Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

— Працаваць пачаў у 2007 годзе, яшчэ калі сам быў студэнтам, — распавядае Мікіта. — Сам здзівіўся, падлічыўшы, што я ў гэтай сферы больш за 15 гадоў. Калі казаць аб тым, што змянілася, то ў 2007 годзе добры дыплом быў добрай кампіляцыяй матэрыялаў з інтэрнэту. Цяпер ВНУ правяраюць работы на антыплагіяце, а мне працаваць дапамагае ChatGPT. Вядома, нельга сказаць, што я пішу: «ChatGPT, напішы дыплом на такую вось тэму», — і адразу атрымліваю гатовую працу. Але, калі ўмець ім карыстацца, гэта вельмі карысны інструмент.

«Больш за ўсё прыдзіраюцца людзі, якія або толькі пачалі выкладаць, або тыя, хто за шмат гадоў нічога не дасягнуў»

— Раней была вялікая розніца паміж патрабаваннямі да дыплома ў прыватных і ў дзяржаўных ВНУ. Але ў нейкі момант прыватнымі зацікавілася дзяржава, і быў перыяд, калі там патрабаванні сталі нават больш жорсткімі, чым у дзяржаўных. 

Я бы вылучыў тры ВНУ (БДУФК, Акадэмія кіравання і Акадэмія МУС), дзе патрабаванні да дыплома вельмі залежаць ад статусу выкладчыка і статусу студэнта або студэнткі.

Рэкамендую выбіраць, калі ёсць такая магчымасць, навуковым кіраўніком таго, хто мае нейкую пасаду, — як паказвае практыка, такія людзі могуць даць добрыя парады наконт працы, але хутчэй за ўсё не стануць звяртаць увагі на дробязі. Больш за ўсё прыдзіраюцца людзі, якія або толькі пачалі выкладаць, або тыя, хто за шмат гадоў нічога не дасягнуў.

«Палова — недурныя людзі»

— У мяне быў выпадак, калі студэнтка з Акадэміі кіравання замовіла ў мяне дыплом. А потым паказала яго сяброўцы, якая заканчвала іншую ВНУ і пісала працу на вельмі падобную тэму — каб тая выказала свае думкі. І вось першая дзяўчына панесла здаваць дыплом, узнік скандал. Высветлілася, што сяброўка здала яе дыплом як свой. Выкладчыца, якая была ў першай студэнткі навуковай кіраўніцай, у другой была рэцэнзенткай. Скончылася ўсё тым, што мне прыйшлося перапісаць вельмі вялікі кавалак працы, каб яе дапусцілі да абароны.

Дарэчы, у Акадэміі кіравання шмат выкладчыкаў, якія лаяльна ставяцца да студэнтаў і студэнтак, што займаюць нейкія дзяржаўныя пасады. У мяне шмат прац замаўлялі тыя, хто пайшоў туды па другі дыплом (а першы — дзесьці ў Горках). Ну што я магу сказаць пра іх? Палова — недурныя людзі, яны б і самі напісалі, але ж праца, няма часу. А тыповы прадстаўнік другой паловы — дырэктар, які нават не ведае, як выглядае бухгалтарскі баланс на яго прадпрыемстве. Так, хапае дырэктараў, які не ведаюць, як прааналізаваць бухгалтарскі баланс.

У мяне быў выпадак, калі прыехаў стараста са спісам тэм і замовіў дыпломы адразу на ўсю групу.

«Я столькі гадоў плаціў за навучанне, за дыплом заплаціў. Мне што, яшчэ патрэбна было яго чытаць?!»

— Аднойчы да мяне звярнуўся хлопец, які працаваў дальнабойшчыкам — здаецца, дыплом яму патрэбны быў для таго, каб маці галаву не дурыла. Сваёй працы перад абаронай ён нават не чытаў. А калі камісія пачала задаваць яму пытанні, ён псіхануў: «Я столькі гадоў плаціў за навучанне, за дыплом заплаціў. Мне што, яшчэ патрэбна было яго чытаць?!». Камісія пакрыўдзілася, але сказала яму прыйсці абараняцца з іншай групай праз тыдзень. За гэты тыдзень мама хлопца з маёй дапамогай прымусіла яго вывучыць тое, што я напісаў. 

Яшчэ быў хлопец, якому я чатыры гады пісаў курсавыя, потым дыплом. Пасля ён сказаў бацькам, што хоча ў магістратуру. Бацькі схапіліся за галаву, але працягнулі плаціць мне. Я нават шпаргалкі для іх сына рабіў. 

«Бацькі папрасілі пашукаць журналіста, які напіша за іх сына сачыненне на гарадскі конкурс»

— Некалькі разоў у мяне замаўлялі навуковыя працы для школьнікаў. Здаецца, самы малодшы вучыўся ў 5 класе. Я паглядзеў патрабаванні да працы — яны былі на ўзроўні першага-другога курса эканамічнага ВНУ. Былі нейкія складаныя разлікі, звязаныя з сельскай гаспадаркай. 

А неяк бацькі папрасілі пашукаць журналіста, які напіша за іх сына сачыненне на гарадскі конкурс. У такіх выпадках звычайна называю неадэкватна высокую цану, але яшчэ ніколі не адмаўляліся.

Былі часы, калі я займаўся дыпломамі не адзін. І вось аднойчы ў мяне замовіў дыплом пракурор аднаго раёна, а пісаў яго памочнік пракурора з другога раёна. 

