Фота: Belsat

Фота: Belsat

Усяго за перыяд з 10 жніўня 2020 года па 30 чэрвеня 2023 года 52 436 беларусаў атрымалі гуманітарныя візы і амаль 114 тысяч грамадзян Беларусі атрымалі візы па праграме Poland.Business Harbour, пераважна гэта работнікі IT-сферы.

За апошнія месяцы колькасць атрыманых віз вырасла ў два разы, таксама расце колькасць тых, хто звяртаецца па міжнародную абарону — усяго такіх зваротаў было зарэгістравана 7,5 тысячы. 414 беларусаў атрымалі ў Польшчы статус уцекача.

Вольга Дабравольская зазначае, што колькасць грамадзян Беларусі, якія хадайнічалі аб атрыманні міжнароднай абароны, рэзка ўзрасла пасля 24 лютага 2022 года. Калі ў 2020-м было 407 такіх зваротаў ва Упраўленне спраў іншаземцаў, у 2021-м — 2257 зваротаў, то ў 2022-м пасля пачатку вайны ва Украіне было зарэгістравана 4426 зваротаў. У 2023-м зарэгістравана 1600 такіх хадайніцтваў ад грамадзян Беларусі.

Згодна са статыстыкай Упраўлення спраў іншаземцаў, беларусы складаюць другую паводле колькасці пасля ўкраінцаў нацыянальную групу. І гэта першая па колькасці група патэнцыйных уцекачоў, якія не маюць магчымасці вярнуцца на радзіму праз пагрозу асабістай свабодзе.

Пры гэтым кіраўніца дэпартамента прававой дапамогі ЦБС зазначае, што колькасць станоўчых рашэнняў па хадайніцтвах беларусаў складае 99%, адмовы атрымала ўсяго 56 чалавек. Яшчэ адно назіранне Вольгі Дабравольскай тычыцца таго, што

ў 2020 і 2021 гадах грамадзяне Беларусі найбольш часта падавалі заявы на атрыманне дазволу на жыхарства ў сувязі з працаўладкаваннем у Польшчы, такіх зваротаў было 75%, а цяпер лічбы змяніліся. Толькі 54% хацелі б легалізавацца на аснове працы, а 28% складаюць тыя, хто ў якасці падстаў для пераезду называе гуманітарныя прычыны.

Амаль 4 тысячы станоўчых рашэнняў было прынята ў адносінах да беларусаў, якія менавіта па гуманітарнай візе атрымалі часовы дазвол на жыхарства.

Вольга Дабравольская

Вольга Дабравольская

«Беларусы ў 2020-2021 гадах вельмі асцярожна ставіліся да статусу ўцекача. Ім падавалася, што наяўнасць гуманітарнага дазволу на жыхарства не так істотна «адрывае» іх ад радзімы. Апошнія гады сітуацыя змянілася, атрыманне міжнароднай абароны ўжо не так палохае. І яшчэ прыкметна, што беларусы прыехалі ў Польшчу не проста «адсядзецца», яны актыўныя ў грамадскім плане: арганізоўваюць ініцыятывы, фонды, асацыяцыі, ствараюць бізнэс-праекты. Паводле статыстыкі, грамадзяне Украіны і Беларусі летась заснавалі ў Польшчы новых фірмаў у тры разы болей, чым раней рэгістравалася штогод», — кажа Вольга Дабравольская.

Вельмі часта беларусы пераязджалі ў Польшчу цэлымі сем'ямі, і за апошнія гады тут нарадзіліся сотні дзяцей. Паўстае пытанне пра легалізацыю, бо ў маленькіх беларускіх грамадзян няма беларускага пашпарта. Некаторыя бацькі гатовыя паехаць у Беларусь, каб аформіць дакументы, але Вольга Дабравольская раіць узважваць рызыку і не рабіць паспешлівых крокаў. Можна атрымаць міжнародную абарону. Юрыстка раіць звярнуць увагу на два моманты. Калі бацькі падалі хадайніцтва і чакаюць рашэння адносна сябе, то дастаткова толькі прыкласці да сваіх дакументаў пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці. Калі бацькі ўжо маюць падабаронны статус — атрымалі статус уцекача ці міжнародную абарону, — тады падаецца асобная заява на дзіця, і яно таксама атрымае абарону паводле статусу бацькоў.

Калі бацькі маюць дазвол на жыхарства, у тым ліку часовы на падставе гуманітарнай візы, ёсць магчымасць весці адміністрацыйныя працэдуры без пашпарта, калі ёсць іншае пасведчанне асобы дзіцяці. Былі выпадкі, калі бацькі ідуць у беларускую амбасаду, бяруць даведку аб вяртанні дзіцяці ў Беларусь, але не вяртаюцца. Даведка застаецца дадатковым дакументам для легалізацыі. Таксама без пашпарта можна атрымаць польскі праязны дакумент — чалавеку не трэба даказваць, што ён не можа вярнуцца ў Беларусь, каб атрымаць пашпарт.

Кіраўніца дэпартамента прававой дапамогі ЦБС кажа, што ў любым складаным выпадку беларусы могуць звяртацца па кансультацыі. Але просіць ставіцца з разуменнем наконт магчымага часу чакання: у сувязі з тым, што колькасць беларусаў у Польшчы няспынна расце, на інфалінію штодня паступае не менш за 50 зваротаў.

Клас
14
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
1