Паліна Шарэнда-Панасюк

Паліна Шарэнда-Панасюк

Паліну затрымалі 3 студзеня 2021 года. Маці двух малых сыноў абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 364 (гвалт у адносінах да супрацоўнікаў міліцыі), арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).

У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста прызначыў жанчыне два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У канцы лютага 2022 года на палітзняволеную завялі крымінальную справу па ч. 2 арт. 411 КК, а пазней асудзілі да яшчэ аднаго года калоніі. Паліна — першая палітзняволеная жанчына ў Беларусі, асуджаная па гэтым артыкуле. На выязным пасяджэнні ў гомельскай калоніі 7 красавіка 2022 года актывістку асудзілі яшчэ да аднаго года калоніі. 

У чэрвені 2022 года ёй пакінулі прысуд без зменаў і перавялі з СІЗА у папраўчую калонію № 24.

Пасля прыбыцця ў калонію яе змясцілі ў ШІЗА, дзе яна правяла 80 сутак амаль бесперапынна. Пасля гэтага яе адправілі ў ПКТ на паўгода і завялі новую крымінальную справу паводле арт. 411 КК.

Нядаўна Паліну накіравалі на экспертызу ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя «Навінкі». Этап туды адбываўся праз «Валадарку». Але Паліна адмовілася ад экспертызы — яна не размаўляла з лекарамі, адмовілася прымаць любыя лекі, а таксама адмовілася здаваць любыя віды аналізаў.

У выніку Паліну тэрмінова, спецэтапам, адправілі на «Валадарку» і літаральна праз пару начных гадзін з СІЗА-1 яе адправілі назад у калонію № 24 у Зарэччы. Пазней з'явілася інфармацыя, што напрыканцы чэрвеня Паліна была моцна збітая ў зарэчанскай калоніі.

Паводле мужа палітзняволенай Андрэя Шарэнды, сёння на судзе Паліна публічна пацвердзіла, што ў чэрвені яе збілі іншыя зняволеныя папраўчай калоніі № 24 па наводцы адміністрацыі.

Тады ёй моцна пашкодзілі твар і ўнутраныя органы. Таксама яна заявіла пра жорсткія ўмовы ў калоніі, ізалятары часовага ўтрымання рэчыцкага РАУС і ў гомельскім СІЗА цягам года.

Акрамя гэтага, яна распавяла пра ўмовы ўтрымання ў рэчыцкім ІЧУ: яна спіць на падлозе, бо ёй не выдалі ні матраца, ні пасцелі, а таксама забралі ўсе асабістыя рэчы. Таксама яна неаднаразова падкрэслівала, што ўсе парушэнні былі проста фармальнасцю за яе грамадзянскую пазіцыю.

На пачатку працэсу Паліна нагадала, што не лічыць гэты суд законным і не належыць гэтаму суду, бо напісала адмову ад беларускага грамадзянства, а сам працэс назвала проста фарсам. На сённяшні дзень паспелі даць паказанні ўсе сведкі. Таксама паспела сказаць сваё слова Паліна.

Калі падышлі да спрэчкі бакоў, пракурор нечакана запрасіў перанос пасяджэння на наступны тыдзень на 9 кастрычніка. Пазіцыю сваю ён не патлумачыў.

Па словах мужа, Паліна перадала падзяку ўсім людзям, якія падтрымалі яе за гэты час. Жанчына падкрэсліла, што не лічыць сябе зняволенай, а лічыць сябе ваеннапалоннай. Яе фізічны стан адлюстроўвае тыя жорсткія ўмовы, у якіх яе ўтрымліваюць.

Падтрымайце палітзняволеную грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі:

ІЧУ АУС Рэчыцкага райвыканкама. 247483, Гомельская вобл., г. Рэчыца, вул. Савецкая, 35

Паліна Сяргееўна Шарэнда-Панасюк

Чытайце таксама:

У Рэчыцы пачынаецца суд над Палінай Шарэндай-Панасюк. Яе збіраюцца трэці раз пакінуць за кратамі

«Псіхалагічна Паліна трымаецца, але фізічна яе арганізм вельмі аслаблены» — зварот Андрэя Шарэнды да арганізацый і неабыякавых людзей

«Мех пабітых яблык ад невядомага «добразычліўца». Стала вядома, чаму не даходзяць перадачы да Паліны Шарэнды-Панасюк

Клас
2
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
19
Абуральна
34