Колькасць непажаданых для Літвы грамадзян Беларусі за тры месяцы вырасла ўтрая

У спісе непажаданых для Літоўскай Рэспублікі асоб значыцца 910 грамадзян Беларусі.

Ім адмовілі ў знаходжанні ў краіне пасля аналізу адказаў на пытанні спецыяльнай анкеты. У ёй іншаземец мае паведаміць аб сваёй адукацыі, ранейшай працы, службе ва Узброеных сілах, дзелавых сувязях, а таксама пазначыць сваё стаўленне да расійскай агрэсіі ва Украіне. Анкету ўвялі летась у лістападзе. 

У маі паведамлялася, што праз «пагрозу бяспецы» 309 беларусам адмовілі ў выдачы дазволу на жыхарства. За тры месяцы колькасць непажаданых беларусаў вырасла ўтрая.

Беларусы, якім забаранілі знаходзіцца ў Літве, даведаліся пра тое, што яны небяспечныя для краіны, з ліста міграцыйнай службы.

Хто з замежнікаў уяўляе пагрозу, вызначае Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі, паведамілі «Нашай Ніве» ў літоўскай міграцыйнай службе.

«Рашэнне можа быць абскарджана ў судзе на працягу 14 дзён. Суд ацэніць пералічаныя ў скарзе довады і прыме рашэнне аб яе разглядзе», — пракаментавалі ў літоўскім Дэпартаменце міграцыі.

«Служыў у Беларусі, там засталіся бацькі, праз якіх рэжым можа ціснуць»

Вядома, што Літва анулюе дазволы на жыхарства беларусам з-за службы па кантракце ва Узброеных сілах Беларусі, працы на Беларускай чыгунцы.

29-гадоваму Івану Страшкевічу адмовілі ў прадаўжэнні візы з-за службы па кантракце ў пагранічных войсках Беларусі. 5 чэрвеня яму электроннай поштай міграцыйная служба даслала ліст на 10-ці старонках.

«Сэнс ліста быў у тым, што яны на падставе запоўненай мною анкеты прызналі мяне пагрозай для Літвы, забаранілі ўезд у краіну на пяць гадоў. У ім паведамлялася, што я служыў у войску, таму магу быць лаяльным рэжыму і быць шпіёнам. Усё гэта распісвалася ў розных фармулёўках», — адзначае Страшкевіч.

Іван Страшкевіч. Фота: сацыяльныя сеткі

Іван Страшкевіч. Фота: сацыяльныя сеткі

Ён кажа, што мог утоіць звесткі аб службе ў пагранічных войсках, але не стаў.

«Я палічыў, што трэба быць чэсным, таму напісаў як ёсць, хаця чуў пра выпадкі, што гэта становіцца падставай для адмовы ў атрыманні дазволу на знаходжанне ў краіне. Спадзяваўся, што дэмакратыя пераможа, бо жыву ў дэмакратычнай краіне. Але выйшла, што не тая дэмакратыя», — адзначае Іван.

Мужчына кажа, што яму незразумела, чаму яго прызналі небяспечным. Ён супраць рэжыму Лукашэнкі і ўсяго, што творыцца на радзіме, а таксама супраць вайны.

Па яго словах, суд, куды ён звярнуўся, запатрабаваў ад службы бяспекі патлумачыць прычыны. 

«Яны напісалі, што я служыў у Беларусі, іншай інфармацыі ў іх няма, але там засталіся бацькі, праз якіх рэжым на мяне можа ціснуць», — даводзіць ён.

Іван Страшкевіч у Літве прабыў больш за восем месяцаў. У Літву ён перабраўся з Польшчы на запрашэнне стрыечнага брата. Зрабіў літоўскую працоўную візу. Калі ж падаўся на яе прадаўжэнне, пачаліся праблемы.

«Утрымлівалі два месяцы ў лагеры»

Іван Страшкевіч кажа, што ў міграцыйнай службе яму параілі не абскарджваць рашэння спецслужбы, а звярнуцца адразу па палітычны прытулак.

14 чэрвеня пасля таго, як ён занёс неабходныя дакументы, яму патэлефанавалі з міграцыйнай службы і сказалі, што ён мусіць прабыць два дні ў лагеры для ўцекачоў, пакуль будуць разглядаць дакументы.

«У лагеры забралі ўсе рэчы, сказалі, што будзе суд. Мне не далі звязацца з адвакатам. Сказалі, што застануся ў лагеры надоўга», — апавядае Страшкевіч.

Хлопца ўтрымлівалі два месяцы ў лагеры за 50 кіламетраў ад літоўскай сталіцы. Ён сядзеў у ізаляваным памяшканні без кампʼютара, тэлефона. Выйсці мог толькі ў прыбіральню, а таксама ў пакой з халадзільнікам, мікрахвалевай печчу, чайнікам.

Супрацоўнікі лагера казалі беларусу, што яго дэпартуюць на радзіму.

«Па іх інтанацыі адчувалася, што яны ў тым упэўненыя. Гэта не гучала як пагроза, але яны былі перакананыя, што так і будзе», — згадвае ён.

Іван Страшкевіч кажа, што ў суседняй камеры сядзеў мужчына, якому адмовілі ў прытулку. Ён чакаў дэпартацыі ў Беларусь, дзе абвешчаны ў вышук за палітыку.

У Літву беларус трапіў, ратуючыся ад пераследу. Суд апеляцыі не задаволіў, і мужчына збіраўся абскарджваць рашэнне літоўскіх улад у судовых інстанцыях Еўрасаюза.

