Адзін з офісаў фармацэўтычнай кампаніі Bayer. Фота: Wikimedia Commons

Адзін з офісаў фармацэўтычнай кампаніі Bayer. Фота: Wikimedia Commons

Нямецкая фармацэўтычная кампанія Bayer паведаміла, што эксперыментальная тэрапія ствалавымі клеткамі, распрацаваная яе даччынай кампаніяй BlueRock у ЗША, засведчыла прыкметы паслаблення сімптомаў хваробы Паркінсана. Пра гэта днямі напісала агенцтва Reuters.

У медыцынскіх тэстах удзельнічалі 12 чалавек. На першай фазе выпрабавання ствалавыя клеткі чалавека былі ператвораныя ў нейроны, якія выпрацоўваюць дафамін. Далей гэтыя клеткі імплантавалі ў мозг для наступнага аднаўлення нейронных сувязяў, знішчаных хваробай Паркінсана. Пры гэтым пацыентам уводзілі рэчывы, якія заміналі атакам імуннай сістэмы на новыя клеткі-нейроны.

«Кампанія Bayer сцвярджае, што праз год пасля пачатку лячэння сем удзельнікаў, якія прымалі высокую дозу эксперыментальных прэпаратаў, у сярэднім штодзённа кантралявалі свае сімптомы на 2,16 гадзіны больш, чым гэта бывае звычайна, а перыяды пагаршэння стану ў такіх пацыентаў скараціліся на 1,91 гадзіны. У той жа час тыя пяць чалавек, якія прымалі меншую дозу лекаў, кантралявалі сімптомы ўсяго на 0,72 гадзіны больш за звычайнае, а перыяды пагаршэння стану ў іх былі на толькі на 0,75 гадзіны ў дзень меншыя», — перадае агенцтва Reuters.

У Bayer адзначылі, што пацыенты пераносілі лячэнне добра і без якіх-небудзь сур'ёзных праблем. Клінічныя выпрабаванні ў гэтым напрамку працягнуцца яшчэ і ў 2024 годзе.

Нагадаем, што хвароба Паркінсана — гэта захворванне галаўнога мозга, выкліканае пашкоджаннем нервовых клетак, якое прыводзіць да зніжэння ўзроўню выпрацоўкі дафаміну. Недахоп гэтага рэчыва спрыяе пашкоджанню нейронных сувязяў. Гэта, у сваю чаргу, становіцца прычынай паступовай страты рухальнай функцыі чалавека. Сярод характэрных для хваробы Паркінсана сімптомаў можна вылучыць наступныя: трэмар, скаванасць рухаў, павышэнне тонусу цягліц і парушэнне гаворкі.

Паводле звестак арганізацыі Parkinson's Foundation, больш за 10 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце пакутуюць ад захворвання Паркінсана. Лекаў ад гэтай хваробы яшчэ не існуе. Аднак ёсць розныя метады, якія дазваляюць зменшыць вастрыню яе сімптомаў. Напрыклад, медыкаментознае лячэнне, нялекавыя метады і хірургічнае ўмяшанне.

Чытайце яшчэ

У ЗША зацвердзілі наватарскія таблеткі ад пасляродавай дэпрэсіі

Бранзалеты смарт-гадзіннікаў заражаныя велізарнай колькасцю шкодных бактэрый — даследаванне 

Вучоныя абвяргаюць многія правілы здаровага ладу жыцця, якія здаваліся аксіёмамі

Клас
10
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1