Фота: старонка Іны Кулей у фэйсбуку

Фота: старонка Іны Кулей у фэйсбуку

— Ці ёсць для лагапеда розніца, на якой мове размаўляе дзіця: па-руску ці па-беларуску? Памятаю, калі я з сынам прыйшла да лагапеда на планавую праверку перад школай і сказала, што ў нас беларускамоўная сям’я, то лагапед з паліклінікі на гэта спытала: «Ну, па-руску ён, спадзяюся, разумее». І прапанавала дзіцяці паўтараць за ёй рускія словы.

— Канешне, лагапеду важна, размаўляе дзіця па-руску ці па-беларуску, таму што лагапедычная праца — гэта не толькі праца пастаноўкі гука, як лічыць большасць людзей.

Па-першае, гукі адрозніваюцца вымаўленнем у беларускай і рускай мовах. А па-другое, лагапед працуе над усімі момантамі мовы: не толькі трэба правільна вымаўляць гукі, але важна, каб сказы былі паўнавартасныя, каб можна было пераказваць тэксты, якія прапануюць, каб быў вялікі слоўнікавы запас. І гэта такія рэчы, на якія звяртаецца ўвага.

Таму, канешне, важна, на якой мове гаворыць дзіця. І лагапед мусіць ведаць гэтую мову. І дзіця, калі гаворыць на адной з гэтых моў, мусіць адпавядаць прыблізна таму ўзросту маўлення, які ёсць.

— То-бок калі прыходзіць беларускамоўнае дзіця да лагапеда (напрыклад, пры планавай праверцы перад школай) і бацькі папярэджваюць, што сям’я беларускамоўная, то лагапед мусіць правяраць па-беларуску? А не прапаноўваць дзіцяці словы па-руску казаць?

— Безумоўна. Таму што, яшчэ раз паўтараюся, гэта не толькі вымаўленне гукаў, якое таксама ў некаторых момантах адрозніваецца. Напрыклад, гук [ч], які ў беларускай мове заўжды цвёрды. Альбо гук [р], які ў беларускай мове заўсёды толькі цвёрды. А ў рускім варыянце ёсць [ч’] і [р’] мяккія. А па-другое, гэта абсалютна іншыя назвы прадметаў, выяў, якія дзіця проста можа не ведаць. Дзіця можа і не разумець, што яму кажуць і з чым звяртаюцца.

Практыкаванні гімнастыкі ў блогу Іны Кулей «lagaped_pa_belarusku» ў фэйсбуку

Практыкаванні гімнастыкі ў блогу Іны Кулей «lagaped_pa_belarusku» ў фэйсбуку

— У адным з артыкулаў сустрэлася меркаванне, што ў Беларусі многія лагапеды і дэфектолагі адмаўляюць існаванне беларускамоўных дзяцей. Наколькі вы згодныя з такім выказваннем?

— Я б так не ставіла пытанне, што адмаўляюць наяўнасць такіх дзяцей. Таму што ёсць школы, дзе лагапеды спрабуюць гаварыць па-беларуску. Напрыклад, такая Жухавіцкая школа, таксама некаторыя школы ў Гродзенскай вобласці, дзе лагапеды размаўляюць па-беларуску і напэўна беларускамоўныя дзеці вучацца ў гэтай школе, калі спецыяліст гаворыць па-беларуску.

Але большасць лагапедаў на самай справе рускамоўныя. У Беларусі практычна няма падручнікаў, метадычных дапаможнікаў, розных спецыялізаваных выданняў на беларускай мове. Нейкі час, пасля 1990-х гадоў, выпускаліся такія падручнікі, але гэта вельмі хутка знікла, як зніклі і самі беларускамоўныя класы. Таму маецца велізарная праблема з наяўнасцю спецыялістаў, якія гавораць на беларускай мове. Іх вельмі мала.

— Ці насамрэч усе праграмы навучання, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі, існуюць толькі на рускай мове, таму і лагапеды працуюць з дзецьмі на рускай мове? Ці праблема ў тым, што няма попыту на беларускую мову. Ці праблема ў тым, што ў асноўным школы, як і дзіцячыя сады, рускамоўныя.

— Я б сказала, што, напэўна, рыба гніе з галавы. Калі б у дзяржаве на належным узроўні была павага і такое стаўленне да беларускай мовы, што яна асноўная, што яна важная, то і школы, і дзіцячыя сады, і самі спецыялісты шукалі б, як размаўляць па-беларуску, выпускаліся б падручнікі, метадычкі. Усё гэта працавала б.

У час, калі я вучылася, гэта было абсалютна рускамоўнае асяроддзе. Усе матэрыялы, якія мы вывучалі, былі рускамоўныя. Усе нашы выкладчыкі былі маскоўскія альбо навучаліся ў Маскве.

На сёння я прайшла не адну спецыялізаваную стажыроўку пачынаючы з 2018-2019 гадоў для таго, каб узнавіць свае веды і падтрымаць іх узровень. І зноў-такі сутыкнулася з тым, што беларускага няма. Таму ў большасці выпадкаў лагапедыя ў Беларусі рускамоўная.

— Наколькі цяжка падрыхтаваць заняткі для беларускамоўных дзяцей, якія маюць лагапедычныя праблемы?