«Узровень ідэалагічнай вылізанасці дыпломаў стаў крытычным»

— Вядома, я чытаў пра жудасны выпадак, калі за «экстрэмісцкія» спасылкі ў дыпломе затрымалі дзвюх дзяўчат — адна яго замовіла, а другая напісала. Разумею, як гэта магло здарыцца. Хутчэй за ўсё аўтарка карысталася працай, якая была напісана некалькі гадоў таму. Я таксама так раблю. За 15 год у мяне вельмі добрая база сваіх дыпломаў, і я прыкладна разумею, дзе што можна ўзяць. Але ж, вядома, цяпер трэба вельмі ўважліва ўсё перачытваць — і не адзін раз. 

У добрым дыпломе павінны быць спасылкі на перыёдыку, на аналітыку, на актуальны матэрыял. Таму тое, што цяпер столькі «экстрэмістаў» — мой вялікі боль. Раней я часта спасылаўся на Tut.by, дзе было шмат якасных артыкулаў, а таксама на «Нашу Ніву» — і гэта было цалкам нармальна. Па гуманітарных дысцыплінах СМІ былі асновай дыплома. 

На што спасылацца цяпер, я не ведаю. Сёлета выкладчыца нават запатрабавала прыбраць з дыплому згадку пра Дзіцячы фонд ААН, бо хвалявалася, ці не забароняць яго раптам у Беларусі. Узровень ідэалагічнай вылізанасці дыпломаў стаў крытычным.

Калі раней нават у дыпломе для Акадэміі кіравання можна было нешта пакрытыкаваць і зрабіць нейкія прапановы, то цяпер трэцяя частка дыплома — гэта ўсхваленне дзяржаўнай праграмы, якая ўжо прынята. Толькі пішаш, як добра ўсё прыдумалі.

І з года ў год я сярод прапаноў для прадпрыемстваў пішу, што трэба ўкараніць электронны дакументаабарот. І гэта актуальна 15 гадоў! Столькі часу нічога не змяняецца. Бо і цяпер электронны дакументаабарот ёсць не на кожным прадпрыемстве.

«І вось сядзіш і перакладаеш тэкст праз анлайн-перакладчык спачатку на японскую, потым на сербскую, потым зноў на рускую»

— Упэўнены, што ў 2023 годзе такая форма выніковай працы як дыплом (у тым выглядзе, як яго патрабуюць у Беларусі), цалкам састарэла. Дыплом ніяк не сведчыць аб узроўні ведаў выпускнікоў. Не разумею, навошта там тэарэтычная частка. Мабыць, раней, калі дыпломы пісалі ад рукі, выкладчыкі думалі, што пакуль студэнт ці студэнтка перапішуць падручнік, то нешта дакладна вывучаць. А ў эпоху «Ctrl+C — Ctrl V» які ў гэтым сэнс? Тэорыю ж яшчэ патрабуюць зрабіць з высокім узроўнем арыгінальнасці. Навошта спрабаваць сказаць па-новаму тое, што ўжо да цябе сказалі сто тысяч разоў? Наўрад ці ты зробіш нейкае адкрыццё. 

І вось сядзіш ты і перакладаеш тэкст праз анлайн-перакладчык спачатку на японскую, потым на сербскую, потым зноў на рускую — і атрымліваеш крыху дзіўны набор сказаў, але ж затое з высокім працэнтам арыгінальнасці. Я лічу, што дыплом павінен быць максімальна практычным. Напрыклад, калі ты вучыўся на журналіста — прынось камісіі свае артыкулы ці сюжэты за нейкі перыяд. Калі на інжынера — зрабі нейкі праект. Але, напрыклад, для гісторыкаў можна пакінуць дыплом, у якім праводзіцца аналіз крыніц.

Тое, як даюць тэмы, — асобная размова. Вось навошта чалавеку, які ідзе на практыку ў ЖЭК, даваць тэму пра міжнародныя аспекты ў чымсьці? Дайце яму нешта, што было б звязана з рэальнай працай. 

«Штогод у мяне ёсць студэнт, які шчыра кажа навуковаму кіраўніку, што плануе замовіць дыплом»

— Увогуле, магу адзначыць, што за 15 гадоў узровень настаўнікаў крыху вырас, а вось узровень студэнтаў, шчыра кажучы, ужо недзе каля плінтуса. Цяпер выпускніку ВНУ, нават з гатовым дыпломам, часта складана самому падрыхтаваць прэзентацыю і напісаць прамову — гэта ў мяне замаўляюць дадаткова.

Штогод у мяне ёсць студэнт, які шчыра кажа навуковаму кіраўніку, што плануе замовіць дыплом, і дае мой нумар тэлефона. Тады мы з кіраўніком абмяркоўваем, якія праўкі трэба ўнесці ў працу. У тандэме робім так, каб чалавек у выніку атрымаў сваю чацвёрку. Здаецца, у Беларусі адзіны шанс не абараніць дыплом — гэта скарыстацца «экстрэмісцкімі» крыніцамі, на астатняе заплюшчаць вочы.

Чытайце таксама:

Мінскі педуніверсітэт назваў самыя папулярныя спецыяльнасці

«Мова тады будзе ў бяспецы, калі на ёй пачнуць размаўляць бандыты і прастытуткі». У новай справаздачы МУС ёсць цікавая дэталь

Што было з беларускай мовай у Расійскай імперыі і пры нямецкай акупацыі? Выпускі пра гісторыю роднай мовы — у Ютубе

Клас
16
Панылы сорам
33
Ха-ха
13
Ого
8
Сумна
10
Абуральна
18