Кадр з фільма «Беларускі псіхапат»

Кадр з фільма «Беларускі псіхапат»

Мікіта Лаўрэцкі спецыялізуецца на здымках кіно амаль без бюджэту, дзякуючы чаму рэжысёр выпускае новыя працы па некалькі разоў на год і можа лічыцца адным з самых «пладавітых» беларускіх рэжысёраў. Пры гэтым ён — заўсёднік кінафестываляў, чым даказвае, што кіно без бюджэту таксама можа быць у цэнтры ўвагі і быць ацэненым прафесіяналамі кінематографа. Пачынаючы з 2020 года яго дысідэнцкія фільмы, якія сціраюць мяжу паміж ігравым і дакументальным кіно, паказвалі на «Артдакфэсце», Filmadrid, DAFilms і Doclisboa. Фільмы рэжысёра вылучаюцца арыгінальнымі сюжэтамі і незвычайнай рэалізацыяй. Сам Мікіта Лаўрэцкі сябе называе заснавальнікам новага руху «Беларускае скончанае кіно».

Характэрна, што ўсе тры фільмы, пра якія пойдзе гаворка, створаныя ў розныя гады пачынаючы з 2012 года, то бок цікавасць рэжысёра да жанру тру-крайм з’явілася яшчэ да хвалі яго папулярнасці.

Фільм «To Ruth»

Ігравы фільм «To Ruth» быў створаны ў 2012 годзе, у самым пачатку творчага шляху Мікіты. Гэта кароткаметражная гісторыя безнадзейнага кіберкахання створаная па матывах рэальнага ананімнага блога сталкера, які пераследаваў улюбёную youtube-блогерку. Галоўную ролю выконвае сам рэжысёр, як і ў большасці сваіх фільмаў. Саўндтрэк, які трымае ў напружанні на працягу ўсёй стужкі, сабраны з кампазіцый, якімі з рэжысёрам падзяліліся ананімныя музыкі.

Стужка «Беларускі псіхапат»

Стужка «Беларускі псіхапат» 2015 года расказвае пра Дзіму, які з нагоды свайго дня нараджэння вырашае зладзіць вечарынку, галоўная мэта якой — пазбавіцца цнатлівасці. Гэты фільм — вольны перанос на беларускую глебу маніфеста амерыканскага масавага стралка Эліята Роджэра. Рэжысёр нібы задаўся пытаннем: што будзе, калі на адной дачы пакінуць інцэла-псіхапата і трох малазнаёмых дзяўчын? У адказе на яго глядач убачыць нетыповае і своеасаблівае, але арыгінальна зробленае кіно, якое прымушае даглядзець, каб даведацца, што будзе ў канцы.

Тыкток-серыял «Забойства на Алібегава»

Самае гучнае мінскае злачынства апошніх гадоў становіцца асновай для постыранічнага тыкток-серыяла «Забойства на Алібегава». Ігравы фільм змантаваны з сабраных разам тыктокаў пра жыццё поліаморнага трыа: Эвеліны, Мікіты і Лёшы. У зразумелым і звыклым фармаце тыктоку гледачу раскажуць гісторыю, як поліаморныя стасункі заканчваюцца падвойным забойствам.

Фільмы «To Ruth», «Беларускі псіхапат», «Забойства на Алібегава» можна паглядзець, набываючы асобна, доступ да аднаго фільма каштуе 5$. 

Фільм будзе даступны 30 дзён з моманту першага прагляду, глядзець яго можна любую колькасць разоў. 

Гледачы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, могуць глядзець бясплатна ўвесь рэпертуар медыятэкі VODBLISK у 2023 годзе.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0