Фота: tsn.ua

Фота: tsn.ua

«Звязда» паспрабавала разабрацца, чым жа карысныя слівы. Перш за ўсё, гэта скарбніца нутрыентаў, а таксама харчовых валокнаў і рэчываў, якія памяншаюць рызыку тромбаўтварэння — кумарынаў. Пад пругкай сіняй альбо залацістай скуркай, у мядова-жоўтай мякаці ўтрымліваюцца вітаміны групы В, Е, С і А, а таксама калій, жалеза, цынк, кальцый. Антыаксіданты ў сліве здольныя дапамагчы ў прафілактыцы анкалогіі, а таксама ў захаванні маладосці скуры.

З мікраэлементаў найбольш багаты плод на калій. У адной буйной сліве змяшчаецца амаль 200 мг гэтага рэчыва, якое ўмацоўвае здароўе сэрца. Кісла-салодкі плод сямейства ружовых дапаможа даць рады дэпрэсіі, прычым не толькі дзякуючы цудоўнаму смаку і водару. У сліве змяшчаюцца магній і вітамін В6, карысныя для нервовай сістэмы, а трыптафан паляпшае настрой, спрыяючы выпрацоўцы сератаніну.

Усім вядомая ўласцівасць слівы ўзмацняць перыстальтыку кішэчніка дзякуючы харчовым валокнам і пекціну. Пры гэтым адбываецца мяккае ачышчэнне арганізма, нармалізуецца ўзровень халестэрыну, у якасці бонусу — расставанне з лішняй вагой. Сліва мае мяккі мачагонны і жаўцягонны эфект, абараняе печань ад уздзеяння таксінаў.

Каліт і дыябет? Не налягайце на слівы

На слівавую рознакаляровасць лепш не спакушацца тым, хто пакутуе ад хвароб страўніка і кішэчніка — язваў гэтых органаў, гастрыту, каліту. Прычына — высокае ўтрыманне ў сліве арганічных кіслот. Зрэшты, пару пладоў у дзень пасля прыёму ежы ў гэтым выпадку наўрад ці нашкодзяць. Не ежце багата сліў, калі такі стан, як метэарызм і ўздуцце жывата, знаёмыя вам не па чутках. Пры камянях у нырках і жоўцевым пузыры кісла-салодкі плод таксама не рэкамендуецца, бо змяшчае аксалаты — солі шчаўевай кіслаты, якія могуць пагоршыць захворванне. Павышанае ўтрыманне ў сліве цукру патрабуе асцярожнасці і разумных абмежаванняў у выпадку цукровага дыябету.

Што прыгатаваць і як захаваць?

З духмянай садавіны вараць варэнне, джэмы, гатуюць павідла і мармелад, канфіцюр і жэле, а таксама начынку для пірагоў, піражкоў, блінцоў. Хатнія пірагі са слівамі, кубак чаю ці кавы за столікам на дачнай верандзе ў коле сям’і — незабыўныя ўспаміны аб шчодрым жніўні сагрэюць вас зімовымі вечарамі.

Вядома, свежая сліва, з’едзеная ў сезон, прынясе вашаму здароўю найвялікшую карысць. Каб захаваць набытыя ці знятыя з дрэва плады як мага даўжэй, захоўвайце іх у халадзільніку, але абавязкова забяспечце ім доступ паветра — у закрытым пластыкавым пакеце слівы хутка страцяць свае смакавыя і пажыўныя якасці.

Чытайце таксама:

Ягады падаражэлі, а вось цэны на гародніну радуюць. Што пачым на Камароўцы на выхадных

Нулявая камера ў халадзільніку дапаможа захаваць свежасць вашых прадуктаў

Лета ў слоіку. Колькі сёлета трэба выдаткаваць, каб паставіць закаткі?

Клас
14
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
5
Сумна
6
Абуральна
8