Дыяна Чаркасава і Ўладзімер Мялешка, маці і айчым забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай, зачытваюць ліст ад унука Антона Філімонава, які знаходзіцца ў СІЗА па падазрэньні ў падробцы грошай. Раней Антона спрабавалі зьвінаваціць у забойстве маці.

«Народную волю» бяруць на змор

3 студзеня міліцыянты Дубровенскага райаддзелу затрымалі на расейскай мяжы ўвесь наклад газэты «Народная Воля». Выданьне вызвалілі праз суткі.

9 студзеня ў Рудні на беларуска-расейскай мяжы зноў затрымалі наклад чарговага нумару «НВ». Яго лёс на момант здачы нумару ня быў вырашаны. Рэдактар «НВ» Язэп Сярэдзіч зьвярнуўся зь лістом да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай зьлітавацца над газэтай.

Рэпрэсіі супраць камуністычных актывістаў

Актывіста ПКБ Анатоля Ільінчыка затрымалі ў Гомелі 31 сьнежня, калі ён раскладаў па паштовых скрынях газэту «Товарищ» і ўлёткі пра Мілінкевіча.

Каля Жлобіна 5 студзеня ДАІ затрымала аўтамабіль актывіста ПКБ Валера Рыбчанкі й канфіскавала 10 800 каляндарыкаў з выявай А.Мілінкевіча. 6 студзеня ДАІ затрымала ў Гомелі машыну Андрэя Кары й канфіскавала 20 тыс. аналягічных каляндарыкаў.

Ня вырву, дык паторгаю

Аляксандра Аўсяенку, прадстаўніка ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча ў Пінску, затрымалі 3 студзеня двойчы: сьпярша зьвінавацілі ў фальшывым пасьведчаньні, а потым запатрабавалі на праверку паперы . 4 студзеня яго затрымалі, зьвінаваціўшы ў «антысанітарыі»: падставай міліцыянты палічылі стол, крэсла й паперы зьбіральніка подпісаў.

У Баранавічах 6 студзеня міліцыя правяла ператрус на кватэры Ўладзімера Гундара, зьбіральніка подпісаў за А.Мілінкевіча, пры адсутнасьці гаспадара: у яго забралі на экспэртызу аргтэхніку паводле крымінальнай справы, распачатай у 2000 г. Гундара падазраюць у крадзяжы.

4 студзеня ў Слуцку Алу Пятрову выклікалі ў міліцыю: начальніка ГРУУС цікавіла работа ініцыятыўнай групы А.Казуліна.

Студэнтаў Дзяржаўнага інстытуту кіраваньня й сацыяльных тэхналёгій БДУ Вольгу Штуцько й Антона Пагарцава, актывістаў групы А.Казуліна, 4 студзеня папярэдзіў намесьнік дэкана па выхаваўчай рабоце, каб не зьбіралі подпісы ў студэнцкіх інтэрнатах.

Ініцыятыўнай групе З.Пазьняка 5 студзеня не далі зьбіраць подпісы ў пераходах каля мэтро.

9 студзеня ў Калінкавічах Аляксей Маневіч і Дзяніс Рабянок, зьбіральнікі подпісаў з групы А.Мілінкевіча, падалі скаргу раённаму пракурору на міліцыянтаў: напярэдадні ўзброеныя аўтаматамі міліцыянты затрымалі іх, не зважаючы на пасьведчаньні Цэнтравыбаркаму.

У Жодзіне

Жодзінскія ўлады 26 студзеня пастанавілі пазбавіць рэгістрацыі гарадзкую філію ТБМ. Афіцыйная падстава — адсутнасьць юрадрасу.

У Сьветлагорску

Сьветлагорскі райсуд 30 сьнежня прысудзіў Тэльману Масьлюкову штраф у 15 базавых адзінак (435 тыс. руб.) за парушэньне парадку распаўсюду друкаваных выданьняў. 6 студзеня міліцыянты затрымалі сп.Масьлюкова на вуліцы й канфіскавалі ў яго 297 асобнікаў газэты «Рэгіянальныя навіны» і 1289 навагодніх паштовак зь віншаваньнем ад А.Мілінкевіча.

4 студзеня ў судзе Сьветлагорску Мікалаю Міхалькевічу прысудзілі штраф у 170 тыс. руб. за ўдзел 16 сьнежня ў Дні салідарнасьці.

Палякам па шапцы

Галоўнага рэдактара часопісу «Głos znad Niemna na uchodzstwie» Анджэя Пісальніка й галоўнага рэдактара часопіса «Magazyn Polski» Андрэя Пачобута аштрафавалі 5 студзеня на 10 б.в. кожнага (290 тыс.) — за парушэньне парадку перабываньня ў памежнай зоне: 26 сьнежня іх затрымалі каля Сапоцкіна, што ў Гарадзенскім раёне.

Народны кантроль вочы коле

Актывістцы апазыцыі Марыі Багдановіч 5 студзеня пракурор Чыгуначнага раёну Гомелю Раманюк вынес афіцыйнае папярэджаньне за абразу судзьдзі: яе вінавацяць у вырабе ўлётак «Народны кантроль» з крытыкай судзьдзі Казачка, які аштрафаваў жанчыну за распаўсюд улётак супраць росту плацяжоў.

Прафсаюз на «Азоце» запалохваюць

Актывісты Беларускага незалежнага прафсаюзу з ААТ «Горадня-Азот» 5 студзеня паведамілі, што дырэктар прадпрыемства даў загад у 3-дзённы тэрмін «вырашыць пытаньне» з БНП. Начальнікі цэхаў выклікаюць чальцоў прафсаюзу й прымушаюць пісаць заявы пра выхад з арганізацыі: у першы дзень заявы падалі 40 чалавек. Суполка БНП на «Горадні-Азоце» налічвала 800 чальцоў, а яе лідэр Сяргей Антусевіч карыстаецца такім аўтарытэтам, што яго абралі дэпутатам гарсавету.

І пасьля гэтага ўлады будуць даказваць, што не ўціскаюць правоў прафсаюзаў.

Леванеўскі галадае

Валер Леванеўскі 7 студзеня абвясьціў галадоўку пратэсту: ён патрабуе адмяніць несправядлівыя спагнаньні з боку адміністрацыі Івацэвіцкай калёніі — забарону на сустрэчу зь сям’ёй, на перадачы й куплю прадуктаў у турэмнай краме.

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?