Сяргей Ботвіч. Фота: belsmi.by

Сяргей Ботвіч. Фота: belsmi.by

Памятаеце матэрыял пра чалавека, на якога наляцелі некалькі ўзброеных сілавікоў і паклалі тварам у асфальт? Гэта быў 32-гадовы Сяргей Ботвіч з Гродна, які працаваў кухарам у піцэрыі. «Наша Ніва» спрабавала адсачыць яго лёс і наткнулася на інфармацыю пра суд над нейкім Сяргеем Ботвічам, які праходзіў у Гродзенскім абласным судзе. Артыкулы — «шпіянаж» і «агентурная дзейнасць». Той самы Ботвіч?

Не, выявілася, што гаворка пра іншага, 59-гадовага мужчыну, які, хоць і не мае беларускага грамадзянства, але вырас і жыў у Беларусі. Гэты Ботвіч Сяргей Іванавіч валодаў кампаніямі, агульны абарот якіх складаў сотні тысячаў даляраў, а частка іх была зарэгістраваная ў ЕС. Вось што пра яго вядома.

Хто такі Сяргей Ботвіч?

Сяргей Ботвіч нарадзіўся ў аграрадку Новы Двор, які ў Свіслацкім раёне Гарадзенскай вобласці. Ëн скончыў Мінскі інстытут замежных моваў — цяпер гэта Лінгвістычны ўніверсітэт. На чацвёртым курсе, яшчэ ў часы СССР, мужчына з'ездзіў у Францыю на стажыроўку.

Адметна, што мужчына мае расійскае, а не беларускае грамадзянства, якое ён атрымаў у 1994 годзе.

Сяргей займаўся бізнэсам у Беларусі, Расіі, Францыі і Літве — у асноўным, гэта быў турызм і аптовы экспарт вугалю з Усходняй Еўропы ў краіны Балтыі і Заходняй Еўропы. 

Агульны абарот кампаній Ботвіча ў «тлустыя» гады складаў некалькі соцень тысяч даляраў у год. Гэта не вельмі вялікі бізнэс, але і не малы.

У 2014-м Ботвіч паўдзельнічаў у праекце будаўніцтва завода па вытворчасці драўнянага вугалю пад Свіслаччу. Дзяржаўная газета паведамляла, што на завод «прыцягнулі інвестыцыяў на 967 тысяч даляраў». Завод мусіла будаваць ААТ «БСПэнерджы», фірма з літоўскімі каранямі. Адным з ключавых інвестараў стала фірма са Свіслацкага раёна «Эрабль Груп», якая таксама экспартавала вугаль з Беларусі ў Францыю і Літву.

Яшчэ адзін ягоны буйны праект — купля маёнтка Багудзенкі каля Свіслачы за 30 тысячаў даляраў. Гэта драўляная сядзіба, якая была пабудаваная на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў і некалі належала Тадэвушу Бутаўт-Андрайковічу, мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Ботвіч дэклараваў амбітныя планы: стварыць там цэлы комплекс з дзвюма гасцініцамі і стайняй, а маёнтак адрэстаўраваць. Маўляў, там будуць цэлыя сафары-туры для багатых турыстаў, якія прынясуць раёну сотні тысячаў даляраў. Для турыстаў «папрасцей» меркавалася прапанаваць эка-забавы кшталту пешых вандровак. Ботвіч абяцаў навезці туды «сусветных зорак і прадстаўнікоў сусветных медыя», называў, у прыватнасці, імя футбаліста Златана Ібрагімавіча.

Маёнтак Багудзенкі. Фота: holiday.by

Маёнтак Багудзенкі. Фота: holiday.by

Праўда, нічога гэтага не ажыццявілася: Ботвіч звазіў туды толькі пару невялікіх груп замежных турыстаў, а абяцаныя рэстаўрацыйныя работы так і не пачаў. Гасцініца таксама не адкрылася.

У нейкі момант бізнэс пачаў сыпацца. Невядома, што менавіта адбылося, але вугальны завод так і не пабудаваўся, а на Ботвіча ў чэрвені 2018-га завялі крымінальную справу. Згодна са звесткамі з базаў «Кіберпартызанаў», фабула крымінальнай справы супраць мужчыны гучыць так:

«Ботвіч Сяргей… наўмысна, з карыслівых намераў, не збіраючыся выконваць узятыя на сябе абавязацельствы, шляхам падману і злоўжывання даверам, на падставе ўдзелу ў інвестыцыйным праекце па будаўніцтве завода па вытворчасці вугалю, завалодаў грашовымі сродкамі ТАА «Эрабль груп» у суме 734 тысячаў еўра».

Вытворчасць па ёй была спыненая згодна п. 5 ч. 1 ст. 246 УПК — хутчэй за ўсё, мужчына выехаў за мяжу.

Сяргей Ботвіч у 2017-м, акурат тады дзяржаўныя органы пачалі яму дакучаць за тое, што на сядзібе не вядуцца работы. Фота: Беларусь сегодня

Сяргей Ботвіч у 2017-м, акурат тады дзяржаўныя органы пачалі яму дакучаць за тое, што на сядзібе не вядуцца работы. Фота: Беларусь сегодня

Штосьці дзіўнае адбывалася і з усімі іншымі фірмамі Ботвіча, якія мы адшукалі. Літоўскія амаль усе збанкрутавалі, французская і расійская дзейнасці не вядуць. Сядзібу Багудзенкі ў яго забралі і яна дагэтуль безнадзейна прадаецца.

Мужчына ў апошні раз абнаўляў свой фэйсбук у ліпені 2021-га — гэта была аб'ява аб продажы машыны. За год да гэтага ён пісаў, што «беларусы маюць тысячагадовую гісторыю» ў адказ на нейкую рускамірскую публікацыю.

Тое, што адбылося пасля — загадка. Выглядае так, што мужчыну затрымалі. Ботвіча абвінавацілі па двух артыкулах — «шпіянаж» і «агентурная дзейнасць». Суд адбыўся ў кастрычніку 2022-га, судзіў яго Гродзенскі абласны суд.

Невядомы як прысуд мужчыне, гэтак і фабула справы, але ён дакладна цяпер у калоніі, бо іншыя формы пакарання па гэтых артыкулах не прадугледжаныя.

На якія дзяржавы ён шпіёніў? На Літву, Францыю, у якіх у яго быў бізнэс? Мы таксама пакуль гэтага не ведаем.

Што датычыць яго 32-гадовага цёзкі-кухара, то яго ў выніку асудзілі па артыкуле за ўдзел у масавых беспарадках. Тое, што ў турму папалі два чалавекі з аднолькавым рэдкім прозвішчам, нагадвае нам пра масавы характар рэпрэсій. А справы аб «здрадзе радзіме» і «шпіянажы» множацца.

Калі вы ведаеце болей пра Сяргея Ботвіча або пра тое, што з ім здарылася, то дасылайце інфармацыю рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ ці на [email protected].

Альбо пішыце асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).

Чытайце таксама:

«Бананавы кароль» Захараў зарубіўся з ДФР і шле Качанавай пакаянныя лісты, называючы апазіцыю «жопазіцыяй»

Другое прышэсце Канаплёва: Лукашэнка вярнуў у фавор былога найлепшага сябра, які яго ледзь не скінуў

«Незвычайна худы і пасівелы». Вядомы следчы Аляксандр Сушко выйшаў на волю. Што ён сядзеў, ніхто і не ведаў

Клас
6
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
6
Сумна
9
Абуральна
26