Еўрапейская прэм'ера «Барбі» ў Лондане. Фота: Wiktor Szymanowicz / Anadolu Agency via Getty Images

Еўрапейская прэм'ера «Барбі» ў Лондане. Фота: Wiktor Szymanowicz / Anadolu Agency via Getty Images

Нават калі вы не сочыце за блакбастарамі, вы амаль дакладна чулі пра «Барбі». Новай стужкай займалася вядомая па незалежным кіно рэжысёрка Грэта Гервіг, у галоўных зорках — Марго Робі і Раян Гослінг, якія граюць адпаведна Барбі і Кена (ці, дакладней, іх класічныя версіі). Хаця спіс зорак гэтым далёка не абмяжоўваецца: закадравы тэкст, напрыклад, чытае Хелен Мірэн, а ў ролі адной з Барбі мільгае спявачка Дуа Ліпа.

Стваральнікі «Барбі» вытрымалі драматычную паўзу і раскрылі асноўныя дэталі сюжэта толькі за месяц да прэм’еры. Тым часам маркетолагі папрацавалі на славу. Карцінкі з героямі стужкі і подпісамі накшталт «Гэтая Барбі — прэзідэнтка» разляталіся па сеціве, пайшлі чуткі пра недахоп у свеце ружовай фарбы пэўнага адцення — маўляў, усё пайшло на «Барбі», у Малібу ўвасобілі ў рэальнасць дом Барбі і прапанавалі яго арандаваць. А Гослінг абяцаў, што фільм мусіць падмануць чаканні гледача.

Цяжка адпавядаць такой высокай планцы. Прасцей пабіць рэкорды касавых збораў, і няма сумневу, што «Барбі» гэта зробіць. Не перашкодзіць і тое, што блакбастар выйшаў у дужа ўраджайныя для кіно дні: 21 ліпеня на экранах з’явіцца «Апенгеймер» ад рэжысёра Крыстафера Нолана, які называюць ледзьве не найлепшай стужкай гэтага генія, а за тыдзень да таго ў пракат выйшла чарговая «Місія невыканальная», і крытыкі ад яе ў захапленні.

Тым не менш, першыя хвіліны «Барбі» не расчароўваюць. Арыгінальная алюзія на «Касмічную адысею» Стэнлі Кубрыка адкрывае фільм, а далей ідзе экскурсія ў Барбілэнд — лялечны свет, дзе кожны дзень — найлепшы і ўсё ідэальна. Там казачныя Барбі ў чалавечы рост прачынаюцца з усмешкай да вушэй і вітаюць адна адну, з гэтай жа ўсмешкай наведваюць уручэнне Нобелеўскай прэміі, кабінет прэзідэнткі і мясцовы пляж, а ўвечары адрываюцца на шумнай вечарыне з ідэальнымі танцамі пад усё тую ж Дуа Ліпу.

Тое, як прапрацаваны Барбілэнд, вышэй за ўсякія пахвалы. Чаго толькі вартая лялечная хуткая сапраўдных памераў, дзе пацыенты выздараўліваюць у імгненне, або лядоўня ў доме Барбі з макетамі прадуктаў, або душ без вады, люстэрка, што складаецца з адной толькі рамы, і басейн з яго цвёрдай паверхняй. Мала зняць бландынку і назваць яе Барбі, для дакладнасці трэба нашмат болей, і ўсе гэтыя дробныя дэталі клапатліва перанесеныя ў фільм. 

Пластыкавы свет Барбі і Кена выклікае моцнае адчуванне дэжавю. Усе гэтыя нацягнутыя ўсмешкі, танцы і паспяховы поспех ідэальных жанчын і мужчын — выдатная сатыра на свет сацсетачных зорак і шоу-бізнэс, дзе нават лялька ў інвалідным вазку не разбурае ўтапічнай легенды пра бесклапотнае жыццё.

Аднак гэтую легенду разбурае сама Барбі. У яе светлую галаву раптам прылятае думка пра смерць, малако ў бутафорскай лядоўні скісае, дый сама лялька ранкам выглядае не як ідэальная жанчына, а як звычайная. Каб разабрацца ў сітуацыі, Барбі накіроўваецца ў рэальны свет, і за ёй цягнецца Кен.

На гэтым месцы, на жаль, утопіі канец — і гаворка не толькі пра Барбілэнд, але і пра ідэальнасць стужкі Гервіг. Тое, што мы бачым далей, збольшага нагадвае гіганцкую натыўную, а то і цалкам адкрытую, рэкламу лялькі Барбі і ўсёй карпарацыі Mattel. У карціне гучыць тырада пра тое, як Барбі ўсталявала нерэальныя стандарты прыгажосці, і гэты нязграбны рэверанс у бок фемінізму не дапамагае адстаяць шчырасць карпарацыі ў гэтай гісторыі.

Такіх рэверансаў фемінізму тут хапае, але Гервіг супярэчыць сама сабе. Калі яна за жанчын, за тое, каб яны дабіваліся ў жыцці чаго заўгодна, то чаму ж адзіная зброя казачных Барбі — жаночая чароўнасць? Чаму Барбі ставіцца зусім не па-фемінісцку да мачызму ад Кена?

Гервіг шмат хоча сказаць. Выказванні ў «Барбі» сыплюцца нібыта з рогу дастатку: інклюзіўнасць, сіла жанчын, ідэальнае ўяўленне пра рэальны свет і расчараванне, мізандрыя, важнасць эмоцый, неабходнасць знайсці сябе, моц жаночай чароўнасці, каштоўнасць звычайных жанчын без прэмій і пасадаў, сум фрэндзоны… Нібыта рэжысёрцы далі небывалыя бюджэты і топавых зорак, і яна, карыстаючыся шансам, выдае максімум сэнсаў у адной стужцы. 

Але бяда ў тым, што калі ідэй так шмат, немагчыма паглыбіцца ў кожную з іх ці хаця б у большасць. Усе гэтыя выказванні застаюцца ў «Барбі» на ўзроўні, дастатковым хіба што для дзяўчат, якія гуляюць у лялькі. Тое ж датычыцца і персанажаў, але Кен — галоўны, у выкананні Раяна Гослінга — нейкім чынам выбіваецца з гэтага пракляцця. Ён выдае эмоцыі ў пластыкавым свеце, з радасцю спасцігае рэаліі патрыярхату, няблага спявае і танчыць, а яго міміка — нешта неймавернае. І, на жаль, Кен губляецца ў канцы, як і амаль усе персанажы. Хіба што самай галоўнай ляльцы дастаўся адносна выразны фінал.

«Барбі» — мілае і прыемнае кіно, карціна, якую можна глянуць з дачкой-падлеткам, усміхнуцца некалькім дасціпным жартам і захапіцца торсам Кенаў. Не трэба чакаць ад яго больш і зачароўвацца рэкламай, каб не расчаравацца потым.

Выходзіць фільм «Місія невыканальная — 7». Крытыкі ўжо называюць яго адным з найлепшых баевікоў усіх часоў

«Індыяна Джонс і Цыферблат лёсу»: 80-гадовы Харысан Форд зноў у ролі авантурнага археолага

У Галівудзе застрайкавалі 160 тысяч акцёраў. Некалькі зорак пайшлі проста з прэм'еры «Апенгеймера»

Клас
20
Панылы сорам
5
Ха-ха
6
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?