Сэр Майкл Гэмбан. Фота: Wikimedia Commons

Сэр Майкл Гэмбан. Фота: Wikimedia Commons

Памёр акцёр Майкл Гэмбан, вядомы па ролі Дамблдара ў фільмах пра Гары Потэра. Ён здымаўся ў ролі чараўніка — дырэктара «Хогвартса», пачынаючы з трэцяй часткі фільма — «Гары Потэр і вязень Азбакана».

«Мы спустошаныя, паведамляючы пра страту сэра Майкла Гэмбана», — гаворыцца ў заяве жонкі і сына акцёра. Яны паведамілі, што Гэмбан памёр у бальніцы пасля прыступу пнеўманіі ў атачэнні блізкіх.

Сэр Майкл Гэмбан нарадзіўся ў 1940 годзе ў Дубліне (Ірландыя). Ён чатыры разы атрымліваў тэлепрэмію BAFTA як найлепшы акцёр (1987, 2000, 2001, 2002), быў намінаваны на прэміі «Эмі» (2002) і «Залаты глобус» (2003) і атрымаў мноства прэмій розных кінематаграфічных гільдый.

Пасля таго як акцёр паступіў на працу ў Брытанскі нацыянальны тэатр, яго кар'ера пайшла ўверх. У той час тэатрам кіраваў сэр Лорэнс Аліўе, а Гэмбан удзельнічаў у пастаноўках п'ес Алана Эйкбарна. Вядомасць да Гэмбана прыйшла ў 1980-я, калі ён сыграў у пастаноўцы «Жыццё Галілея».

Пачынаючы з гэтага часу акцёр рэгулярна з'яўляўся на сцэне Каралеўскага нацыянальнага тэатра, дзе сыграў такіх персанажаў, як кароль Лір, Атэла і Марк Антоній.

Гэмбан таксама сыграў у фільмах «Сонная лагчына», «Госфард-парк» і «Кароль прамаўляе!», у серыялах «Эма» і «Доктар Хто».

Поўную фільмаграфію Майкла Гэмбана можна пабачыць тут.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
7
Абуральна
0