Артура Міхальскага, дыпламата з 27-гадовым досведам працы, прызначылі амбасадарам Польшчы ў Беларусі 15 мая 2018 года. Гэта быў час, калі Аляксандр Лукашэнка балансаваў між Расіяй і Захадам пасля анексіі Расіяй Крыма.

Артур Міхальскі кажа, што адчуваў перамены ў Беларусі. У службоўцаў сістэмы была «пэўная адкрытасць». Яны не наважваліся гаварыць пра еўрапейскую будучыню Беларусі, але дэманстравалі гатоўнасць да «больш блізкага супрацоўніцтва». На прыкладзе Польшчы гэта было добра відаць, кажа дыпламат.

Ён устрымліваецца казаць, каму з чыноўнікаў сімпатызаваў, але заўважае, што яго кантакты з імі былі разнастайнымі.

Артур Міхальскі кажа, што з Лукашэнкам ён бачыўся аднойчы ў ліпені 2018 года, калі ўручаў даверчыя граматы, і гэта была афіцыйная цырымонія. Больш сустрэч не было.

«Яны нашы»

Дыпламат адзначае адметную ролю ў тагачасным пацяпленні адносінаў з дэмакратычнымі краінамі міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. Нямала ініцыятыў польскай амбасады накіроўвалася яму, і ён садзейнічаў іх ажыццяўленню.

Адна з іх адбывалася ў знакавы для Беларусі 2020 год. Яна была прысвечана Тадэвушу Касцюшку, а зладзілі ўрачыстасць да гадавіны нараджэння важнай гістарычнай постаці некалькіх народаў супольна польская і амерыканская амбасады.

Па словах Артура Міхальскага, тая імпрэза — прыклад таго, як змянілася Беларусь у перыяд адноснай свабоды. 

«На той імпрэзе было адчуванне адзінства і вялікага ўзрушэння. На ёй быў дух вольнасці, бо сам Касцюшка сімвал вольнасці, за якую змагаўся, — адзначае дыпламат. — На ёй былі беларусы, палякі, літоўцы, амерыканцы. Прысутнічалі журналісты з незалежных медыяў, многія з якіх апынуліся пазней у няволі. Сярод іх Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут».

5 лютага на імпрэзе прысутнічаў Уладзімір Макей. Ён казаў тады, што Беларусь з суседзямі выбудоўвае адносіны «на ўзаемнай гатоўнасці рухацца наперад». Згадваў Манюшку, Міцкевіча, Каліноўскага і даводзіў, што іх нельга камусьці прысвойваць, бо «яны нашы, супольныя».

«2020 год — пачатак канца аўтарытарнага рэжыму»

«Было адчуванне, што назіраю за гістарычнай падзеяй. Было відавочна, што беларусы больш не хочуць, каб у іх краіне былі аўтарытарныя метады кіравання. Яны ўспрымалі ўладу як архаічную. Хацелі пераменаў і тое агучылі на выбарах. Але голас грамадзян не быў пачуты», — згадвае падзеі 2020 года Артур Міхальскі.

Ён адзначае, што кожны народ крочыць уласным шляхам да шчаслівейшай будучыні, абапіраецца на свой досвед.

«Я памятаю, калі ў 1978 год Караля Вайтылу абралі Папам Рымскім. Тады людзі выйшлі на вуліцы ў Варшаве. Была атмасфера свята і адчування таго, што мы, палякі, разам — супольнасць», — расказвае дыпламат.

Амбасадар нагадвае, што ўслед за абраннем Папам Рымскім паляка на яго радзіме адбыліся падзеі, якія наблізілі абрынанне аўтарытарнага рэжыму, узначаленага генералам Войцехам Ярузэльскім. Пераменаў, аднак, давялося чакаць дзясятак гадоў.

«У 1979-м Ян Павел ІІ першы раз наведаў Польшчу, — працягвае дыпламат. — У Варшаве на пляцы Перамогі і прылеглых да яго вуліцах было людзей безліч. У той час у Польшчы людзей змушалі выходзіць на першамайскія дэманстрацыі, якія не былі шматлюднымі. На сустрэчу з Папам Рымскім не трэба было нікога змушаць. Ён быў сімвалам лепшай долі».

