Khachapuri

Хачапуры. Фота: Getty Images

Традыцыйныя хачапуры гатуюць з дражджавога цеста, якое замешваюць і пакідаюць на пэўны час, каб яно паднялося. У выніку яно становіцца пухкім і лёгкім ды стварае ідэальную аснову для сырнай начынкі, для якой традыцыйна выкарыстоўваецца грузінскі сыр сулугуні.

Ёсць некалькі відаў хачапуры, яны адрозніваюцца формай і начынкай. Самыя папулярныя варыянты:

  • мегрэльскае хачапуры — хачапуры круглай або даўгаватай формы з начынкай з сыру сулугуні, да яго таксама часта дадаюць яйка;
  • імерулі хачапуры падобнае да мегрэльскага, але без яек;
  • аджарскае хачапуры — хачапуры ў форме лодачкі з начынкай з сыру сулугуні і яйка. Пасля выпякання зверху кладуць кавалачак масла і яйка ўсмятку, якія перад ужываннем змешваюць.

Хачапуры можна згатаваць і дома. Мука, кефір і яйка — аснова смачных бліноў, якія можна хутка спячы, не выходзячы з уласнай кухні. Цвёрды сыр для начынкі — найлепшы выбар, але, калі ў вас яго няма, імправізуйце. У адрозненне ад традыцыйнага рэцэпта, прыведзены ніжэй не прадугледжвае дадавання дражджэй.

Каб прыгатаваць дамашнюю версію бліноў-хачапуры, спатрэбіцца:

  • 300 мл кефіру,
  • 450 грамаў мукі,
  • 2 яйкі,
  • 10 г разрыхляльніку,
  • 1 чайная лыжка цукру,
  • 3 сталовыя лыжкі алею,
  • 350 г цвёрдага сыру,
  • соль.

Гатаванне:

  1. У міску наліце кефір, узбіце адно яйка, дадайце чайную лыжку солі і чайную лыжку цукру і старанна змяшайце.
  2. Затым дадайце алей, прасеяную муку і разрыхляльнік і перамяшайце ўсе складнікі да аднастайнасці.
  3. Сфармуйце з цеста шар, накрыйце яго і пакіньце на 10 хвілін.
  4. Натрыце сыр на буйной тарцы. Змяшайце яго з адным яйкам і дробкай солі.
  5. Падрыхтаваную сырную масу падзяліце на чатыры часткі і сфармуйце з іх шарыкі.
  6. Пасыпце стол мукой і пакладзіце на яго цеста. Падзяліце цеста на чатыры часткі і зрабіце з іх шарыкі. Раскачайце кожны шарык, змясціце сырныя шарыкі на цэнтр, затым збярыце цеста так, каб атрымаліся мяшэчкі з сырным шарыкам унутры. Злёгку разамніце гэтыя мяшэчкі пальцамі, сфармаваўшы з іх блінцы, а затым акуратна раскачайце.
  7. Выпякайце бліны з абодвух бакоў на сухой тэфлонавай патэльні, накрыўшы накрыўкай, на сярэднім агні.
  8. Гатовыя, яшчэ цёплыя блінцы можна вышмараваць зверху маслам.

Чытайце яшчэ:

Грузія запатэнтавала «чачу», «чурчхэлу», «хачапуры» — і 27 іншых нацыянальных прадуктаў

Сняданак, дзеля якога хочацца прачнуцца: бліны з сырам і зелянінай

Ячэджан — хрумсткія карэйскія бліны з гароднінай, якія падымуць вам настрой

Клас
17
Панылы сорам
6
Ха-ха
3
Ого
8
Сумна
10
Абуральна
31