Цифровое изображение мужских и женских хромосом человека Лічбавая выява мужчынскіх і жаночых храмасом чалавека Digitally generated image of human male and female chromosomes

Лічбавая выява Х і Y храмасом чалавека. Фота: Yuichiro Chino/Getty Images

Як піша Le Monde, гіпотэза аб «таксічным уздзеянні» Y-храмасомы грунтуецца на фактах аб тым, што ў пераважнай большасці сысуноў (ільвы, азіяцкія сланы, касаткі і інш.) XX-асобіны (самкі) жывуць у сярэднім даўжэй, чым XY-асобіны (самцы).

Сярод людзей жанчыны таксама жывуць у сярэднім на 7% даўжэй за мужчын. Акрамя гэтага, навукоўцы заўважылі, што розніца ў працягласці жыцця паміж самцамі і самкамі больш прыкметная ў відаў з даўжэйшай Y-храмасомай.

Y-храмасома, або, як яе яшчэ называюць, мужчынская храмасома, у ходзе эвалюцыі назапасіла паўтаральныя паслядоўнасці ДНК і паступова скарацілася. Але гэтыя паўтаральныя паслядоўнасці таксама вельмі мабільныя: яны могуць міграваць і ўкараняцца ў іншае месца клеткавага геному. Калі іх зыходным пунктам з'яўляецца важны ген, то яны могуць паўплываць на яго функцыянаванне.

Навукоўцы выявілі, што ў пачатку жыцця мужчынскага індывіда гэтыя паўтаральныя паслядоўнасці падаўляюцца маленькімі хімічнымі злучэннямі, якія далучаюцца да бялка, злучанага з ДНК. Але па меры таго, як гэты індывід старэе, такія «меткі» знікаюць, здымаючы падаўленне. Гэта магло б растлумачыць узнікненне клеткавых пашкоджанняў падчас старэння, а такім чынам, і «таксічны эфект» Y, звязаны з узростам.

Ніякага ўздзеяння на дразафілу

Аднак гэтая здагадка ніколі не правяралася эксперыментальна. Таму каманда навукоўцаў з Інстытута біялогіі Валроз Універсітэта Лазурнага Берагу ў Ніцы правяла даследаванне на пладовай мусе (Drosophila melanogaster). Вядома, што самкі (XX) гэтай мухі жывуць на 10% даўжэй самцоў (XY).

З дапамогай генетычных нажніц даследчыкі атрымалі тканкі і лініі самцоў дразафіл, якія валодаюць ці не валодаюць Y-храмасомамі рознага памеру.

У выніку яны заўважылі, што змена колькасці ці памеру Y не аказала ніякага ўплыву на працягласць жыцця гэтых мух. Такі вынік абвяргае гіпотэзу таксічнай Y-храмасомы, па меншай меры, у дразафіл.

Але калі тэзіс аб таксічнасці Y няправільны, то чаму жанчыны жывуць даўжэй? Пытанне застаецца адкрытым. Навукоўцы лічаць, што неабходна праверыць атрыманы вынік на іншых відах, бо вядома, што плацэнтарныя сысуны маюць сістэму вызначэння полу, заснаваную на X- і Y-храмасомах, якая прыкметна адрозніваецца ад падобнай у мух.

Роля ў рызыцы ракавых захворванняў

Вядома, што з узростам пэўныя саматычныя клеткі ў мужчын маюць тэндэнцыю натуральным чынам губляць Y-храмасому. Але, як паказваюць вынікі двух даследаванняў, уплыў гэтай страты на рызыку развіцця двух агрэсіўных відаў раку ў мужчын кантрастуе.

Пры раку мачавога пузыра мужчынская храмасома, відаць, адыгрывае ахоўную ролю, тады як пры раку тоўстай кішкі яна шкодзіць.

Паводле першага даследавання каманды з Медыцынскага цэнтра Сідарс-Сінай у Лос-Анджэлесе, поўная страта (спантанная, альбо атрыманая з дапамогай генетычных нажніц) Y-храмасомы ў клетках пры раку мачавога пузыра чалавека павялічвае агрэсіўнасць хваробы.

Акрамя таго, імунныя клеткі, якія атачаюць пухліны і страцілі свой Y, часцей бяздзейныя. Аднавіць дзеянне такіх клетак у мышэй дапамагло тэрапеўтычнае антыцела (так званая імунатэрапія анты-PD1 прэпаратамі).

Навукоўцы мяркуюць, што ў людзей з дапамогай імунатэрапіі можна будзе актывізаваць клеткі, якія страцілі Y-храмасому, і дамагчыся станоўчага эфекту лячэння ў ад 10% да 40% выпадкаў раку мачавога пузыра.

Другое даследаванне, праведзенае камандай навукоўцаў з Тэхаскага ўніверсітэта, вынікі якога апублікаваныя ў часопісе Nature, было прысвечана раку тоўстай кішкі. Яно паказала, што адмысловы ген Y-храмасомы (названы KDM5D) павялічвае ў мышэй рызыку метастатычнага распаўсюджвання гэтага віду раку. Гэты ген аслабляе сувязі паміж ракавымі клеткамі, дапамагаючы ім адлучацца адзін ад аднаго і распаўсюджвацца па ўсім арганізме.

Але калі яго выдаліць, то ракавыя клеткі становяцца менш інвазіўнымі і лепш распазнаюцца імуннай сістэмай.

Што з іншымі захворваннямі?

Калі раней многія даследаванні былі сканцэнтраваныя на колькасці копій і варыянтаў гена мужчынскай храмасомы, які адказвае за фертыльнасць, то цяпер навукоўцы зразумелі, што

роля Y-храмасомы ў здароўі чалавека распаўсюджваецца і на многія іншыя выпадкі, такія як развіццё раку, хвароба Альцгеймера і сардэчна-сасудзістыя захворванні, уключаючы інфаркт міякарда і інсульт.

Аднак такія высновы патрабуюць удакладнення. І ў гэтым павінна дапамагчы поўная расшыфроўка паслядоўнасці Y-храмасомы, аб паспяховасці якой нядаўна паведамілі навукоўцы.

Чытайце яшчэ:

У Германіі кожны зможа па ўласнай заяве змяніць пол і імя. І гэта можна будзе рабіць штогод

Кітай сядзіць на залатой жыле генетычных даных і не хоча дзяліцца

Брытанскі навукоўца высветліў, калі знікне мужчынскі пол у людзей

Генетыка будучыні: тэхналогіі ўжо дазваляюць узяць зіготу і генетычна змяніць яе як заўгодна

Клас
10
Панылы сорам
5
Ха-ха
0
Ого
5
Сумна
2
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?