Генадзь Трубіла. Фота: ncpi.gov.by

Быў намеснікам у трох міністраў

Да пасады кіраўніка ведамства Трубіла ішоў 11 гадоў. У 2012 годзе ён быў прызначаны намеснікам міністра, у 2018-м — першым намеснікам кіраўніка ведамства.

Начальнікамі Трубілы былі Андрэй Шорац (у 2014 годзе яго паставілі кіраваць Мінскім гарвыканкамам), Аляксандр Церахаў (з міністэрскай пасады сышоў пасля адстаўкі ў 2020 годзе ўрада Сяргея Румаса) ды Андрэй Хмель (яго прызначылі сёлета ў маі старшынёй Гродзенскага гарвыканкама).

Прасіў у маці дазволу на ранні шлюб

 52-гадовы Генадзь Трубіла родам са Слоніма.

Бацькі Трубілы працавалі на мясцовым льнозаводзе. Бацька, Аляксей Аляксеевіч, рабіў трактарыстам, а маці, Францішка Ігнатаўна, была падвязчыцай валакна. Акрамя сына Генадзя яны мелі і меншую дачку Галіну. Цяпер яна загадчыца дзіцячага садка ў Слоніме.

Генадзь Трубіла з удзельніцамі спартакіяды работнікаў ЖКГ. Фота: mogilev-kbp.by

Генадзь Трубіла з удзельніцамі спартакіяды работнікаў ЖКГ. Фота: mogilev-kbp.by

Як кажуць крыніцы, блізкія да сям’і новапрызначанага міністра, Генадзь Трубіла ажаніўся даволі маладым — было яму каля дваццаці. Дазволу прасіў у маці, якая не пярэчыла ранняму шлюбу сына.

У сям’і Генадзя і Таццяны Трубілаў двое сыноў. Большаму Дзянісу — 30, а меншаму Вадзіму — 15 гадоў.

Хацеў стаць дальнабойнікам, але перадумаў, паслухаўшыся маці

Генадзь Трубіла з дзяцінства захапляецца боксам. Дагэтуль трымае сябе ў спартовай форме. 

Хацеў стаць кіроўцам-дальнабойнікам, але маці пераканала яго выбраць іншую прафесію.

Трубіла — выпускнік Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт), а таксама Акадэміі кіравання пры Лукашэнку.

Генадзь Трубіла трымае сябе ў спартовай форме. Фота: mogilev-kbp.by

Генадзь Трубіла трымае сябе ў спартовай форме. Фота: mogilev-kbp.by

Па сканчэнні інстытута Трубіла застаўся ў Мінску. Працаваў механікам на прыватнай вытворчасці, а затым падаўся ў жыллёва-камунальную гаспадарку.

Займаў кіроўныя пасады ў ЖРЭУ Фрунзенскага раёна сталіцы і тры гады, да прызначэння ў міністэрства, быў дырэктарам гэтай арганізацыі.

Супакойваў насельніцтва

Генадзь Трубіла адзін з аўтараў Жыллёвага кодэкса, які быў зацверджаны Палатай прадстаўнікоў у 2012 годзе.

Новапрызначаны міністр займаўся пытаннямі цеплавой мадэрнізацыі жылых дамоў, замены цеплавых сетак. Сачыў за выканнем заданняў забеспячэння малых паселішчаў якаснай вадой і рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў.

Генадзь Трубіла на ранейшых пасадах у міністэрстве зацвярджаў рашэнні, калі ў жылыя дамы прыйдзе ацяпленне.

Падчас пандэміі Трубіла супакойваў жыхароў Мінска, што ўвесну гарачую ваду адключаць не будуць.

«Мы будзем рэкамендаваць, — казаў ён у 2020 годзе, — каб майскія адключэнні перанеслі на пазнейшы тэрмін, напрыклад, на верасень. Але я хачу адзначыць, што ўсё роўна падрыхтоўчыя мерапрыемствы да ацяпляльнага перыяду павінны праводзіцца».

Трубіла абяцаў, што цэны на камунальныя паслугі калі і будуць расці, то не значна. Напрыклад, у 2022 годзе ён казаў, што да канца 2023 году падаражэння не будзе наогул.

«У нас тарыфы на паслугі ЖКГ павышаюцца ў памеры $5 у эквіваленце, але збалансавана: з 1 студзеня і 1 ліпеня. З 1 ліпеня сёлета павышэння не было і да канца года яно не прадугледжана», — тлумачыў ён.

Абяцае, што супрацоўнікі ЖКГ будуць «крайне адкрытыя і ўважлівыя ў працы з насельніцтвам»

Лукашэнка патрабуе ад Генадзя Трубілы, каб ён прыўнёс у сістэму ЖКГ навізну і каб менш было скаргаў ад насельніцтва.

«Каб гэтае міністэрства нарэшце даказала, што яму быць. Што Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў краіне патрэбнае», — настаўляў новапрызначанага кіраўніка ведамства Лукашэнка.

Генадзь Трубіла лічыць, што цэнтральнае месца ў функцыянаванні галіны займае павышэнне эфектыўнасці і аператыўнасці вырашэння праблемных пытанняў грамадзян.

Генадзь Трубіла выступаў на публічных мерапрыемствах. Так было на дыскусіі, прысвечанай безбар'ернаму асяроддзю «Інклюзіўнае грамадства: інвестыцыі ў будучыню». Фота: beltiz.by

Генадзь Трубіла выступаў на публічных мерапрыемствах. Так было на дыскусіі, прысвечанай безбар'ернаму асяроддзю «Інклюзіўнае грамадства: інвестыцыі ў будучыню». Фота: beltiz.by

Паводле Трубілы, у 2022 годзе ў сістэме ЖКГ было на 5-7 працэнтаў меней скаргаў, чым годам раней.

Ён абяцае, што супрацоўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі будуць «крайне адкрытыя і ўважлівыя ў працы з насельніцтвам».

Трубіла спадзяецца, што само насельніцтва будзе беражліва ставіцца да «захавання і ўтрымання ў належным стане месцаў агульнага карыстання жылых дамоў, прылеглай да іх тэрыторыі», а таксама, што людзі будуць збіраць камунальныя адходы асобна.

Глядзіце таксама:

Рост тарыфаў у ЖКГ адвязалі ад даляра і прывязалі да базавай велічыні

«За пустую кватэру заплаціў пад 190 рублёў, не працаваў нават халадзільнік». Беларускія дальнабойшчыкі ў шоку ад сваіх жыровак

«У доме няма вады». Мінская ЖКГ зняла крэатыўны кліп ВІДЭА

«Нібыта такая багатая краіна, а ўсё так сціпла і звычайна». Беларуска пераехала ў Нарвегію і расказвае, колькі каштуе там жыць

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
10
Ого
5
Сумна
4
Абуральна
8

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?