У жніўні 1980 года пачаўся страйк на суднаверфі ў Гданьску. Забастоўка перакінулася на іншыя гарады. Польшча спынілася.

Тады паўстаў прафсаюз «Салідарнасць». Улада вымушаная была прызнаць у ім сілу, з якой варта лічыцца. Яго зарэгістравалі як незалежны самакіравальны прафсаюз «Салідарнасць».

У беларускіх падзеях 2020 года Артур Міхальскі бачыць падабенства з часамі грамадскага ўздыму ў Польшчы.

«Калі глядзець на падзеі жніўня 2020 года ў Мінску, то народ заявіў, што хоча быць разам. З'явілася адчуванне адзінства, як тое было ў Польшчы ў 1978 годзе. Як спяваў наш знаны бард Яцэк Качмарскі, людзі «адчулі сілы і моц». Гэты досвед застанецца ў сэрцах беларусаў назаўжды і не будзе забыты, нягледзячы на страшны цяперашні тэрор, зняволенні, прымусовую эміграцыю Гэты досвед — пункт адліку будучыні», — лічыць экс-амбасадар Польшчы ў Беларусі.

Ён адзначае, што шлях да пераменаў не бывае лёгкім. У Польшчы ў 1981 годзе было ўведзена ваеннае становішча. Тады грамадства сутыкнулася са страшнымі рэпрэсіямі.

«Не было зразумела, колькі смутны час будзе трываць. Але гэта быў пачатак канца. Час для вас, беларусаў, цяпер нязвыкла цяжкі, але як пісаў Алесь Бяляцкі, «вясна прыйдзе». З гутарак з беларусамі я зразумеў, што і яны маюць такую ж надзею», — заўважае дыпламат.

«У найбліжэйшай будучыні можа адбыцца што заўгодна»

Артур Міхальскі даводзіць, што прырода такіх рэжымаў, як цяперашні ў Беларусі, змушае іх рэагаваць на незадаволенасць грамадзян брутальна. Такім чынам яны стараюцца працягнуць сваё існаванне.

«У рэжыму Лукашэнкі не хапае ўяўлення, як мысліць у катэгорыях вольнай, незалежнай, дэмакратычнай Беларусі, — адзначае дапламат. — Але рана ці позна яго рэжым абрынецца. Як спявалі падчас жнівеньскіх дзён, «мур рухне».

У Польшчы рэжым Ярузэльскага абрынуўся, калі аслаб Савецкі Саюз. Артур Міхальскі не гатовы сказаць, што можа стаць трыгерам для пераменаў у Беларусі.

«Я не прарок, — кажа ён. — Думаю, што трэба быць дужа асцярожнымі ў такога роду прадказаннях. Яшчэ нядаўна людзі і нават выдатныя аналітыкі не прадказвалі вайны супраць незалежнай Украіны. Таму ў найбліжэйшай будучыні можа адбыцца што заўгодна. Але перамога Украіны можа стаць чыннікам для пачатку перамен у Беларусі. Гэта перамога прывядзе да аслаблення Расіі».

Дыпламат адзначае, што для Польшчы Беларусь была і будзе важным суседам, з якім яна зацікаўленая ў добрых адносінах.

«Але праблема палягае ў тым, што беларусы пазбаўленыя права вызначаць лёс сваёй краіны. І гэта для нас вельмі кепска», — падкрэслівае ён.

Артур Міхальскі заўважае, што стаўленне ўлады да польскай меншасці, якая з’яўляецца гістарычнай часткай беларуска-польскага грамадства, пасля сфальшаваных выбараў 2020 года стала больш негатыўным. Ён нагадвае пра варварства на польскіх пахаваннях, атакаванне польскай мяжы мігрантамі, непрыязную рыторыку з боку афіцыйнага Мінска.

«Мы ведаем, што большая частка беларускага грамадства не бачыць у паляках ворагаў, а ўспрымае нас добрымі суседзямі. Беларусы, якія вымушаныя былі ўцякаць са свайго роднага краю, належаць да тых, хто трымаецца такой пазіцыі. Адносіны між Мінскам і Варшавай кепскія, але адносіны між беларусамі і палякамі развіваюцца. Мы спазнаём адно аднаго ўсё лепей», — настойвае Артур Міхальскі.

