Рэклама «Апенгеймера» ў Катавіцах, Польшча. Фота: Beata Zawrzel / NurPhoto via Getty Images

Рэклама «Апенгеймера» ў Катавіцах, Польшча. Фота: Beata Zawrzel / NurPhoto via Getty Images

Ідзеш на фільм Нолана — чакай, што будзе складана, небанальна і прыгожа, і прысмак стужкі застанецца з табой пасля яе заканчэння. Так было з «Пачаткам», «Прэстыжам», «Довадам» і «Інтэрстэларам». Не было прычын думаць, што ў выпадку з «Апенгеймерам» рэжысёр пашкадуе гледачоў. Дый хронаметраж гэтага, як цяпер кажуць, найлепшага фільма Нолана намякаў на іншае — як-ніяк тры гадзіны.

Карціна дзейнічае ў трох вымярэннях. Першае — допыт доктара Роберта Апенгеймера, дзе ён спрабуе абвергнуць падазрэнні ў нелаяльнасці ЗША і супрацоўніцтве з Савецкім Саюзам, другое — біяграфія бацькі атамнай бомбы і яго шлях да гэтага статусу. І трэцяе — слуханне ў справе сябра Камісіі ядзернай энергіі Льюіса Строса, які павінен расказаць пра свае адносіны з Апенгеймерам. 

Нолан даследуе шлях Апенгеймера ад простага фізіка да чалавека, які стварыў найстрашнейны тып зброі на планеце. Спачатку ягоны герой — маладзён, апантаны прыгажосцю сусвету, якога пераследуюць здані фізічных працэсаў.

Звычайная лабараторная праца настолькі яму гідкая, што ў спробах даць рады нудоце Роберт пакідае на стале выкладчыка атручаны яблык. Ніхто не пацярпеў, але сапраўдны Апенгеймер, не ноланаўскі, трапіў пасля гэтага да псіхіятра, і той дыягнаставаў у маладога фізіка псіхоз. 

У 1930-я навукоўцы зразумелі, як можна расшчапіць ядро атама, і вельмі хутка прыйшлі да ідэі стварэння на гэтай аснове новай зброі. Распрацоўку амерыканскай ядзернай бомбы ўзначаліў Роберт Апенгеймер.

Нолан даследуе, як у чалавечай душы ўзнікае і расце зло. Вось Роберт — маладзён, зачараваны квантавай механікай. Вось ён прывозіць улюбёную навуку ў ЗША, будуе горад у пустыні, каб распрацоўваць бомбу, і адказвае на пытанні калегі — маўляў, мы проста не можам дазволіць нацыстам пабудаваць гэтую бомбу першымі. І ўсё роўна ноланаўскі Апенгеймер апантаны ідэяй сваёй бомбы, і пасля іспыту ў вачах у яго слёзы радасці, хаця ў трагічны момант яны і змяняюцца на слёзы гора. Ён асэнсоўвае словы з «Бхагавадгіты», прачытаныя за гады да таго: «Я станаўлюся смерцю, разбуральнікам светаў».

Глядзець «Апенгеймера» цяжка, бо гэта фільм без станоўчага героя. За каго тут турбавацца? І ці апраўдваюць мэту сродкі — калі для таго, каб «вярнуць хлопцаў дахаты», трэба стварыць такую страшную зброю?

Аб’ектам глядацкіх сімпатый Нолан робіць састарэлага Эйнштэйна, да якога часам прыязджае Апенгеймер. Ёсць красамоўны момант, калі той працягвае Апенгеймеру паперку з фізічнымі падлікамі, звязанымі з бомбай, і ўдакладняе: «Роберт, гэта тваё, а не маё». Нолан рэдка дазваляе сабе нязначныя словы, і ў гэтай гісторыі таксама, бо ён даследуе пытанне адказнасці.

Кіраўнік ЗША Трумэн кажа Апенгеймеру, што японцам важнейшае не тое, хто сканструяваў бомбу, а тое, хто яе скінуў, і так соладка ўпэўніць сябе, што рашэнні прымаюць у Вашынгтоне, а іншыя проста выконваюць загады. 

І нават такому Апенгеймеру Нолан спачувае. Расказвае пра яго каханне да доктаркі Джын Татлак і раскрывае, як у людзей, якія ўваходзяць у гісторыю, застаецца так мала таго жыцця, людзей, пачуццяў, што належаць асабіста ім, а не місіі ці дзяржаве. Сведчыць, як дзяржава адказвае Апенгеймеру на ўсё тое, што ён для яе зрабіў, і ўкладае ў яго вусны цалкам гуманістычныя развагі.

