Фота ілюстрацыйнае

Фота ілюстрацыйнае

Пра сітуацыю «Анлайнеру» расказала Яўгенія, якая адпачывала ў Грузіі па пуцёўцы. Прыехала яна на рэгістрацыю своечасова, але стаяла ў чарзе адной з апошніх.

«Гэта быў начны рэйс. Мне і яшчэ шасці пасажырам адмовілі ў рэгістрацыі і папрасілі падысці да прадстаўніка «Белавія» ў аэрапорце. Там нам паведамілі, што здарыўся «перапродаж», месцаў не хапіла, таму нам прапанавалі вылет іншымі рэйсамі. 23 верасня з Батумі — два чалавекі і з Тбілісі — адзін, 24 верасня — з Тбілісі чатыры чалавекі.

Мы самі размеркавалі, хто і калі паляціць — на паперках напісалі горад вылету і выцягвалі жэрабя. А калі спыталіся прадстаўніка адносна трансферу і пражывання, то нам нічым не змаглі дапамагчы. Сказалі: разбірайцеся самі, а ў Мінску атрымаеце кампенсацыю».

Яўгенія даслала відэа з аэрапорта, якое пацвярджае яе словы. Працаўніца ветліва камунікуе з пасажырамі, але спасылаецца на тое, што ліст з інфармацыяй ёй даслалі занадта позна — за пяць гадзін да вылету. Таму людзям і не змаглі дапамагчы з рэзервацыяй гасцініцы.

Чытачы сфатаграфавалі ліст, які атрымалі прадстаўнікі «Белавія» ў Кутаісі

Чытачы сфатаграфавалі ліст, які атрымалі прадстаўнікі «Белавія» ў Кутаісі

Па словах Яўгеніі, сённяшнюю ноч яна правяла з іншымі пасажырамі ў аэрапорце, а цяпер яна і яшчэ тры чалавекі едуць у Тбілісі. Раніцай з беларускай звязаўся прадстаўнік турфірмы і запэўніў, што «Белавія» бясплатна размесціць турыстаў у прадстаўніцкім гатэлі.

«Асабіста мне цяпер дапамагае тураператар, бо я адпачывала арганізавана. Але сярод нас ёсць людзі, якія куплялі квіткі самастойна. У іх была паніка», — кажа Яўгенія.

Пасля 15:00 стала вядома, што чатырох знятых з рэйса пасажыраў сустрэлі ў Тбілісі прадстаўнікі «Белавія». Людзям аплацяць трансфер і пражыванне ў гатэлі.

«З астатнімі людзьмі таксама звязаліся прадстаўнікі грузінскага боку. Яны індывідуальна дамаўляліся з кожным удзельнікам», — адзначае беларуска.

Што кажуць у авіякампаніі?

У прэс-службе «Белавія» растлумачылі, што на рэйсе Кутаісі-Мінск 22 верасня сем пасажыраў не змаглі прайсці рэгістрацыю з-за тэхнічнага збою. Іх рэзервацыі былі некарэктна адлюстраваныя ў інфармацыйнай сістэме.

«У прадстаўніцтве «Белавія» ў Грузіі пасажырам прапанавалі скарыстацца іншымі рэйсамі авіякампаніі. Было вырашана, што пяцёра з іх адправяцца ў Беларусь з аэрапорта Тбілісі, яшчэ двое — з Батумі ў найбліжэйшыя дні. Пры гэтым у чатырох пасажыраў, якія вылятаюць з Тбілісі, узнікла неабходнасць у жыллі. Іх рассялілі ў гатэлі і забяспечылі харчаваннем. Авіякампанія прыносіць пасажырам свае прабачэнні і запэўнівае, што зрабіла ўсе магчымыя намаганні для вырашэння сітуацыі з камфортам для пасажыраў».

Таксама «Белавія» настойліва рэкамендуе ўносіць карэктныя кантактныя даныя і правяраць статус рэзервацыі перад вылетам на сайце авіякампаніі.

Чытайце таксама:

«Белавію» прымусова адключаюць ад заходніх сістэм браніравання

Мінскі аэрапорт на фоне санкцый кінуўся ў фантазіі: абяцаюць рэканструкцыю згодна з праектам нейрасеткі

«Час лятаць на сваіх». Пархомчык заявіў, што Беларусь рыхтуецца выпускаць свае самалёты

Клас
2
Панылы сорам
16
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
12