Ён дадае, што ў аўтарытарных рэжымах закладзены пошук ворагаў. Афіцыйны Мінск бачыць ворага ў самым блізкім суседзе — Польшчы.

Ад'езд з Беларусі

Артур Міхальскі кажа, што яго ад’езд з Беларусі ў кастрычніку 2020 года не быў ініцыятывай польскага боку. На тым, каб яго выклікалі на кансультацыі, настаяў афіцыйны Мінск.

Адкліканым аказаўся і амбасадар Літвы ў Беларусі.

«Гэта быў смутны час. Мы сталі першымі ахвярамі, якія мусілі пакінуць Мінск. Мы разумелі, у якой сітуацыі апынуліся беларусы, спачувалі ім і былі з імі салідарныя», — згадвае польскі дыпламат. — Вельмі прыкра было пакідаць Беларусь, бо я вельмі палюбіў ваш край і беларусаў. Але ў мяне не было выйсця — такая мая праца».

Пахаванне Шушкевіча

Артур Міхальскі прыязджаў у Мінск у маі 2022 года неафіцыйна на пахаванне Станіслава Шушкевіча. Яму дазволілі наведаць цырымонію развітання, пасля якой мусіў пакінуць Беларусь.

«Шушкевіч — фундаментальна важная, гістарычная постаць. Яго подпіс стаіць на дакуменце, які зафіксаваў распад Савецкага Саюза. Я быў знаёмы са Станіславам Шушкевічам, шмат размаўляў з ім і добра ставіўся да яго ўнёску ў станаўленне незалежнай Беларусі», — даводзіць экс-амбасадар Польшчы ў Беларусі.

Ён перакананы, што такіх асобаў, як Шушкевіч, беларусы павінны цаніць, бо гэты палітык варты таго.

«Ціханоўская — сімвал»

«Трэба цаніць наогул унёсак кожнага, большы ці меншы, у працэс будавання незалежнай дзяржавы і адстойвання яе суверэнітэту», — адзначае Артур Міхальскі.

Паводле яго, цяпер для Беларусі важнай постаццю зʼяўляецца Святлана Ціханоўская. Яна на выбарах атрымала большасць галасоў выбаршчыкаў, упэўнены ён.

«Святлана Ціханоўская — сімвал беларускага народа ў імкненні яго да вольнасці. Яна на міжнародным узроўні актуалізуе беларускую тэматыку. Агучвае думку вольнай, незалежнай, дэмакратычнай Беларусі, якая супрацьстаіць расійскай агрэсіі», — выказваецца Артур Міхальскі.

Ад Ціханоўскай, настойвае дыпламат, палітыкі розных краін чуюць аб жаданні беларусаў стаць часткай еўрапейскай супольнасці народаў. 

Не паслалі — і добра

У дзень уварвання расійскіх войск ва Украіну Артур Міхальскі быў апанаваны неспакоем і абурэннем. Яго, як і многіх палякаў, турбавала пытанне, ці далёка агрэсар прасунецца ў атакаванай краіне. Было яснае разуменне, што ўкраінцы маюць патрэбу ў салідарных дзеяннях.

«Калі гаворка пра Беларусь, то не мусім забываць, што яе тэрыторыя была скарыстаная для агрэсіі, але адказнасць за гэта кладзецца не на беларусаў, а на рэжым Лукашэнкі. Агрэсару была дадзена лагістычная і палітычная падтрымка. Але, разам з тым, беларускае войска не паслалі на вайну — і гэта відавочна вельмі добра», — заўважае польскі дыпламат.

Артур Міхальскі лічыць, што ад рэжыму, які пануе ў Беларусі, варта было чакаць падтрымкі расійскай агрэсіі. Гэта вынікае з савецкага мыслення самога Лукашэнкі.

«Каб ён больш думаў пра беларускую незалежную дзяржаву, а не пра савецкае мінулае, дык, можа, была б іншая сітуацыя», — мяркуе суразмоўца.

