«Вярнуцца сюды выкладаць было маёй марай»

Я прыйшла ў гэты каледж студэнткай 20 гадоў таму і адвучылася чатыры гады па спецыяльнасці «настаўнік», — успамінае Надзея. — Шчыра кажучы, я заўсёды лавіла сябе на думцы, што вярнуцца сюды выкладаць было б выдатна. Тым больш менавіта на маёй спецыяльнасці ў мяне было паглыбленае вывучэнне методык выкладання і педагогікі.

Пасля заканчэння каледжа я спачатку папрацавала ў школе, потым нейкі час у прыватных дзіцячых цэнтрах і ў выніку пайшла ў бізнэс. У мяне амаль 15 гадоў вопыту ў сферы HR у розных галінах, уключаючы IT, — і на ўсіх этапах маёй кар'еры мне вельмі дапамагалі мае веды.

Але і пракачала я сябе сур'ёзна, таму што па сутнасці сваёй HR вельмі шчыльна звязаны з педагогікай: тут і складанне плана кансультацый, і арганізацыя розных мерапрыемстваў, і распрацоўка або адаптацыя навучальных праграм.

Як я апынулася на сумоўі

Я ўжо некалькі гадоў паспяхова працую на фрылансе, але маё рэзюмэ вісіць на сайце па пошуку працы: мне цікавыя праекты, дзе можна пасупрацоўнічаць з рознымі кампаніямі. Уласна, там мяне і знайшла сакратар каледжа. Патэлефанавала і прапанавала разгледзець вакансію выкладчыцы педагогікі.

Вядома, у мяне ёкнула. Па-першае, вярнуцца ў родныя пенаты, але ўжо ў якасці выкладчыцы, было збольшага маёй марай, ну а па-другое, я люблю дзяліцца ведамі і вопытам. І мне праўда ёсць што расказаць: я магу даць студэнтам канкрэтныя інструменты, як тэорыю лёгка выкарыстоўваць на практыцы.

Дырэктарцы я сказала: «Я іду не за грашыма. Гэтая стаўка не пакрые нават арэнды маёй кватэры»

На сустрэчы з дырэктаркай мне адразу выдалі, што поўная стаўка — гэта пяць дзён на тыдзень, куратарства і заробак каля 800 руб.

Я папярэдзіла, што выкладанне не будзе маёй асноўнай працай і што я іду выкладаць не з-за грошай: «Гэтая стаўка не пакрые нават арэнды маёй кватэры».

Я была гатовая ўзяць тры дні на тыдзень і нейкую праектную занятасць: акрамя ведаў у педагогіцы, у мяне вялікі досвед працы ў міжнародных кампаніях, менавіта кіраўнічы досвед, я лёгка магу дапамагчы студэнтам у прафарыентацыі, у пабудове вектара кар'еры.

Ды ў мяне, уласна, і быў такі план — сумленна дзяліцца тым, што ўмею сама, каб выпускнікі потым гэтыя веды не проста ў выглядзе дыплома паклалі на паліцу, а маглі манетызаваць.

Яны ўзялі час на «падумаць», але ператэлефанавалі практычна адразу — усе мае ўмовы былі прынятыя, і мне прапанавалі ўзяць некалькі груп з другога, трэцяга і чацвёртага курсаў. Мне толькі патрабавалася прыйсці ў аддзел кадраў, каб запусціць працэс афармлення.

Тут і пачалося ўсё самае цікавае. Мне далі цэлы спіс дакументаў. Акрамя характарыстык за апошнія пяць гадоў працы з усіх месцаў, медыцынскіх даведак з псіхалагічнага і наркалагічнага дыспансераў, што, у прынцыпе, стандартна, асобным пунктам сталі запыты ў міліцыю.

Схема такая: адміністрацыя каледжа піша запыт у міліцыю з маімі данымі, а там мяне правяраюць па ўсіх базах. На пытанне, на прадмет чаго канкрэтна мяне будуць правяраць, бо можна ўзяць звычайную даведку аб судзімасці, мне прамым тэкстам сказалі: на прадмет падзей 2020 года.

А яшчэ разам з усімі дакументамі на працаўладкаванне мне ўручылі заяву на ўступленне ў прафсаюз.

«Я вас на працу не вазьму! Як я наверсе растлумачу, што вы не гатовыя падтрымліваць тое, што адбываецца ў краіне?»

Я адразу сказала, што ўступаць у прафсаюз не буду. Сталі ўгаворваць, але я стаяла на сваім — для мяне гэта прынцыповая пазіцыя, для мяне гэта важна. Мне ў аддзеле кадраў кажуць: але ў нас ва ўсіх супрацоўнікаў стопрацэнтнае сяброўства. Я адказваю: калі ласка, іх выбар, а я не буду ўступаць. І калі гэта абавязковая ўмова, то я адмаўляюся ад вакансіі.

Добра, кажуць, давай тады праверку пройдзем, і можна без прафсаюза. Два тыдні мяне правяралі і ў выніку патэлефанавалі: «Усё добра — прыходзь». І адразу ў кабінет да дырэктара: з дакументамі ўсё ў парадку, з праверкай таксама, але яны зноў працягваюць заяву ў прафсаюз са словамі: «Ды што вам варта, ды гэта нічога такога не значыць». На што я зноў адказваю, што гэта мая прынцыповая пазіцыя і я яе агучыла з самага пачатку.

І тут пачалося: «Ды як вы наогул смееце? Ды вы ідзяце ў бюджэтную арганізацыю! Ды вы абавязаныя як куратар і педагог!» На пытанне, што менавіта я абавязаная, мне адказалі: весці актыўную агітацыйную дзейнасць у падтрымку палітыкі дзяржавы і гэтак далей.

У канцы нашай гутаркі дырэктарка мне сказала: «Калі гэта прынцыповая пазіцыя — справа ваша, прымусіць вас уступіць я не магу. Але, калі вы не падпісваеце гэтыя дакументы, я вас на працу не вазьму — як я наверсе растлумачу, што вы не гатовыя падтрымліваць тое, што ў краіне адбываецца?»

На гэтым мы развіталіся, і я пайшла.

Ці шкада мне, што мая мара так і не спраўдзілася?

Я не ведаю. Думаю, усё ж цяжэй за ўсё цяпер вось гэтым студэнтам, якім трэба прабірацца да ведаў і прафесіі праз такія перашкоды з прафсаюзаў, агітацыі і палітыкі, якіх наогул не павінна быць у навучальным працэсе. Вельмі хочацца верыць, што яны абавязкова справяцца і, нягледзячы ні на што, знойдуць сябе і свой шлях.

Чытайце таксама:

Мінскія пад'езды: такое вы наўрад ці чакалі пабачыць. Як выглядае знутры парадная ў легендарных «Варотах Мінска»

«Праца ніяк не знаходзіцца». Што рабіць, калі блізкі чалавек жыве за ваш кошт і ніяк не хоча пасталець? Парады псіхолага

«Дзе гэтыя людзі, хто ім дазволіў не працаваць?» Лукашэнка ўзяўся за выпускнікоў, якія адкупіліся ад размеркавання

Клас
19
Панылы сорам
54
Ха-ха
18
Ого
5
Сумна
22
Абуральна
28