Новая стужка Крыстафера Нолана выйшла ў пракат адначасова з распіяранай «Барбі», і два фільмы паняволі параўноўвалі паміж сабой. У той час як пра «Барбі» казалі ўсе і адусюль, стваральнікі «Апенгеймера» нібыта не звярталі ўвагі на маркетынг. Так, былі трэйлеры і постары, як мае быць, але ж медыйнасцю твор Нолана яўна прайграваў канкурэнту.

«Апенгеймер» — самадастатковая карціна, таксама як і Нолан — досыць дарослы рэжысёр, каб не прыцягваць да сябе гледачоў маркетынгавымі хітрыкамі накшталт здачы ў арэнду дома ў стылістыцы галоўнага героя. 

Шкада, што ў гэтым выказванні не знайшлося належнага месца жаночаму голасу. Так, Нолан паказвае нам Кіці Апенгеймер, жонку фізіка ў выкананні цудоўнай Эмілі Блант, але ж у яго яна — прыстаўка да вялікага мужа, якая да таго ж яшчэ і адважылася захварэць на пасляродавую дэпрэсію, чым дадала Роберту жыццёвага клопату. У фільме не расказваецца, што Кэтрын была біёлагам і даследавала ўплыў радыяцыі на арганізм, а не толькі няньчыла дзяцей ды вывешвала прасціны. Джын Татлак, каханая фізіка, таксама нібыта здань, здольная толькі сумаваць па ім.

Тым не менш, астатнія персанажы ў «Апенгеймеры» ззяюць. Самога Роберта сыграў ірландзец Кіліян Мёрфі, і наўрад ці ён пазбегне за гэта намінацыі на «Оскар». Мёрфі грае вачамі, ён паказвае танюткія адценні пачуццяў — ад слёз балючай апантанасці да слёз болю, яму, здаецца, і словаў не трэба, каб расказаць гэтую гісторыю. 

У ролі генерала, які займаецца распрацоўкай бомбы разам з Апенгеймерам, Мэт Дэйман, а ўплывовага бінэсмена Льюіса Штрауса грае Роберт Даўні-малодшы, якога не пазнаць. Прадзяржаўны бок — абвінаваўцы ад чыноўнікаў, Гувер, вайскоўцы — збольшага выйшлі ў Нолана стэрэатыпнымі ваякамі і чынушамі, рэдка ў кімсьці з іх прагляне штосьці чалавечае. Аднак мо ў перыяд макартысцкага палявання на ведзьмаў інакш і не было? Гэта, дарэчы, падкрэслена пераходам у пэўных месцах на чорна-белыя кадры. Калі кіравацца гэтай логікай, самымі палярнымі, чорна-белымі ў жыцці Апенгеймера выявіліся не звязаныя з бомбай часы, а закрыты допыт ад людзей, з якімі ў час вайны ён змагаўся на адным боку.

«Апенгеймер» — гэта хутчэй не фільм, а кінапалатно, сатканае з мноства дэталяў, і вынік атрымоўваецца страшны. Ён страшны цынізмам, які паказвае гледачу: згадаем ваяку, які выкрасліў Кіёта са спісу гарадоў для атамнай бамбардзіроўкі, бо там шмат славутасцей і ён з жонкай праводзіў там мядовы месяц. Страшны тупым патрыятычным чадам — яго мы ў Нолана таксама бачым. 

Але самае страшнае тут — тое, як унутры маладога таленавітага фізіка і абаронцаў сваёй краіны пакрыху расце здольнасць знішчаць без сэнсу і рызыкаваць пры гэтым будучыняй чалавецтва. Зло расце ў нас пакрысе, дэманструе Нолан. І нават самая жахлівая ў гісторыі вайна — яму не апраўданне.

Чаго чакаць ад фільма «Барбі», пра які ўсе гавораць — уражанні ад прэм'еры

Выходзіць фільм «Місія невыканальная — 7». Крытыкі ўжо называюць яго адным з найлепшых баевікоў усіх часоў

Якім стане свет, калі кожны атрымае базавы даход, а руцінную працу будзе выконваць штучны інтэлект? Адказы шукае фільм «Пасля працы»

Клас
14
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?