Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Бабулька ў транспарце, школьныя настаўнікі або бацькі, якія заўсёды ведаюць, як лепш

Таксічнасць — хутчэй побытавае слова, у псіхалогіі такога тэрміна няма. Тым не менш, ён абазначае цалкам рэальную з’яву, тлумачыць Юлія: «Так мы называем адчуванне ўнутры камунікацыі з іншымі людзьмі, калі гэтая камунікацыя дастаўляе нам дыскамфорт, прымушае адчуваць сябе напружана і балюча. Часам гэта адносіны, якія прымушаюць нас правальвацца ў свае, некамфортныя перажыванні. Таксічны чалавек робіць падчас камунікацыі нешта, што атручвае наш эмацыйны стан». 

Спецыялістка звяртае ўвагу, што таксічнасць — характарыстыка не чалавека, а камунікацыі, а ў ёй заўсёды ўдзельнічаюць як мінімум два бакі. Адна і тая ж асоба можа ў камунікацыі з адным чалавекам успрымацца дужа таксічнай, а ў камунікацыі з іншым — дужа мілай. 

І тым не менш, ёсць пэўныя рысы чалавека, якія насамрэч атручваюць камунікацыю з ім. Што называюць таксічнымі паводзінамі? 

Гэта пастаяннае парушэнне межаў, жаданне паглынуць час і сілы суразмоўцы, прынесці ў камунікацыю шмат асабістай гісторыі, і часта гэта няпростая гісторыя. Таксічны чалавек пастаянна шукае ўвагі і жалю да сябе, прасторы, дзе ён мог бы размясціць свае складаныя эмоцыі. У такіх людзей часта ўсё вельмі дрэнна, яны любяць паскардзіцца пра тое, як ім не шанцуе. Але пры гэтым у іншых людзей усё добра, так што свет дужа несправядлівы — як мінімум, так падаецца таксічным людзям.

Таксічнасць можа выражацца і праз агрэсіўнасць, і тут ёсць шмат супрацьлеглага, удакладняе спецыялістка: «Нехта таксічны ў сваёй пазіцыі ахвяры, нехта — у сваёй агрэсіі, напрыклад, у здольнасці лёгка заводзіцца ад крытыкі. Таксічныя людзі могуць шмат крытыкаваць і пастаянна даваць няпрошаныя парады, маўляў, яны ведаюць, як лепш, могуць абясцэньваць. 

Да таксічнасці прылічаюць дужа моцны кантроль, які мяжуе з ціскам, занадта вялікую ўпэўненасць у сваёй правасці, імкненне перабіваць і забіраць усю прастору размовы».

Тут можна казаць і пра любоў да плётак: багата людзей любяць пляткарыць, але калі гэтага зашмат, сітуацыя можа набываць таксічны характар. Так і з нечым прыемным, бо калі яго занадта шмат, яно робіцца атрутай. Маленькая лыжачка цукру на кубак кавы — гэта добра, калі такіх лыжак дзесяць — гэта будзе шкодзіць арганізму. Гэтак і любая характарыстыка камунікацыі, калі будзе занадта выражаная, можа атручваць жыццё. 

Псіхолаг звяртае ўвагу на тое, што таксічнасць — супрацьлеглая рэч: «Адзін чалавек можа здавацца таксічным у тым, як ён пазбягае канфліктаў, выклікаць непрыемнае пачуццё, быццам з ім нельга наўпрост пра нешта пагаварыць. І наадварот: можна палічыць таксічным жаданне спрачацца і выходзіць на канфлікт, калі суразмоўца пастаянна нешта табе даказвае. Такая дыскусія з цікавай ператвараецца ў таксічную». 

Любы з гэтых прыкладаў, мяркуе Юлія, можна перакласці на любыя стасункі. Возьмем агрэсіўнасць: шмат бацькоў агрэсіўна рэагуюць на праявы эмоцый з боку дзіцяці. Агрэсіўнасць можа выражацца ў зносінах з партнёрамі — часам цікаўнасць, жаданне наблізіцца, проста размова на розныя тэмы выклікаюць агрэсію. Чалавек можа быць няздольны перанесці розніцу ў меркаваннях, і праз таксічныя паводзіны ён спрабуе прадэманстраваць сваю пазіцыю.

Калі гаворка пра парушэнне межаў, гэта можа быць незнаёмая бабулька ў транспарце, якая робіць заўвагу наконт вашай вагі ці вашага знешняга выгляду, або школьныя выкладчыкі з іх парадамі. Могуць быць і бацькі, якія заўсёды ведаюць, як лепш: як правільна апранацца, як будаваць жыццё, калі нараджаць дзяцей і за якога мужчыну выходзіць замуж.