«Па яго словах, дэпартацыю аргументавалі тым, што яго на радзіме не заб’юць. Пасля яго аповеду я пачаў хвалявацца, што мяне таксама дэпартуюць», — гаворыць Страшкевіч.

Маці Івана Страшкевіча з Літвы, але, выехаўшы ў Беларусь, атрымала беларускае грамадзянства. Уся яго радня па матчынай лініі жыве ў Літве.

Паводле літоўскага заканадаўства, замежнікі, якія маюць літоўскія карані, могуць атрымаць грамадзянства па спрошчанай працэдуры. Страшкевіч прызнаецца, што не ведаў пра гэту акалічнасць.

Цяпер Іван Страшкевіч у Польшчы, дзе звярнуўся па палітычны прытулак. Таксама ён чакае пастановы суда па абскарджанні рашэння аб забароне знаходжання ў Літве.

«З такім стаўленнем да мяне ў Літву асабліва не хочацца. Я не буду там адчуваць сябе ў бяспецы, — падсумоўвае беларус. — Я прыехаў туды з чыстым сумленнем, і мяне беспадстаўна пазбавілі волі на два месяцы. Гэта непрыемна».

«Судзіцца з міграцыйнай службай пабойваюся, каб не стала яшчэ горш»

Вераніка (імя зменена на яе просьбу) больш за пяць гадоў рабіла ў дзяржаўнай лагістычнай транспартнай арганізацыі. Жанчына кажа, што, пазначаючы гэты факт сваёй біяграфіі ў анкеце, не магла ўявіць, чым гэта абернецца.

У Літву яна прыехала тры гады таму па працоўнай візе, і праблем са знаходжаннем у краіне за гэты час не было.

«Арганізацыя, у якой я працавала, супрацоўнічала з Беларускай чыгункай, але я не была чыгуначніцай. У анкеце я гэта і пазначыла. Можа, гэта і стала прычынаю адмовы ў атрыманні дазволу на знаходжанне ў Літве. З ліста, які я атрымала, прызнаюся, нічога не зразумела», — расказвае Вераніка.

Жанчына прызнаецца, што цяпер разгубленая і не ведае, што рабіць. Вяртацца ў Беларусь у яе жадання няма. Судзіцца з міграцыйнай службай пабойваецца, каб не стала яшчэ горш.

Вераніка праглядае чаты ў сацыяльных сетках са спадзевам, што там знойдзе спосаб, як даць рады праблеме.

«А чым мне дапамогуць журналісты? Ну, напішуць, і што далей? Я супраць вайны і лічыла, што гэтага дастаткова. А цяпер зноў трэба мяняць сваё жыццё. Давядзецца зʼязджаць з Літвы. Кажуць, у Польшчы такіх праблем няма…» — падсумавала гутарку беларуска.

«Проста паеду ў іншую краіну»

Жыхар Магілёўшчыны Аляксей (на яго просьбу імя зменена) пасля тэрміновай службы ў дэсанце ўладкаваўся пажарнікам. Адрабіў тры гады, а потым падаўся ў ахоўнікі.

Аляксей устрымаўся адказваць на пытанне, ці была гэта праца ў міліцэйскім Дэпартаменце аховы.

Аляксей запэўнівае, што ў райцэнтры, дзе жыў, засвяціўся на адной з акцый пратэсту. Калі пачалі выклікаць удзельнікаў у міліцыю, вырашыў з'ехаць з Беларусі. У Літву ён прыехаў у канцы 2021 года па працоўнай візе.

Па яго словах, тры месяцы таму ён звярнуўся па дазвол на часовае пражыванне. Днямі дазнаўся, што ён непажаданая для краіны асоба і мусіць яе пакінуць.

«З ліста, што мне даслалі, зразумеў, што я небяспечны для Літвы беларус», — расказвае Аляксей.

Ён кажа, што ў яго ёсць знаёмыя, якія апынуліся ў такой жа сітуацыі, і яны судзяцца з міграцыйнай службай.

«Гэтага я рабіць не буду, — падсумоўвае Аляксей. — Проста паеду ў іншую краіну. Юрыст мне сказаў, што рашэнне літоўскіх улад не распаўсюджваецца на тую ж Польшчу. Карацей, збіраю рэчы».

***

9 жніўня Святлана Ціханоўская на сустрэчы з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам заклікала яго не ўраўноўваць абмежаванні супраць беларусаў і расіян. Яна адзначыла, што гэтае ўніфікаванне грае на руку прапагандзе, дэмаралізуе беларусаў і абмяжоўвае працу грамадзянскай супольнасці. 

Дэмакратычная лідарка Беларусі казала, што «разумее ўсю рызыку, звязаную з магчымай агентурнай дзейнасцю грамадзян Беларусі», але «гэта не павінна ўдарыць па беларусах, якія не падтрымліваюць рэжыму і Расіі, а такіх абсалютная большасць».

Глядзіце таксама:

Прэм'ер Літвы заявіла пра механізм закрыцця мяжы з Беларуссю

Эстонія не будзе высылаць грамадзян Беларусі

«Ваша барацьба — наша барацьба, мы не пакінем вас адных». Кіраўніца Еўрапарламента звярнулася да беларусаў

Латвійскія памежнікі адкрылі стральбу, спрабуючы спыніць нелегалаў, што ішлі з Беларусі

Клас
7
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
5
Сумна
5
Абуральна
16

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?