МЗС Беларусі ставіць пад сумнеў тлумачэнні латвійскага боку наконт закрыцця памежнага пункта.

«Нязграбныя спробы афіцыйнай Рыгі абгрунтаваць яго інтарэсамі ўмацавання аховы мяжы не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Відавочна, што нелегальныя мігранты не карыстаюцца афіцыйнымі пунктамі пропуску. А некалькі дзясяткаў вызваленых пры гэтым афіцэраў латвійскай памежнай службы наўрад ці здольныя кардынальна ўзмацніць ахову мяжы. Падобна да таго, што дадзенае рашэнне было ўзгоднена яшчэ ў ходзе нарады міністраў унутраных спраў краін Балтыі і Польшчы ў канцы жніўня 2023 г. у Варшаве», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

МЗС Беларусі заклікае Латвію праявіць клопат пра сваіх грамадзян.

«Мы не пачулі ад латвійскіх палітыкаў ані слова аб уліку інтарэсаў уласных грамадзян, прадказальным росце чэргаў аўтатранспарту на мяжы, адчувальных стратах для бізнэсу. Хіба гэта мае нейкае значэнне, калі ўжо пра ўсё дамовіліся ў Варшаве?» — наракае беларускае МЗС.

МЗС абяцае, што «Беларусь адрэагуе на нематываваную блакаду грузавых і пасажырскіх патокаў, у тым ліку канкрэтнымі эканамічнымі мерамі».

«Разам з тым беларускі бок па-ранейшаму адкрыты для нармальнага ўзаемадзеяння па лініі кампетэнтных ведамстваў <…> Заклікаем улады сумежнай дзяржавы адмовіцца ад дэструктыўнай практыкі неабгрунтаваных абвінавачванняў і вярнуцца да раўнапраўнага ўзаемапаважлівага дыялогу з мэтай сумеснага вырашэння глабальнай праблемы міграцыі», — гаворыцца ў паведамленні.

З мэтаў бяспекі Латвія вырашыла закрыць адзін з двух памежных кантрольна-прапускных пунктаў — «Сілене» (з беларускага боку «Урбаны») 19 верасня. Цяпер легальна перасекчы мяжу з Беларуссю можна толькі праз КПП «Патэрніекі» («Грыгароўшчына»). 

Клас
5
Панылы сорам
1
Ха-ха
15
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
1