Фота ілюстрацыйнае

Фота ілюстрацыйнае

Цяжка сказаць, з чым можа быць звязаная праверка мабільнага тэлефона на мяжы. Дакладны алгарытм дзеянняў сілавікоў вылічыць немагчыма. Можна меркаваць, што іх цікавяць людзі, затрыманыя раней па «палітычных» артыкулах, якія маюць гуманітарную візу альбо дазвол на жыхарства іншай краіны.

Вадзім, 28 гадоў: «Можа, проста трапіў на добрую змену памежнікаў, хто ведае»

«Прыкладна год таму зрабіў сабе гуманітарную візу і з'ехаў працаваць у Польшчу. У 2021-м у мяне праверыў тэлефон міліцыянт недалёка ад начнога клуба ў Мінску. Ён убачыў, што я быў падпісаны на «экстрэмісцкі» рэсурс, а пазней высветлілася, што я зрабіў адзін рэпост. У выніку заплаціў штраф. Па факце гэта і было галоўнай прычынай, чаму мне адкрылі гуманітарную візу.

Я з'ехаў, аб вяртанні асабліва не думаў: шмат працаваў, знаёміўся, падарожнічаў. Амаль праз год з'явілася вострая патрэба з'ездзіць у Беларусь вырашыць некаторыя сямейныя пытанні з бацькоўскім домам на вёсцы. Ну, і, натуральна, пачаў рыхтавацца і тэхнічна, і маральна.

Перш за ўсё я разумеў, што перасякаць мяжу з маім асабістым мабільным тэлефонам — справа гіблая, там столькі гэтага «экстрэмізму», што я б дагэтуль яго чысціў. У выніку ў ламбардзе я купіў недарагі ўжываны смартфон, не вельмі старажытны, але і не «апошні піск». Стварыў на гэтым тэлефоне парачку левых акаўнтаў, падпісаўся на ўсялякія групы па інтарэсах а-ля «паляванне і рыбалка». Заставалася толькі перасячы мяжу.

Я сеў у звычайны рэйсавы аўтобус, натуральна, каля мяжы адрэналін выпрацоўваўся проста нейкі неверагодны. Успамінаў усякія гісторыі затрымання з мяжы, допыты, на якіх людзей катавалі па пяць гадзін і ўжо трошкі нават рыхтаваўся да таго, што адбудзецца і са мной.

Але не. Гэтага не адбылося. І якое ж было маё здзіўленне, калі памежнік проста праверыў мой пашпарт і адпусціў. Усё! Ніякіх праверак і корпанняў у маім тэлефоне.

Мяне перапаўнялі эмоцыі, але вонкава я гэта не паказваў. Не ведаю чаму, але нічога пытацца ў мяне не сталі, чаму я быў вельмі рады.

На зваротным шляху, калі я зноў ад'язджаў у Польшчу, мяне таксама ні пра што не пыталіся. Я быў упэўнены, што праверкі на мяжы мне не пазбегнуць, я 100% павінен быць ва ўсіх базах МУС, але атрымалася так, як атрымалася. Можа, проста трапіў на добрую змену памежнікаў, хто ведае».

Каця, 22 гады: «Памежнік узяў мой пашпарт, нешта праверыў у сябе ў камп'ютары і пачаў задаваць пытанні»

«Я пераехала ў Польшчу ў студзені гэтага года. План даволі стандартны: адкрыла працоўную візу, але не працавала па яе прызначэнні. Калі шчыра, так робяць многія. Але тут гэта не важна.

У Беларусь я не ездзіла, разумела, што ёсць свае падводныя камяні і пэўная рызыка. Ва ўніверы на трэцім курсе, пасля выбараў, у мяне былі размовы з намдэкана «пра палітыку», пагражаў мне адлічэннем, таму ў нейкай ступені, вядома, я была нядобранадзейнай. Тым больш, магла засвяціцца на вулічных акцыях.

Але ў пачатку верасня з'ездзіць у Беларусь усё ж такі давялося. Мне было проста страшна, у целе быў нейкі вельмі непрыемны мандраж. І хвалявалася я нездарма. Памежнік узяў мой пашпарт, нешта праверыў у сябе ў камп'ютары і пачаў задаваць пытанні. Сэрца ўжо было гатова выскачыць з грудзей.