— Не толькі падрыхтаваць, але я рыхтую штодзённа практычна, бо лічу, што дзецям мусіць быць цікава. І таксама дарослым, якія размаўляюць на беларускай мове. Таму матэрыялы нараджаюцца альбо такім крэатыўным шляхам, альбо штосьці перарабляецца ці пераасэнсоўваецца не толькі з рускай мовы, але і з англійскай, і з іншых моў, з украінскай, таму што там таксама добрыя матэрыялы. Гэта штодзённая праца, якую трэба рабіць.

Маю задуму, каб гэта вырасла ў спецыялізаваны метадычны дапаможнік, метадычную працу і, магчыма, нават такі курс, які могуць прайсці тыя лагапеды, хто жадаў бы мець матэрыялы, размаўляць і вучыць на беларускай мове. Гэта няпроста, але цікава.

— У ліквідаваным Таварыстве беларускай школы ў свой час фіксавалі выпадкі, калі лагапеды ставілі беларускамоўным дзецям дыягназ «затрымка псіхічнага развіцця». Ці сустракаліся вы з такой з’явай? Ці ўсё ж такі цяпер лагапеды ўжо з большым разуменнем ставяцца да беларускамоўных дзяцей?

— Я сутыкалася з такімі момантамі, калі сама была ў такой камісіі ў дзіцячы сад. Калі ў медычным цэнтры працавала, то таксама сутыкалася з такімі выпадкамі. Але я мела магчымасць запытацца ў дзяцей на беларускай мове, унесці карэктывы ў магчымую пастаноўку дыягназу.

Сутыкалася з тым, што людзі прыходзілі і казалі, што вельмі цяжка дзіцяці, што яно не можа адказаць на пытанне камісіі, таму што не разумее гэтых пытанняў.

Ведаю, што такія моманты былі не толькі ў маленькіх беларусаў, але і ў тых старэйшых, якія паступалі ва ўніверсітэты альбо ў тэхнікумы і не разумелі, як можна растлумачыць фізіку на рускай мове. Яны проста не разумелі гэтых паняццяў, таму што яны вучыліся на беларускай мове дзесьці ў раёне. Гэтая праблема падаўлення беларускай мовы існавала і існуе, на жаль, і сёння.

— Хто да вас часцей звяртаецца: беларускамоўныя ці рускамоўныя сем’і? Ці пабольшала беларускамоўных дзяцей?

— На гэтае пытанне можна адказаць з аптымізмам. Мой адказ усцешыць беларусаў. На самай справе зваротаў ад беларускамоўных сем’яў стала больш, значна больш. Сутыкаюся з выпадкамі, калі мама і тата не размаўляюць па-беларуску, але хочуць, каб дзіця гаварыла па-беларуску і настойваюць на гэтым. Гэта важна, што мама і тата вучацца потым у свайго дзіцяці гаварыць.

Блог Іны Кулей у фэйсбуку

Блог Іны Кулей у фэйсбуку

Колькі звяртаецца? Магчыма 60 на 40. 60% — беларускамоўныя, 40% — рускамоўныя. Я думаю, што можа нават пабольшаць гэтая колькасць беларускамоўных, бо я амаль што эксклюзіўны беларускамоўны лагапед, і размова пра мяне ідзе наперадзе мяне. Адны перадаюць іншым, тым, у каго дзеці размаўляюць па-беларуску, таму што гэтыя сем’і часта кантактуюць адна з адной. А рускамоўных лагапедаў даволі шмат, можна звярнуцца да любога.

— У змешаных сем’ях (дзе тата і мама размаўляюць на розных мовах), гукі якой мовы мусяць быць пастаўленыя ў дзіцяці ў першую чаргу?

Важна, на якой мове размаўляе дзіця дома. Вось гэтая мова, якая прыярытэтная, на якой мове размаўляе мама (бо яна больш часу праводзіць са сваім дзіцём), гэтыя гукі трэба ставіць першымі. А калі будзе сфармавана маўленне альбо сфармаваная і развітая сама мова цалкам, тады можна і звяртацца да іншых варыянтаў: варыянтаў асяроддзя, варыянтаў сяброў і г.д.

Але баяцца білінгвізму не варта, бо мая практыка паказвае, што гэтыя дзеці дынамічна развіваюцца, яны актыўныя. Яны трошкі павольней засвойваюць маўленне, пачынаюць гаварыць пазней. Але да чатырох гадоў у іх раскладаецца па палічках кожная з моў, і яны вельмі хутка рэагуюць на выклікі, яны могуць хутка даць адказ.

Гэта вельмі добра, калі шматмоўе ў сям’і. Ведаеце, ёсць такі выраз: «Ты столькі разоў чалавек, колькі моў ведаеш». Ведаць некалькі моў — вельмі добра. З аднаго боку, шкада, што з’язджаем з краіны. А з іншага боку, трэба карыстацца момантам, каб вучыць мовы і намагацца быць не толькі беларусам у сям’і, але і размаўляць з атачэннем.

Чытайце таксама:

«Жонка часам не разумее, чаго ад яе хоча дачка». Беларус і полька выхоўваюць дзіця адразу на дзвюх мовах

«Карыстаецца папулярнасцю нават сярод носьбітаў іншых моў». IT-прадпрымальнік зрабіў беларускамоўнага асістэнта для дальнабойшчыкаў

«Падкрэслена, пабачыўшы мяне з Азаронкам, пачынаюць размаўляць на беларускай мове». Прапагандыст Пуставы пабачыў пакуты ў вачах беларусаў

Памылкі на кожнай старонцы. Як выглядае беларускамоўны падручнік у Беларусі

Клас
29
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
3