Міхаіл Куксянкоў. Фота: hotimsk.by

Міхаіл Куксянкоў. Фота: hotimsk.by

Аляксандр Лукашэнка прызначыў свайго земляка 41-гадовага Міхаіла Куксянкова кіраваць Хоцімскім райвыканкамам 16 сакавіка 2020 года. У раёне гэтаму прызначэнню асабліва не ўзрадаваліся. Мясцовыя жыхары адрэагавалі на яго саркастычнай фразай «ён са шклоўскіх».

Вялікіх дасягненняў за час кіравання Куксянковым Хоцімскам не было. Ды іх і не магло быць. Хоцімшчына — гэта крайні ўсход Магілёўшчыны, дэпрэсіўны раён, самы ўскраек дэпрэсіўнага рэгіёна. Мясцовыя жыхары кажуць, што службовец як мог «выкручваўся», каб даць рады праблемам.

Тутэйшая эканоміка залежыць ад працы сельскагаспадарчых арганізацыяў. Заробкі адны з самых нізкіх у вобласці. Мужчыны павальна працуюць у суседняй Расіі, бо ў СПК заробкі нізкія, а ў бюджэтнай сферы лічаныя працоўныя месцы.

Міхаіл Куксянкоў апраўдваецца за праблемы ў гаспадарцы, работнікі якога паскародзілі на нястачу кармоў жывёлам і недаплату па заробках. Фота: ctv.by

Міхаіл Куксянкоў апраўдваецца за праблемы ў гаспадарцы, работнікі якога паскародзілі на нястачу кармоў жывёлам і недаплату па заробках. Фота: ctv.by

Напачатку 2023 году жывёлаводы сельгаспрадпрыемства «Кастрычнік-Бярозкі» паскардзіліся на тое, што гадаванцам найбуйнейшага ў раёне жывёлагадоўчага комплексу не хапае кармоў. Жывёлы не набіраюць вагі, а гэта адбіваецца на заробках, наракалі сяляне.

На прадпрыемства прыязджалі дзяржаўныя тэлевізійнікі, якім Куксянкоў прызнаўся, што праблемы з кармамі і заробкамі сапраўды ёсць. Казаў, што існуюць «пытанні па камбікорме». Даводзіў, што сітуацыя выпраўляецца.

Крыніца ў вобласці расказала «Нашай Ніве», што гісторыяй з нястачай кармоў для сельгаспрадпрыемства зацікавіўся дзяржкантроль, а потым і Следчы камітэт.

Куксянкова сілавікі «забралі па-ціхаму». Чыноўнік проста не выйшаў на працу. Яго затрымалі сёлета ў канцы сакавіка.

23 сакавіка ў Куксянкова была сустрэча з моладдзю, а праз пяць дзён старшыня аблвыканкаму Анатоль Ісачанка прадставіў супрацоўнікам Хоцімскага райвыканкама новага кіраўніка Геварга Мелканяна.

Да суда Куксянкова ўтрымлівалі ў следчым ізалятары Магілёва.

Справу супраць былога кіраўніка Хоцімскага райвыканкама разглядаў суд суседняга Касцюковіцкага раёна. Куксянкоў прызнаны вінаватым у перавышэнні ўлады і замаху на атрыманне хабару.

Паводле магілёўскай абласной пракуратуры, абвінавачаны за некалькі гадоў службы ўчыніў шэраг злачынстваў. Ён заключаў з прадпрымальнікамі дамовы на набыццё кармоў для жывёлы па завышаных цэнах. Ад бізнэсоўцаў чыноўнік патрабаваў 5 працэнтаў узнагароджання ад сумы здзелкі.

Такім чынам былы чыноўнік нанёс шкоду прадпрыемству аграпрамысловага комплексу ў буйным памеры. Куксянкоў прызнаў сябе вінаватым у перавышэнні службовых паўнамоцтваў, але адпрэчыў абвінавачванні ў спробе атрымаць хабар.

Куксянкова адправілі на 6 гадоў у калонію ўзмоцненага рэжыму. Яму забаронена займаць кіроўныя пасады цягам пяці гадоў. Акрамя таго, ён абавязаны сплаціць 11,1 тысяч рублёў штрафу.

Апошняя нарада Міхаіла Куксянкова (другі злева). Фота: khotimsk.gov.by

Апошняя нарада Міхаіла Куксянкова (другі злева). Фота: khotimsk.gov.by

Крыніца «Нашай Нівы» сцвярджае, што ад дзеянняў Куксянкова пацярпела менавіта сельгаспрадпрыемства «Кастрычнік-Бярозкі».

За час знаходжання на пасадзе кіраўніка райвыканкама Міхаіл Куксянкоў праславіўся тым, што па яго доме, нібы, у маі 2022 году стралялі.

Тое тады жыва абмяркоўвалі жыхары райцэнтра. Нехта казаў пра помсту, нехта пра тое, што старшыню «проста хацелі папалохаць». Пагаворвалі, што нават былі затрыманыя двое мясцовых жыхароў. Чым скончылася гісторыя са стралянінай невядома.

Міхаіл Куксянкоў нарадзіўся ў Шклове ў 1979 годзе. Ён выпускнік Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі і Акадэміі кіравання. Працаваў у раённых структурах спажыўкааперацыі.

Тры гады Куксянкоў узначальваў Бабруйскі гандлёвы цэнтр гэтага таварыства, а затым пачаў чыноўніцкую кар’еру. У 2008 годзе яго прызначылі намеснікам старшыні Шклоўскага райвыканкама. Ён быў начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчаванні.

У Шклове пра Куксянкова кажуць, што «ён з мазгамі і яму не варта было ісці ў начальнікі».

Глядзіце таксама:

Стала вядома, куды знік былы дырэктар ААТ «АГАТ — сістэмы кіравання». Яму далі 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

У памочніка Лукашэнкі спыталі, як пазбавіцца камароў у кватэры

«Пакіну медыцыну і займуся сельскай гаспадаркай». Уладальнік салона прыгажосці расказаў, як паралельна займаецца фермерствам у вёсцы

Клас
5
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
5
Сумна
4
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?