Фота: Getty Images

Фота: Getty Images

Апошнія гады пачасцілася колькасць паведамленняў пра дзіўныя ды і проста непрыгожыя інцыдэнты з удзелам турыстаў у розных кутках свету. Учынкі кшталту сэлфі голым на фоне святой гары на Балі або псавання каракулямі сцен Калізея ў Рыме садзейнічалі з'яўленню словазлучэння «таксічны турызм».

Прафесар Федра С. Пецула, спецыяліст па турызме і аўтар аднайменнай кнігі, кажа, што гэта неабавязкова новая праблема. Цяпер няма ніякіх статыстычных даных, якія сведчылі б пра няўхільнае павелічэнне колькасці выпадкаў, звязаных з неадэкватнымі паводзінамі турыстаў. Аднак у лічбавую эпоху рэчы могуць лёгка стаць віруснымі ў сацсетках, ствараючы ўражанне, што колькасць непрыстойных выхадак няўмольна расце.

Але ў любым выпадку — што стаіць за падобнымі агіднымі ўчынкамі на першы погляд прыстойных людзей? Адзін з адказаў, як паказвае даследаванне выдання The Conversation, — гэта сацыяльныя сеткі. Instagram і TikTok дазволілі лёгка знаходзіць «схаваныя жамчужыны» (месцы, пра якія раней ведала не так шмат людзей) і адкрываць для сябе новыя кірункі. Але пры гэтым, назіраючы за паводзінамі іншых людзей у сацсетках, многія (свядома ці не) часта мяркуюць, што іх звычайныя паводзіны, да якіх яны звыклі дома, прымальныя і ў іншым месцы. Гэтая з’ява вядомая як «сацыяльны доказ», калі мы глядзім на паводзіны іншых, каб абгрунтаваць свае ўласныя ўчынкі. Што ж, гучыць не надта пераканаўча, таму варта зірнуць на іншыя фактары.

Напрыклад, «эфект ідэнтыфікаванай ахвяры» — з’ява, калі людзі больш схільныя спачуваць ахвярам нейкіх трагедый ці няшчасных выпадкаў, калі яны ведаюць, хто гэтыя ахвяры. Так як турысты часта знаходзяцца ў гатэлях далёка ад мясцовых суполак, то можа прыйсці памылковая ўпэўненасць у беспакаранасці дрэнных паводзін. Так з’яўляецца пачуццё, што паездка ў месцы, далёкія ад дому, — гэта магчымасць для неадэкватных і (як здаецца таксічнаму турысту) вясёлых дзеянняў без наступстваў. Яны недаацэньваюць або ігнаруюць эфект, які іх дзеянні могуць аказаць на мясцовых жыхароў або эканоміку, бо проста не асацыююць сябе з мясцовым насельніцтвам.

Чытайце таксама: Расіянін сфатаграфаваўся голы на фоне свяшчэннай гары Агунг. Яго дэпартуюць

Эфект Instagram

Калі людзі едуць у прыгожае месца, якое значна адрозніваецца ад іх звычайнага жыцця, тады спакуса размясціць фатаграфіі і відэа ў сацыяльных сетках вельмі вялікая. Але гэта стварае заганны цыкл: чалавек спачатку бачыць, як яго віртуальныя сябры публікуюць фатаграфіі з цікавых месцаў, а затым ён сам хоча наведаць тыя ж месцы і зрабіць там такія ж фота. Урэшце адныя і тыя ж амаль аднолькавыя фота выкладваюцца ў адны і тыя ж сацсеткі, што спрыяе яшчэ большаму пашырэнню тых ці іншых трэндаў.

Магчымасць падарожнічаць і размяшчаць паведамленні аб наведванні пэўных месцаў, якія наведвае ваша сацыяльная група або інтэрнэт-кантакты, можа быць формай сацыяльнага статусу. Гэта азначае, што ў некаторых выпадках падарожнікі будуць укладваць больш энергіі ў стварэнне кантэнту, чым у даследаванне новых месцаў, знаёмствы і паважлівае стаўленне да мясцовых звычаяў.

Актуальны прыклад — востраў Балі. Адзін з вельмі папулярных кірункаў турызму, які стаў такім у многім дзякуючы сацсеткам: фотагенічны востраў з вялікай колькасцю месцаў для заняткаў ёгай стаў месцам прыцягнення для (свайго роду) уплывовых людзей.

