Гісторык і шматгадовы дзеяч беларускага руху ў Польшчы Алег Латышонак у гутарцы з «Нашай Нівай» назваў падзеі трохгадовай даўніны беларускай легендай, якая доўга застанецца ў памяці. Беларуская рэвалюцыя не завяршылася, кажа ён.

«Завяршэннем будзе скіданне рэжыму і калі Беларусь стане беларускай. Але галоўны крок зроблены. Той, хто змагаўся дзесяцігоддзямі і хто бачыў аграмадныя натоўпы пад бел-чырвона-белымі сцягамі, разумее, што гэта было», — адзначыў Алег Латышонак.

Ён сам прайшоў да беларускага консульства з беларускім сцягам на плячах і ўкраінскім у руках.

Падчас шэсця ўдзельнікі выгуквалі лозунгі беларускага супраціву дыктатуры Лукашэнкі. Было шмат нацыянальных сцягоў, бел-чырвона-белай сімволікі ды самаробнай атрыбутыкі.

У калоне ішлі людзі рознага веку. Некаторыя прыйшлі на акцыю салідарнасці цэлымі сем’ямі з дзецьмі. Праўда, сёння было толькі слабое падабенства да таго, што тры гады таму адбывалася ў Беларусі, гаворыць адзін з такіх удзельнікаў.

«Тады мы адчувалі нацыянальны ўздым. 16 жніўня аднамомантна выйшла на пратэст да 1 мільёна чалавек. Напрыклад, у маленькім Чачэрску выйшла 400 чалавек пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Гэта паказвае, які быў маштаб падзеі. Для ўлады гэта быў вялікі сюрпрыз», — гаворыць мужчына.

Улады Беластока на гадавіну пачатку беларускай рэвалюцыі вывесілі бел-чырвона-белыя сцягі на будынку канцылярыі прэзідэнта Беластока, які знаходзіцца непадалёк ад Рынку Касцюшкі.

На самой акцыі салідарнасці выступіў віцэ-прэзідэнт Беластока Рафал Рудніцкі. Ён адзначыў, што ўлады Польшчы, як і краіны Еўропы, салідарныя з народам Беларусі, што свабода краіны — найважнейшая каштоўнасць. Згадаў ён і пра нашых палітвязняў. Палітык выказаў спадзеў, што Беларусь неўзабаве стане вольнай, а яе грамадзяне будуць карыстацца з усіх правоў, натуральных у вольным свеце.

Каля дыпламатычнага прадстаўніцтва гучалі лозунгі «Жыве Беларусь», «Свабоду палітвязням», іграла беларуская музыка пратэсту. 

«Наш голас не сціхае нават за мяжой, каб нас ніхто не забыў. Калі мы разам, ёсць надзея, што мы пераможам», — прамаўлялі выступоўцы пад сценамі консульства.

«Мінулі тры гады, тысячы палітвязняў за кратамі, але мы працягнем змагацца, пакуль Беларусь не стане вольнай», — сказаў адзін з арганізатараў акцыі салідарнасці ў Беластоку, актывіст беларускай дыяспары Ян Абадоўскі.

Акцыя праходзіла пад наглядам паліцыі, інцыдэнтаў падчас яе не было. 

Чытайце таксама:

З Расіяй Беларусь будзе толькі калоніяй, а перамога Украіны дасць шанец. Што гаварылі пра еўрапейскую будучыню на канферэнцыі «Новая Беларусь 2023»

«Наша задача вырваць Беларусь з расійскай арбіты. І правесці дэкаланізацыю Беларусі» — Ціханоўская

Кавалеўскі расказаў і паказаў, што з сябе будзе ўяўляць беларускі альтэрнатыўны пашпарт

Клас
26
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2