі і крыптавалюта. Інвестыцыі звязаныя з пэўнымі рызыкамі, таму зыходжу з таго, каб у выпадку нейкай страты або прасадкі на рынку майму бюджэту не была нанесена непапраўная шкода.

Штодзённы ўлік фінансаў не вяду, але буйныя выдаткі, як правіла, запамінаю. І потым аналізую, на што ў мяне сыходзіць больш грошай».

Падушка бяспекі

«Так, яна ў мяне ёсць. Гэта фіксаваная сума. Паколькі цяпер сітуацыя на рынку не вельмі стабільная, стараюся мець запас грошай на паўгода наперад. Улічваючы, што ў месяц у мяне сыходзіць каля 1 тысячы даляраў на жыццё, то гэта прыкладна 6-7 тыс. даляраў — мой недатыкальны запас, які не трачу. Гэтыя грошы ляжаць на карце і частка наяўнымі, каб былі пад рукой».

Першыя грошы за мыццё машын

«Добра памятаю. Мне было гадоў з 7-8. Улетку з сябрамі хацелася падпрацаваць. І мы на запраўках за сімвалічныя грошы прапаноўвалі кіроўцам машыну памыць, працерці шкло. Кожны на нешта збіраў — хтосьці на цукеркі, а хтосьці на прыстаўку або ровар.

У школе ў мяне была магчымасць падпрацоўваць у свайго дзядзькі, уладальніка ювелірнай майстэрні. Рабіў простую працу, напрыклад, нанізваў пацеры, збіраў дробныя дэталі. Потым задачы ўскладняліся, я вучыўся рабіць больш складаныя вырабы з каштоўных металаў, бранзалеты, ланцужкі, падвескі».

Студэнцкія падпрацоўкі

«Падчас вучобы ва ўніверсітэце ездзіў па праграме абмену ў ЗША. У летні перыяд атрымлівалася там нядрэнна зарабляць. Праграма Work & Travel дазваляла не толькі падарожнічаць, але і афіцыйна працаваць. Зразумела, гэта былі простыя работы — афіцыянтам, паркоўшчыкам, запраўшчыкам. Важна было добра ведаць англійскую мову.

Ва ўніверсітэце я таксама падпрацоўваў лабарантам, абслугоўваў камп'ютарныя класы. І яшчэ трохі гуляў у покер анлайн: мне падабаецца гэтая гульня з пункту гледжання псіхалогіі і матэматыкі. У тыя гады ў добры дзень мог зарабіць 30-40 даляраў, і гэта было вельмі добра для студэнта».

Як трапіць у IT без тэхнічных ведаў

«Пасля ўніверсітэта праходзіў практыку ў МЗС. Размеркавання ў мяне не было. Уладкаваўся на працу ў адну рэкламную сеткавую кампанію, займаўся міжнародным маркетынгам.

Асноўнай задачай было праводзіць розныя рэкламныя гульні, акцыі для буйных міжнародных брэндаў. У нейкі момант сутыкнуўся з выбарам — працягваць у гэтай сферы або паспрабаваць сябе ў IT.

Некаторыя мае сябры ўжо перайшлі ў айцішку, якая тады набірала абароты. І я падабраў сабе спецыялізацыі, якія не патрабавалі тэхнічнай адукацыі, але прадугледжвалі наяўнасць добрых камунікацыйных навыкаў і веданне замежных моў.

Мне вельмі спадабалася спецыфіка гэтай працы. Першыя два гады набіраўся вопыту ў невялікай кампаніі, паралельна шмат вучыўся. На той момант мой заробак упаў у параўнанні з міжнародным маркетынгам. Але быў патэнцыял. Стаў атрымліваць больш цікавыя прапановы.

Затым перайшоў у Epam, пачаў працаваць як бізнэс-аналітык, асвойваў сумежныя сферы. І праз чатыры гады перайшоў у іншую кампанію, з вузкай спецыялізацыяй, арыентаваную на амерыканскі рынак. Заробак вырас. І стаў ужо не толькі бізнэс-аналітыкам, але займаўся project-менеджментам.

Летась, калі многія IT-бізнэсы сталі пакідаць беларускі рынак, я знайшоў новую кампанію, у якой цяпер і працую. Гэта праект у сферы Big Data, скіраваны на збор і апрацоўку даных».

Ключавыя выдаткі

«На што я дакладна не буду скупіцца, гэта на падарожжы. Я сапраўды хачу пабачыць свет. Я не кажу пра Мальдывы ці нейкія дарагія курорты. Мяне цікавіць магчымасць падарожнічаць, вывучаць архітэктуру гарадоў, атрымліваць асалоду ад прыроды, заводзіць новыя знаёмствы, вывучаць іншыя сацыяльныя культуры. Напрыклад, хачу пабачыць усе акіяны — каля Атлантычнага і Індыйскага я ўжо быў.

Яшчэ з задавальненнем выдаткоўваю грошы на самарэалізацыю, праходжанне курсаў, на сертыфікацыю. Хай гэта дорага, але калі спатрэбіцца для маёй кар'еры — шкадаваць не буду.

Не ашчаджаю на здароўі — і сваім, і сваіх блізкіх. Мне цяпер 33, але каб падтрымліваць свой стан на добрым узроўні, трэба клапаціцца пра сябе ўжо цяпер. Нават на першае месца магу паставіць гэты артыкул. Гэта вітаміны, праходжанне медыцынскіх абследаванняў. Сюды ж магу аднесці якасныя прадукты, а таксама добрую касметыку — выбіраю брэнды даражэйшыя, якім можна давяраць.

За што я, напэўна, не буду пераплачваць — гэта пакупкі на хайпе, напрыклад, выхад новага айфона. Нават калі ў мяне не айфон, але ён маральна не састарэў і цалкам мяне задавальняе — за новым не пабягу. Гэта датычыць не толькі тэлефона — але ноўтбука, машыны і іншых рэчаў.

Не стану ўкладаць грошы ў нейкія авантурныя пакупкі, сумнеўныя праекты. Тое, у чым я не разбіраюся, напрыклад, нават калі абяцаюць вялікія выгады ад укладанняў. Калі патрабуецца нейкая паслуга, мне нескладана правесці аналіз і выбраць аптымальную па цане прапанову. Хутчэй за ўсё, я не пайду ў нейкае месца толькі таму, што яно лічыцца модным.

Вопратку я абнаўляю пастаянна. У мяне ёсць гардэроб на ўсе выпадкі жыцця, да нейкіх канкрэтных брэндаў я не прывязаны, хоць ёсць тыя, якія падабаюцца больш за іншыя. Калі разумею, што нейкія рэчы насіць больш не буду, на антрэсолях іх не захоўваю, — збіраю ў скрынку і аддаю на дабрачыннасць».

Чытайце таксама:

«Укладаюся ў 2,5 рубля». Колькі грошай беларусы аддаюць на абеды ў сталоўках і кавярнях

«Мы не дзелім на «тваё-маё». Айцішніца расказала, як размяркоўвае бюджэт сям'я, дзе жонка зарабляе ў чатыры разы больш за мужа

«Ісці весяліць 20-гадовую пару на вяселлі — ужо, напэўна, не». Былы папулярны радыёвядучы пайшоў у дальнабойнікі і не шкадуе

Клас
9
Панылы сорам
2
Ха-ха
7
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
5