Раніца 5 жніўня для пчаляра Мікалая Пучылы пачалася з «сюрпрызу» — два з трох ягоных вуллёў разграмілі. Як выявілася, гэта зрабіў мядзведзь, якога за дзень да таго грыбнік бачыў у лясным масіве каля вёскі Нялідавічы.

«Прыехаў наведаць сваіх пчол, але ўбачанае прывяло мяне ў лёгкі шок. Спачатку падумаў, што гэты пагром — справа рук нядобразычліўцаў… Потым вырашыў агледзецца і ўсё пералічыць.

Як выявілася, усе рамкі на месцы, але вось уся гнездавая частка — выедзена. Потым заўважыў на сотах след — пазл склаўся, я зразумеў, што гэта быў мядзведзь», — растлумачыў пчаляр.

Супрацоўнікі МНС, да якіх ён звярнуўся, сказалі, што не варта турбавацца, бо касалапы наўрад ці прыйдзе па мёд другі раз у адно і тое ж месца. Тым больш, што яму, хутчэй за ўсё, і так моцна ад пчол дасталася. Таму апошні ацалелы вулей ён вырашыў пакінуць на ранейшым месцы — каля лесу.

«Калі я і пастаўлю на свой участак, нават са згоды суседзяў, то гэта можа прывесці да таго, што буры проста прыйдзе па ежу на нашу тэрыторыю. Лепш такога не дапусціць, — растлумачыў ён. — Літаральна пару дзён таму мне знаёмы распавядаў, што бачылі маму з двума медзведзянятамі каля Мінскага мора, але я тады і не мог падумаць, што да гэтай гісторыі дакрануся!

Дзіўна, што мядзведзі разгульваюць недалёка ад сталіцы. Але, калі што, я на касалапага зла не трымаю. Спадзяюся, яму было смачна».

Дырэктар Бараўлянскага спецлясгаса Аляксандр Мірановіч упэўнены, што «начны дэбашыр» — той самы мядзведзь, які напярэдадні сустрэўся з паляўнічым каля вёскі Нялідавічы.

«Таксама нам 4 жніўня паступілі званкі ад жыхароў Мінскага раёна, якія бачылі, як мядзведзь ішоў па полі каля вёскі Касынь. Цяпер мядзведзь знаходзіцца ў натуральным асяроддзі пасялення. Упэўнены, што з ім усё добра, а вось грыбнікам, якія ўсё ж вырашылі пайсці на ціхае паляванне, трэба быць напагатове», — лічыць ён.

Чытайце таксама:

Мядзведзі дабраліся да Мінска: сям'ю заўважылі пад Ждановічамі

Мядзведзіца і трое медзведзянят выйшлі да людзей у Навагрудскім раёне ВІДЭА

Улады Румыніі загадалі знішчыць амаль 500 мядзведзяў

Клас
3
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
11
Сумна
7
Абуральна
3