І такі момант надыдзе

31 жніўня Артур Міхальскі быў звольнены з пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла ў Рэспубліцы Беларусь. Цяпер ён упаўнаважаны міністра замежных спраў Польшчы па супрацоўніцтве з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

«Шмат беларусаў вымушана пакінулі краіну. Шмат прадстаўнікоў культуры, грамадскіх і палітычных дзеячаў аселі ў Польшчы. Беларускае эміграцыйнае асяроддзе заслугоўвае ўвагі. Яно важнае для беларускага народа. Таму само жыццё запатрабавала заснавання пасады, на якую я прызначаны», — тлумачыць ён.

Вызваленне палітвязняў — найгалоўнейшае пытанне беларускага парадку дня, даводзіць Артур Міхальскі. Нядаўна ён сустракаўся ў Рыме з дыпламатычным корпусам, акрэдытаваным у апостальскай сталіцы. Сустрэчу арганізавалі амбасадары Літвы і Польшчы. На ёй жонка палітвязня і нобелеўскага лаўрэата Наталля Пінчук гаварыла пра лёсы зняволеных беларусаў.

Гісторыя адносінаў палякаў і беларусаў пакручастая. Лукашысты выкарыстоўваюць праблемныя яе старонкі ў сваіх мэтах.

Артур Міхальскі мяркуе: каб супрацьстаяць прапагандзе, трэба беларускім і польскім гісторыкам часцей сустракацца і даводзіць адзін аднаму сваё бачанне розных гістарычных падзей.

«Стаўленне навукоўцаў да некаторых падзей падобнае, — лічыць ён. — А на іншыя гісторыкі глядзяць з розных перспектыў, таму дужа важна выслухоўваць пазіцыю іншага боку і рабіць гэта спакойна».

«Прапаганда разглядае гісторыю толькі з аднаго боку. У яе савецкае мысленне. А калі не прымаеш «рускі свет», то адразу далучаюць да фашыстаў», — адзначае Міхальскі.

Ён нагадвае, што суседства беларусаў і палякаў лучыла іх з еўрапейскімі народамі. Два нашы народы доўгі час жылі ў адной дзяржаве. Паводле яго, на дадзеным этапе гісторыі гэтага дастаткова, каб паразумецца.

«Але для гэтага неабходна, каб надышоў час, калі Беларусь стане дэмакратычнай дзяржавай, і такі момант надыдзе», — перакананы Артур Міхальскі.

На яго погляд, не варта забываць на пачуцці рэгіяналізму, адзінства з Літвой і Украінай.

«Наша рэгіянальная супольнасць важная таму, што разам лягчэй супрацьстаяць імперыялістычным пагрозам з Усходу. Гэтую важнасць паказвае вайна ва Украіне», — адзначае ён.

«Пані Смулкова для нас сімвал»

У 2018 годзе Артур Міхальскі казаў, што хоча стаць годным наступнікам першай амбасадаркі Польшчы ў незалежнай Беларусі Эльжбеты Смулковай. Ён браў на сябе абавязак вывучыць беларускую мову.

«Беларуская мова блізкая польскай. Я шмат чытаю беларускіх тэкстаў, але яшчэ не размаўляю па-беларуску так, як хацелася б», — справаздачыцца дыпламат.

«Пані Смулкова для нас сімвал, — працягвае ён. — Яна прафесійная беларусістка, і гэта было цудоўна, што першая польская амбасадарка ведала дасканала беларускую мову. Тое было глыбока сімвалічна. Калі з ёю сустракаюся, то заўжды гавару аб Беларусі і ў нас супольныя мары аб ёй».

Беларусы зазналі страшную русіфікацыю, і гэта вялікая трагедыя. Мова, гісторыя фармуюць у людзей пачуццё адзінства, яднаюць іх у нацыянальную супольнасць, кажа далей былы амбасадар Польшчы ў Беларусі.

«Мова як паветра. Калі яно ёсць, то асабліва пра яго не думаем, што яно ёсць. А калі пазбавіць чалавека паветра, ён загіне, — вобразна даводзіць думку ён. — Таму мова вельмі важная для нацыі».

На яго погляд, карысна для палякаў і беларусаў камунікаваць па-суседску на сваіх нацыянальных мовах. Беларусы, якія ведаюць беларускую мову, разумеюць польскую. І палякі, мяркуе дыпламат, зразумеюць па-беларуску.

