Алег Яфрэменка

Раней Алегу Яфрэменку ўжо ўзмацнялі рэжым: у верасні 2021 года з калоніі, дзе ён адбываў тэрмін за тое, што ўдарыў міліцыянта па нагах, Алега перавялі на турэмны рэжым у Магілёў, а летась дадалі год калоніі за «непадпарадкаванне» адміністрацыі магілёўскай турмы.

Алег Яфрэменка — жыхар Віцебска, якога ўжо больш за два гады і 10 месяцаў утрымліваюць за кратамі. 9 снежня 2020 года яго асудзілі па артыкуле аб гвалце над супрацоўнікам МУС (арт. 364 КК). Яфрэменку абвінавацілі ў тым, што ён ударыў міліцыянта па нагах падчас вулічнага шэсця 13 верасня 2020 года — той упаў і падрапаў далоні.

Суд тады прызначыў Алегу чатыры з паловай гады калоніі. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў магілёўскую калонію № 15. Але праз некалькі месяцаў яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым.

Ініцыятарам завядзення новай крымінальнай справы стала адміністрацыя магілёўскай турмы № 4. Там Алега рэгулярна змяшчалі ў ШІЗА з надуманых прычын.

15 жніўня 2022 года суддзя Вікторыя Палякова прысудзіла Алегу ў дадатак да чатырох з паловай гадоў калоніі яшчэ год у зняволенні. 

З 18 лістапада 2022 года Алег пачаў адбываць тэрмін у папраўчай калоніі № 9 у Горках. Па інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя ўстановы ўвесь час ціснула на яго. Яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, а нядаўна завялі ўжо трэцюю крымінальную справу — зноў па ч. 1 арт. 411 КК.

Трэці суд над Алегам адбыўся 25 ліпеня. Справу разглядала суддзя Горацкага раёна Алена Вараб’ёва. Яна прызнала палітвязня вінаватым і прысудзіла яму яшчэ адзін год пазбаўлення волі.

Вядома, што Яфрэменку ўжо перавялі ў магілёўскую турму № 4.

Чытайце таксама:

У Брэсце затрымалі лекара Алега Зыкуна

Паўлу Мажэйку і Юліі Юргілевіч прысудзілі па 6 гадоў калоніі

«Што я ведаю пра мужа? Увогуле нічога». З Андрэем Пачобутам таксама знікла сувязь

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
3