«Калі вашы межы пастаянна парушаюць, павінны прыйсці наступствы»

Прычын у таго, чаму тая ці іншая асоба выбірае таксічную камунікацыю, можа быць багата: парушэнне самаацэнкі, наяўнасць траўматычнага досведу, нізкі ўзровень эмацыянальнага інтэлекту і ўнутранай усвядомленасці, або ўвогуле пэўныя рысы характару. Чалавек інтэгруе ўнутры сябе свой жыццёвы досвед, выпрацоўвае спосабы адаптацыі да яго, і такім спосабам можа стаць таксічнасць.

Калі камунікацыя дастаўляе вам дыскамфорт, варта пашукаць яго прычыны, задумацца, ці дастаткова абмежаванняў у маёй камунікацыі з гэтым чалавекам і ці добра я бараню свае межы.

«Таксічнасць — гэта дакладна пра напад на наш камфорт і нашы межы. Калі ў мяне дастаткова моцныя межы, калі я ўмею казаць «не», калі я магу выразіць уласную злосць або дыскамфорт, які нараджаецца ў кантакце з кімсьці — тады шанец, што гэтая камунікацыя мяне будзе атручваць, ніжэйшы. Горшы варыянт — звычка цярпець непрыемную камунікацыю і страх пакрыўдзіць таксічнага чалавека.

Таму лепш задаваць сабе пытанне, як мне з гэтым чалавекам, камфортна або дрэнна? Тыя, хто ўважлівы да сябе, могуць адзначыць, напрыклад, што ля таксічных людзей яны адчуваюць злосць, жар у грудзях, у іх могуць напружвацца мускулы, унутры будуць віраваць эмоцыі — маўляў, хопіць са мной так размаўляць! Або можа ўзнікнуць агіда, адчуванне, што для мяне гэтай камунікацыі ўжо занадта», — тлумачыць Навацкая.

Адзначаеце ў сябе такія рэакцыі? Абазначайце межы ў таксічнай камунікацыі, павялічвайце дыстанцыю ў ёй або ўвогуле спыняйце камунікацыю, калі чалавек не здольны будаваць стасункі нетаксічным чынам. Сачыце за тым, каб захоўваць у гэтым эмацыйную ўстойлівасць. 

Да межаў адносім наша цела, нашы дзеянні, рашэнні, планы і мэты — рэчы, за якія нясем адказнасць мы. Калі ў нашу зону адказнасці пастаянна нехта трапляе і атручвае яе, мы можам даць рады гэтай сітуацыі вусным чынам. Абазначце, што гэта — зона асабіста вашай адказнасці.

Напрыклад, калі ў вас часта пытаюцца, калі вы зберацеся нарадзіць дзіця, можна сказаць: «Мне было б прыемна, каб пры мне ты не закранала тэму бацькоўства». Калі нехта не задаволены вашым мужам ці жонкай, можна сказаць: «Мне непрыемна, калі ты дазваляеш сабе такія каментары наконт майго мужа ці жонкі. Прашу цябе так не рабіць».

Калі вы ставіце межы, а чалавек іх пастаянна парушае, перш за ўсё можна спытаць, ці гэтая мяжа выстаўленая зразумелым для чалавека чынам. Калі вас разумеюць, але ўсё роўна парушаюць межы, можна абазначыць пэўныя санкцыі за гэта. 

Псіхолаг тлумачыць: «Калі вакол дома ёсць плот, нехта часта праз яго пералазіць і крадзе яблыкі, а мы не ўводзім за гэта ніякія санкцыі, магчыма, у чалавека не з'явіцца імпульс спыніцца. Магчыма, вы звернецеся ў паліцыю альбо павесіце на плот калючы дрот, каб красці яблыкі было менш камфортна. 

Гэтаксама і ў камунікацыі. Калі вашы межы пастаянна парушаюць і чалавек не слухае просьбы так не рабіць, то павінны прыйсці нейкія наступствы. Напрыклад, можна сказаць: «Калі ты будзеш так рабіць далей, я буду вымушаны класці трубку тэлефона і заканчваць размову або сустракацца з табой радзей, бо не маю сіл». Вельмі важна, каб гэтыя наступствы былі рэальныя, а не гучалі на словах, бо інакш гэта не пастаноўка межаў, а маніпуляцыя».

«Сапраўды таксічны чалавек вельмі рэдка задумваецца, а ці не таксічны ён»

Не заўсёды можна цалкам адмовіцца ад камунікацыі з таксічнай асобай — бывае, што мы вымушаныя жыць з такім чалавекам у адным доме або працаваць разам. Юлія кажа, што тут важна ўлічваць багата фактараў: наколькі гэты чалавек таксічны, наколькі вам цяжка з ім камунікаваць, чаму вы ўпэўненыя, што вам ніяк не спыніць гэтую камунікацыю. Канчатковае рашэнне мусіце прыняць вы самі.

