Найбольшая шчыльнасць беларусаў — у Літве

Цікавасць да даследаванняў дыяспары моцна вырасла пасля 2020 года, бо раней падобных сістэмных даследаванняў міграцыі беларусаў практычна не было.

«Пасля 2020 года было шмат дыскусій наконт таго, колькі беларусаў пакінула краіну. Таму мы вырашылі запусціць гэты цыкл даследаванняў, каб разумець, як ідуць міграцыйныя працэсы. Тым больш, што ніколі раней такога культурнага і палітычнага ўплыву дыяспары на працэсы ў Беларусі не назіралася», — патлумачыў на прэзентацыі ў Гданьску палітолаг Андрэй Казакевіч.

Даследчыкі вывучалі міграцыю ў пяць краін: Германію, Латвію, Літву, Польшчу і Эстонію. Даныя, па словах палітолага, збіралі з афіцыйных крыніц і ад дзяржорганаў кожнай краіны.

«Акрамя таго, мы звярталіся ў іншыя агенцтвы, напрыклад, у службу занятасці, каб атрымаць інфармацыю пра беларусаў на рынку працы», — патлумачыў Казакевіч.

Даныя ў даследаванні прыведзеныя на канец 2022 года.

Калі глядзець на шчыльнасць пражывання беларусаў, то Літва лідзіруе з вялікім адрывам — 17 чалавек на тысячу насельніцтва ў Літве.

«Толькі ў Літве беларусы маюць сур'ёзную долю ў міграцыі, каля 40 працэнтаў ад усіх мігрантаў. На такім фоне становяцца зразумелымі апошнія дыскусіі ў Літве, маўляў, беларусы не так разумеюць гісторыю. Беларусы рэальна прыкметныя ў гэтай краіне», — тлумачыць палітолаг.

У Польшчы паказчык шчыльнасці беларусаў — 5,8 на тысячу насельніцтва, у Эстоніі 2,3, у Латвіі 1,4, а ў Германіі — 0,3.

Лічбы на гістарычным максімуме

На канец 2022 года ў Польшчы жыло 200 тысяч беларусаў, у Літве — 48 тысяч, у Германіі — 28 тысяч.

Андрэй Казакевіч падкрэслівае, што ва ўсіх краінах дынаміка міграцыі пазітыўная, а лічбы знаходзяцца на гістарычных максімумах.

«Цяпер мы назіраем пік знешняй міграцыі, і гэта новы феномен для сучаснай Беларусі. Самы паказальны рост у Літве: да 2017 года тут пражывала 5-6 тысяч беларусаў, а ў 2023 годзе — каля 60 тысяч, рост у 12 разоў».

Акрамя таго, даследаванне паказала, што рост колькасці мігрантаў пачаўся не пасля 2020 года, як усе мяркуюць, а пасля 2017-га. «Гэта асабліва відаць па Польшчы і Літве, і звязана з эканамічнымі праблемамі ў Беларусі, а таксама са спрашчэннем доступу на рынак працы для пэўных катэгорый працаўнікоў з Беларусі», — тлумачыць палітолаг.

Беларусь пакідаюць у асноўным кваліфікаваныя работнікі ва ўзросце ад 25 да 40 гадоў, і прычыны для эміграцыі ў іх часцей эканамічныя.

Пасля 2020 з'ехала 180 тысяч?

Гаворачы пра міграцыю пасля 2020 года, Андрэй Казакевіч адзначае, што дакладныя лічбы пазначыць цяжка, але можна зафіксаваць калідоры гранічных значэнняў.

Паводле яго ацэнак, з краіны пасля 2020 года з'ехала каля 180 тысяч чалавек. У Літву — ад 19 да 24 тысяч, у Польшчу — 120-140 тысяч, каля паўтары тысячы прыпадае на Латвію і Эстонію, а ў Германію пасля 2020 года пераехала каля 4-5 тысяч беларусаў.

Што тычыцца тых, хто пераехаў менавіта па палітычных прычынах, то дакладнай статыстыкі, па словах Казакевіча, няма. «Не заўсёды зразумела, што лічыць «палітычнай міграцыяй», акрамя таго, не ўсе краіны даюць гуманітарныя ДНЖ або падаюць статыстыку па гуманітарных ДНЖ», — кажа палітолаг.

Паводле экспертнай ацэнкі, заснаванай на інтэрв'ю з арганізацыямі, якія працуюць з мігрантамі, палітычнымі можна лічыць ад 30 да 50 адсоткаў тых, хто з'ехаў. «Траціна — гэта тыя, хто сапраўды быў пад пагрозай, а палова — тыя, хто перастрахаваўся», — гаворыць палітолаг.

У астатніх, як распавёў Казакевіч, былі альбо эканамічныя, альбо змешаныя прычыны для ад'езду.

70% беларускіх мігрантаў у Германіі — жанчыны

Як паказала даследаванне, Германія не з'яўляецца папулярнай краінай для эміграцыі беларусаў. На канец 2022 года ў краіне жыло каля 28 тысяч беларусаў (без уліку тых, хто ўжо атрымаў нямецкае грамадзянства).

Пасля 2020 года ў Германію з Беларусі з'ехала параўнальна невялікая колькасць чалавек (4-5 тысяч), з іх 2 тысячы — па палітычных прычынах. «Магчыма, далей лічбы будуць расці, але ў Германію беларусам складана трапіць», — кажа аўтар даследавання.

ФРГ вылучаецца сярод іншых краін, якія даследаваліся, па некалькіх параметрах.

Так, у Германіі найбольшы адсотак беларусаў-мігрантаў (56,9%) мае пастаянны дазвол на жыхарства (ПДЖ). Для параўнання: у Літве з ПДЖ жыве толькі 5% беларусаў, а ў Польшчы — 16,5%.

Акрамя таго, Германія лідзіруе па колькасці мігрантаў-жанчын. Доля жанчын сярод мігрантаў з Беларусі складае 70%, у Польшчы і Літве — каля 25-30%.

«Гэтая сітуацыя ў цэлым характэрная для Заходняй Еўропы. Ёсць міграцыя па сямейных абставінах, жанчыны выходзяць замуж. Але і адсотак студэнтак у Нямеччыне таксама 70%. Трэба таксама ўлічваць структуру занятасці: у Польшчы і Літве больш будаўнікоў, у той час як у Германіі сярод беларусаў шмат лекараў і медсясцёр», — кажа даследчык.

Чытайце таксама:

МЗС Польшчы не будзе разрываць дамову з візавым агенцтвам у Беларусі

«Прыбіральшчыца ў Польшчы атрымлівае больш, чым работнік культуры ў Беларусі». Беларуска расказала, як пачынаць жыццё ў новай краіне, калі табе за 50

«Хачу быць карыснай і з павагай ставіцца да краіны, якая мяне прыняла». Настаўніца, якую звольнілі за жоўта-блакітную стужку, расказала пра новае жыццё ў Польшчы

«Сітуацыя страшная». Якая будучыня Кангрэса даследчыкаў Беларусі?

«Вельмі хочацца ў выпадку чаго мець магчымасць хуценька з'ехаць». Ці патрэбныя беларусам польскія турыстычныя візы?

Клас
11
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
7