«Гэты факт ніякім чынам не паўплывае на дзейнасць Рады БНР, яе ўзаемадзеянне з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і яе падтрымку беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за свабоду і незалежнасць Украіны.

Больш за тое, заведама незаконныя і абгрунтаваныя экстрэмісцкай ідэалогіяй рэжыму Лукашэнкі рашэнні і дзеянні, у тым ліку псеўдаюрыдычнага характару, папаўняюць спіс злачынстваў, якія могуць быць падставай для крымінальнага пераследу датычных да іх асобаў пасля аднаўлення законнасці на тэрыторыі Беларусі.

Абвінавачванні супраць Рады БНР, у тым ліку заявы пра адмаўленне Радай БНР незалежнасці беларускай дзяржавы, носяць заведама ілжывы і абсурдны характар, асабліва з улікам таго, што менавіта Рада БНР 25 сакавіка 1918 году абвесціла пра дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі, ад чаго вядзе свой адлік гісторыя сучаснай суверэннай Беларусі», — гаворыцца ў заяве.

Таксама Рада БНР нагадвае, што неаднаразова асуджала таталітарныя рэжымы, якія здзяйснялі злачынствы на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку рэжым нямецкіх нацыянал-сацыялістаў.

Так, у заяве два гады таму ад 22 чэрвеня 2021 г., прынятай з нагоды васьмідзясятых угодкаў ад пачатку гітлераўскай акупацыі Беларусі, Рада БНР казала пра наступнае:

«Рада БНР салідарызуецца з рашэннямі Нюрнберскага трыбунала ў асуджэнні даказаных вайсковых злачынстваў, здзейсненых на тэрыторыі Беларусі нямецкімі войскамі і іхнымі хаўруснікамі, у тым ліку як беларусамі, так і расійскімі нацыяналістамі і прадстаўнікамі іншых краінаў. Рада БНР асуджае ўсе арганізацыі, прызнаныя злачыннымі рашэннем Нюрнберскага трыбунала. Разам з тым, Рада БНР асуджае прапагандысцкае злоўжыванне тэмай трагедыі Другой Сусветнай вайны з боку таталітарнага савецкага рэжыму і ягоных сучасных спадкаемцаў.

Камуністычныя ўлады выкарыстоўвалі каласальную траўму беларускага народа ад вайны дзеля маніпулявання нашым народам, распальвання варажнечы да іншых краінаў, прыхавання памяці пра масавы савецкі палітычны тэрор і масавыя савецкія вайсковыя злачынствы, а таксама дзеля ўмацавання сваёй злачыннай антыбеларускай улады», — гаварылася ў заяве два гады таму.

Чытайце таксама:

Генпракуратура завяла крымінальныя справы супраць Рады БНР

Клас
23
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
3