«Кацярына, чаму вы так доўга адсутнічалі ў Беларусі? Кацярына, што вы рабілі ў Польшчы? Кацярына, а вы потым зноў плануеце з'ехаць? Кацярына, давайце я зазірну ў ваш тэлефон», — пыталіся мяне. Божа, мяне пачало ванітаваць ад свайго імя ў той момант, настолькі мне было непрыемна.

Так, і ён праверыў мой тэлефон. Адкрыў тэлеграм, прагартаў за хвіліну і аддаў. Было страшна, нават вельмі. Вядома, ён мяне адпусціў, чым канкрэтна быў выкліканая цікавасць, я не ведаю. Можа, я ёсць у базах? Ці, можа, і не».

Але ў выніку ўсё скончылася добра, Каця шчасліва перасекла мяжу.

Насця, 25 гадоў: «За тры гады «экстрэмізму» ў гэтым тэлефоне назбіралася на «пару гадоў калоніі»

«Жыву і працую ў Польшчы ўжо гады са два. На шчасце, ездзіць у Беларусь я магчымасці не пазбаўленая, таму наведваю сям'ю і сяброў як мінімум раз на 3-4 месяцы.

У канцы чэрвеня я зноў вырашыла купіць білет і на парачку дзён з'ездзіць пагасціць. Вядома, я чула пра тое, што адбываецца на мяжы, ведала, што многіх людзей дапытваюць, некаторых затрымліваюць і «вешаюць» крымінальныя справы, таму перад паездкай цалкам пачысціла тэлефон, мала што.

Села ў аўтобус, заняла сваё месца. Як звычайна, у дарозе я заліпала ў свой тэлефон, трохі паспала, увогуле, спрабавала забіць час, наколькі гэта магчыма.

Была ў мяне яшчэ суседка, жанчынка прыкладна гадоў 65, яна таксама вечна нешта чытала ў навінах. Мы крыху пагаварылі, яна расказала, як яна наведала ў Польшчы сваю пляменніцу, як ёй спадабалася і ўсё такое, я распавяла пра сябе. Міла атрымалася.

А далей я краем вока заўважыла, што яна чытае навіны на адным вельмі вядомым «экстрэмісцкім» партале. Я нават вырашыла спытаць, ці не страшна ёй, хутка ж мяжа, мала што, тэлефон правераць. Яна кажа: «Ой, страшна, так, але я не ўмею тут нічога выдаляць».

Вядома, я прапанавала ёй дапамагчы «пачысціць» тэлефон. Калі шчыра, я была ў шоку, як яна наогул жыла ўвесь гэты час. Яна не чысціла свой тэлефон з 2020 года. Там былі «экстрэмісцкія» падпіскі ва ўсіх сацсетках і месенджарах, некаторыя з іх прасцей было нават выдаліць, чым чысціць, бо за тры гады «экстрэмізму» назапасілася на пару гадоў калоніі.

Я чысціла тэлефон каля гадзіны, вядома, яна назірала, што я там раблю. Але пасля заканчэння я ўсё адно не была ўпэўненая, што выдаліла ўсё. Балазе, на мяжы ў яе ніхто нічога не праверыў. Але сам факт. Чалавек не чысціў свайго тэлефона з тых самых падзей, хоць яна чытае навіны і ў курсе ўсяго.

Гэта безадказна? Не ведаю. Але ёй сапраўды пашанцавала, што яна сустрэла мяне».

Чытайце таксама:

«Дайце тэлефон і пакажыце сацсеткі». Літовец расказаў, як яго дапытвалі і правяралі на беларускай мяжы

Знялі дырэктараў школ, забаранілі пісаць пра лета. Як у Гродне змагаюцца з паступленнем выпускнікоў за мяжу

«Збіраць усе магчымыя доказы. Літаральна ўсе». Як беларусы атрымліваюць міжнародную абарону ў Польшчы

Клас
41
Панылы сорам
4
Ха-ха
5
Ого
8
Сумна
6
Абуральна
12