У псіхалогіі прынята лічыць, што звычайна чалавек вырашае перш за ўсё ўласныя патрэбы, стварае асяроддзе, дзе яму камфортна развівацца і дасягаць сваіх мэтаў, задавальняць свае патрэбы, каб у выніку мець дастаткова рэсурсаў. Лічыце, што не можаце спыніць адносіны з таксічнай мамай, якая кожную сустрэчу тыкае вас у балючыя пытанні? Тады вельмі цікава, навошта вам такія атрутныя адносіны, цікавіцца псіхолаг.

У кожнай камунікацыі мы балансуем паміж сваімі патрэбамі. Мы маем патрэбу быць у добрых стасунках з роднымі, але ў той жа час мусім яшчэ і добра сябе адчуваць у гэтых стасунках. Таму калі чалавек не жадае прыслухоўвацца да вас, трэба расстаўляць для сябе прыярытэты і выбіраць, што для вас важнейшае — уласны спакой або захоўванне стасункаў.

А як разабрацца, ці не таксічны чалавек вы самі? Юлія раіць, па-першае, абапірацца на крытэрыі вышэй і аналізаваць свае паводзіны: маўляў, ці заўважаеце вы за сабой нешта падобнае? Ці заўважаеце, каб вам было цяжка ў кантакце з іншымі людзьмі заставацца ўстойлівым і карэктна выражаць свае эмоцыі? 

Па-другое, калі вам рэгулярна кажуць, што ля вас дрэнна і складана, можаце пагутарыць з тымі суразмоўцамі, якія для вас найбольш бяспечныя, і ўдакладняць у іх, у чым канкрэтна праблема. Праблема з’явы «таксічнасць» у тым, што яна можа скажацца праз успрыняцце іншага, мы з рознымі людзьмі паводзім сябе дужа па-рознаму. Для кагосьці цвёрдыя межы могуць выглядаць таксічнымі, а для кагосьці — цалкам адэкватнымі.

Таму тут варта быць уважлівымі, мяркуе спецыялістка: «Ёсць людзі, якія насамрэч дужа агрэсіўныя і дакучлівыя, шмат крытыкуюць, але ігнаруюць гэтую частку свайго характару. Ім важна ведаць пра такую сваю асаблівасць, звяртаць увагу на тое, якімі іх бачаць іншыя. 

Але, з іншага боку, мне здаецца, што сапраўды таксічны чалавек вельмі рэдка задумваецца, а ці не таксічны ён. Такое пытанне будуць сабе задаваць хутчэй людзі, якія баяцца сваёй агрэсіі, баяцца адстойваць межы і пакрыўдзіць іншага. Ім лепш не прычэпліваць да сябе ярлык таксічнага чалавека, а разумець, што таксічнасць нараджаецца ў камунікацыі, і гэта не рыса пэўнага чалавека, а хутчэй рыса камунікацыі. І тады адказнасць за тое, як паміж намі складваецца камунікацыя, ляжыць на абодвух баках. Гэта варта ўлічваць і тады, калі вам здаецца, што нехта з вамі таксічны, і калі вы самі падаяцеся сабе надта таксічным». 

Калі мы цярпім таксічную камунікацыю, што можа здарыцца? Можна абраць пазбяганне: маўляў, не так мне і дрэнна ля яго, усё нармальна, напэўна, гэта са мной нешта не так. Але доўгае пазбяганне абавязкова нараджае напружанне, і на тое, каб падтрымліваць дыстанцыю са сваімі пачуццямі, будуць сыходзіць нашы рэсурсы, гэтая чорная дзірка пачне паглынаць нашы сілы. 

Аднойчы сіл можа не хапіць, і гэта можа выклікаць сур’ёзныя праблемы: дэпрэсію, эмацыйнае выгаранне або фізічныя хваробы, якія будзе цяжка чымсьці вытлумачыць. Напрыклад, у чалавека на фоне стрэсу можа быць мігрэнь. Калі гэты стрэс не разбурае нас, ён можа пачаць разбураць знешні свет, і тады таксічнымі станем ужо мы самі.

Блогер Блішч: «Найвялікшая дурасць, якую прыдумалі міленіялы, — выгаранне». Яму адказалі

Чаму беларусы едуць на Радзіму, калі гэта для іх можа быць небяспечна

«Людзі з псіхалагічнымі праблемамі не слабыя. Яны проста вельмі шмат змагаліся». Што беларусы даведаліся пра сябе дзякуючы псіхатэрапеўтам

Клас
47
Панылы сорам
13
Ха-ха
10
Ого
10
Сумна
5
Абуральна
26

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?