У адказ на шматлікія сітуацыі непрыстойных паводзін турыстаў улады Балі ў чэрвені 2023 года ўвялі новыя рэкамендацыі для прыезджых, якія ўключаюць у сябе правілы належных паводзін у святых храмах па ўсім востраве і пры кантактах з мясцовымі жыхарамі, а таксама паважлівае стаўленне да прыроды.

Цяпер турыстам патрэбная ліцэнзія на пракат матацыклаў, і яны не могуць ступіць ні на адну гару ці вулкан на Балі праз іх «святую прыроду». Падарожнікі павінны спыняцца толькі ў зарэгістраваных гатэлях і вілах. Да таго ж улады вострава ўвялі «турыстычную аператыўную групу» для забеспячэння выканання абмежаванняў шляхам рэйдаў і расследаванняў, калі гэта будзе неабходна.

На іншых папулярных турыстычных напрамках улады робяць падобныя крокі: Ісландыя, Гаваі, Новая Зеландыя, Коста-Рыка і іншыя прынялі на сябе абавязкі, накіраваныя на прыцягненне выхаваных турыстаў, і прымушаюць сваіх гасцей выконваць лакальныя законы і з павагай ставіцца да мясцовых звычаяў. Там, дзе такія намаганні не ўвянчаліся поспехам, некаторыя курорты пайшлі далей і цалкам закрыліся для турыстаў, прынамсі, часова. Так зрабіў, напрыклад, знакаміты тайландскі заліў Мая.

Як падарожнічаць з павагай

Як бы банальна гэта ні прагучала, але памятайце, што падчас падарожжа вы госць у тым месцы, куды накіроўваецеся. Вось некалькі спосабаў гарантаваць, што вас будуць радыя бачыць яшчэ раз.

  • Чытайце пра краіны і культуры

Нават калі вы дасведчаны вандроўнік, вы можаце не ўсведамляць, які ўплыў вашы дзеянні аказваюць на мясцовых жыхароў. Трохі дадатковай інфармацыі можа быць дастаткова, каб дапамагчы прасцей арыентавацца ў незнаёмым асяродку. Перш чым выправіцца ў нейкую краіну, пашукайце інфармацыю пра мясцовыя культурныя нормы і звычаі, а таксама нормы бяспекі. Гэта дапаможа вам не быць арыштаванымі за непрыстойныя паводзіны ў будысцкім храме ці на ўсходнім кірмашы.

  • Адкладзіце тэлефон

Падчас падарожжа людзі могуць адчужацца ад навакольнага асяроддзя, калі яны больш засяроджваюцца на сваіх прыладах, чым на самім месцы прызначэння. Часта самыя запамінальныя ўражанні ад падарожжа застаюцца тады, калі вы з кімсьці маеце сур'ёзную сувязь або перажываеце новы досвед, якога ніколі раней не было ў вашым жыцці. Ёсць меркаванне, што перажыць падобныя станоўчыя эмоцыі значна цяжэй, калі вы ўвесь час глядзіце ў свой тэлефон.

  • Спажывайце абдумана

У інстаграме папулярнасць набіраюць публікацыі кшталту instagram vs reality, калі «ўплывовыя» асобы (якія маюць шмат падпісчыкаў) паказваюць велізарныя натоўпы і чэргі ў самых папулярных фотамесцах. Паказ не вельмі гламурных умоў, у якіх насамрэч быў зроблены той ці іншы «вылізаны» гламурны здымак, можа паўплываць на тое, што хаця б некаторыя з вашых падпісчыкаў пераасэнсуюць асабістыя матывы паездак, калі яны едуць кудысьці з мэтай зрабіць ідэальнае фота. Такім чынам, калі ў вас ёсць непераадольнае жаданне размяшчаць публікацыі ў сацсетках, паспрабуйце пры гэтым прасоўваць малы бізнэс і ўстановы, дэманструючы пры гэтым належны (і законны) этыкет падчас падарожжа.

Чытайце таксама:

У Венецыі шукаюць «ідыёта», які скочыў з трохпавярховіка проста ў канал

Клас
17
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
1