«Калі мы будзем гаварыць на сваіх мовах, то нам не будзе патрэбны пасярэднік — расейская ці ангельская мова», — падкрэслівае ён.

Артур Міхальскі адзначае, што польская амбасада была адной з першых, якая стала пісаць ноты на беларускай мове. Напачатку беларускія службоўцы адказвалі па-руску. Калі ж ён быў амбасадарам, то большая частка беларускай карэспандэнцыі прыходзіла па-беларуску.

«Мы да гэтай пары пішам звароты па-беларуску», — заўважае дыпламат.

Нямала беларусаў з новай хвалі эміграцыі, што аселі ў Польшчы, заяўляюць аб тым, што хацелі б вучыць дзяцей беларускай мове. Польскае заканадаўства, аднак, дае такое права толькі прадстаўнікам нацыянальных меншасцяў з польскім грамадзянствам.

Артур Міхальскі прызнае, што такая праблема існуе, і ён перакананы: ёй будзе знойдзена вырашэнне. Па яго словах, у Польшчы зацікаўленыя, каб беларусы, якія вымушана пакінулі радзіму, маглі захоўваць нацыянальную ідэнтычнасць.

«Цяпер зʼяўляюцца нядзельныя беларускія школкі на лакальных узроўнях. Для іх ёсць магчымасць атрымання памяшканняў», — заўважае суразмоўца.

«Веру ў Беларусь»

Цяпер у Польшчы праходзіць перадвыбарчая кампанія, якая вылучаецца агрэсіўнай рыторыкай прэтэндэнтаў на дэпутацтва ў сойм і сенат. Палітыкі не стрымліваюць сябе ў абвінавачваннях апанентаў.

«Відавочна, што для дэмакратыі перадвыбарчы час заўжды цяжкі эмацыйна, — тлумачыць Артур Міхальскі. — У Польшчы выбаршчыкі ўпэўненыя, што ад іх уплыву залежыць лёс краіны. Перавагі дэмакратыі ў тым і палягаюць, каб выслухаць пазіцыі прэтэндэнтаў і вызначыцца з выбарам».

Калі эмоцыі дужа моцныя, як цяпер у Польшчы, то патрэбна больш часу для іх утаймавання, даводзіць далей дыпламат. Але для Польшчы бясспрэчная каштоўнасць — незалежнасць дзяржавы і прызнанне таго, што краіна — частка еўрапейскай супольнасці народаў і такой застанецца.

Выбары ў дэмакратычнай дзяржаве кардынальна адрозніваюцца ад таго, што адбываецца ў аўтарытарных краінах з дэспатычнай уладай, кажа Міхальскі.

«Я ведаю, якая трагічная сітуацыя ў Беларусі, але веру ў вольную і суверэнную Беларусь, — адзначае дыпламат. — У гэтым я не адзінокі. Большасць беларусаў гэтага таксама хочуць. Не ведаю, калі і як надыдзе той час, але ён надыдзе абавязкова».

Артур Міхальскі прызнаецца, што многія людзі звязваюць яго бараду з датэрміновым выездам з Беларусі. І хоць для яго барада не мае вялікага сімвалічнага значэння, ён гатовы яе без шкадавання згаліць, калі дэмакратыя ў Беларусі пераможа.

Глядзіце таксама:

«Прыстойныя, адважныя, шляхетныя». Хто з замежнікаў заклікаў далучыцца да беларускага марафону салідарнасці

Лукашэнка звольніў пасла Беларусі ў Польшчы

У Беларускім доме Варшавы адкрылі мурал «Няскораных беларусаў»

Былы дыпламат пра Шушкевіча: Я высока цаніў яго прадбачлівасць, палітычную разважлівасць і чалавечнасць

«Ён хацеў просты крыж». Жонка першага кіраўніка незалежнай Беларусі расказала, якім будзе помнік на яго магіле

Бондарава прысвоіла сабе знішчэнне знака ў гонар паўстання 1863 года і хоча замяніць Касцюшку на Сталіна

Клас
65
Панылы сорам
6
Ха-ха
6
Ого
7
Сумна
8
Абуральна
12

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?