Фрагмент печати, приписываемой Миндугу в 1255 г. A fragment of a seal attributed to Mindoug in 1255 Фрагмент пячаткі, якая прыпісваецца Міндоўгу пад 1255 г.

Фрагмент пячаткі, якая прыпісваецца Міндоўгу пад 1255 годам, з выявай караля на стальцы. Фота: Wikimedia Commons

Узнікненне Вялікага Княства Літоўскага — адна з цёмных старонак беларускай гісторыі. Не існуе ніводнага дакумента, які б сведчыў пра заваяванне літоўцамі Полацкага княства ці іншых славянскіх княстваў. Невядомыя і дакументы пра мірны характар аб'яднання. Таму немагчыма знайсці адказу на пытанне, як узнікла Вялікае Княства Літоўскае.

На думку расійскага вучонага Андрэя Дварнічэнкі, гэта быў саюз «литовского вождества и древнерусских городов-государств».

Мікола Ермаловіч казаў, што Наваградак падпарадкаваў Літву і з яе дапамогаю заваяваў іншыя землі, на якіх было створана Вялікае Княства Літоўскае.

Свая тэорыя — «гістарычнага выкліку» — у прафесара Алеся Краўцэвіча. Адпаведна ёй, ва ўмовах нападу з паўночнага захаду крыжакоў, а з поўдня — мангола-татараў у Панямонні ўзнік гістарычны выклік на такую дзяржаву, якая з самага пачатку была біэтнічнай.

Што не так у тэорыях утварэння Вялікага Княства Літоўскага

На погляд Латышонка, тэзіс Дварнічэнкі зусім не арыгінальны. Падобным чынам гэта ўяўляюць і беларускія гісторыкі. А размяшчэнне Літвы, якое паказаў Ермаловіч, на погляд вучонага, несапраўднае: «Ён лічыў, што там, дзе ёсць тапонімы Літва, і была Літва. Але такія тапонімы звычайна ўзнікаюць па-за этнічнай тэрыторыяй».

Borders of ancient Lithuania according to Mykola Yermalovich Границы древней Литвы по Николаю Ермаловичу Межы старажытнай Літвы паводле Міколы Ермаловіча

Межы старажытнай Літвы паводле Міколы Ермаловіча. Фота: Wikimedia Commons

На погляд прафесара Латышонка, старажытная тэрыторыя рассялення літоўцаў у цэлым супадае з сучаснай. А старажытныя літоўцы змаглі завалодаць значнай часткай тэрыторыі Русі дзякуючы сваім вялікім дружынам.

«Старажытныя літоўцы знаходзіліся на іншым этапе развіцця. У іх былі вялікія дружыны ў параўнанні з княствамі Русі, дзе былі прафесійныя невялікія дружыны», — адзначае Латышонак.

Калі гаварыць пра характар Вялікага Княства Літоўскага, то гісторык пагаджаецца з поглядам Алеся Краўцэвіча на тое, што гэтая дзяржава была біэтнічнай. Але ставіць пад сумненне існаванне выклікаў з боку крыжакоў і мангола-татараў.

«Крыжакі нічога да Русі не мелі. Яны атакавалі выключна тыя гарады, якія належалі Літве: сярэднявечны Горадзень і, часам, Наваградак. Толькі ў часы Грунвальдскай бітвы быў атакаваны Ваўкавыск, які на той час уваходзіў у Вялікае Княства Літоўскае. Пакуль гэты горад быў у складзе Галіцка-Валынскай Русі, то тут ніякіх нападаў не было. Як і не было на Падляшшы. Крыжакі ніякай варожасці да Галіцка-Валынскага княства не мелі».

Што датычыць татараў, то, на думку прафесара, яны былі «пратэктарам паўднёвай Русі, якая дзякуючы гэтаму магла ператрываць агрэсію Польшчы і Венгрыі».

Латышонак адзначае, што гісторыя выглядала інакш, як прывыклі яе трактаваць.

«Былі створаны стэрэатыпы, што нам, маўляў, пагражалі татары і крыжакі. Але якраз яны нам зусім не пагражалі. З крыжакамі гандаль ішоў у поўную сілу па Бугу і па Вісле. Татары першымі адкрылі глабальную гаспадарку ад Кітая аж да Кафы ў Крыму. А адтуль шлях вёў праз Львоў і далей Бугам да Віслы і крыжацкіх партоў у яе вусці. Тут не было ніякай небяспекі».

Прафесар лічыць, што калі Літва пагражала Галіцка-Валынскаму княству, то тады яны клікалі татараў, якія «наводзілі парадак».

Дзе была мяжа паміж балтамі і славянамі

Латышонак адзначае, што ў часы Полацкага княства, паводле літоўскіх хронік, «рускі бераг — гэта левы бераг Вяллі. Гэта цэлая Вільня. І назва горада ад беларускай назвы ракі. І літоўцы самі пішуць, як яны пераступілі Вяллю і ўвайшлі ў Русь, зваяваную татарамі, і пайшлі будаваць гарады».

Як утварылася Вялікае Княства Літоўскае

Як згадвае Латышонак, у часы стварэння Вялікага Княства Літоўскага Русь была феадальнай краінай, а для літоўцаў вялікае значэнне мела вайсковая дэмакратыя. У іх была вялікая колькасць вайсковых дружын і добра развітая вайсковая справа. Яны прыдумалі новы тып шчыта і новы шалом.

жалезны воўк железный волк Iron Wolf Geležinis Vilkas

Жалезны воўк з легенды пра сон Гедыміна стаў сімвалам Вільні. Фота: «Наша Ніва»

«Яны былі вельмі добра арганізаваныя мілітарна і падрыхтаваныя тэхнічна. Суліца літоўская была такая добрая, што вялікі магістр Ордэна Ульрых фон Юнгінген пад Грунвальдам змагаўся суліцай, а не дзідай», — адзначае прафесар.

На погляд Латышонка, літоўцы ўвайшлі ў перыяд экспансіі. І дастаткова мілітарных фактараў, каб казаць, што яны выступілі з арміяй новага ўзору. З-за таго, што літоўцы былі лепшымі ў вайсковай справе, іх запрашалі на княжацкія пасады. Тым больш што ў тыя часы дастаткова было прыняць хрысціянства, каб лічыцца сваім. Для таго часу, падкрэслівае вучоны, пра нацыянальнасць нельга яшчэ гаварыць.

Але нельга гаварыць і пра адсутнасць мілітарнага прэсінгу з боку літоўцаў, лічыць Латышонак, нават зважаючы на адсутнасць паведамленняў пра захоп і спаленне гарадоў.

«У нас часта кажуць, што яны не рабавалі нас, а толькі ішлі далей на ўсход рабаваць. Ну дык не рабавалі таму, што гэта ўжо была іх тэрыторыя. А нашы не перашкаджалі. Затое тыя, з усходу, атакавалі нашых. Так што мы і так плацілі за тыя набегі літоўцаў на ўсход Русі», — заўважае прафесар.

Латышонак адзначае, што новая дзяржава будавалася вельмі павольна. Міфам гісторык лічыць і тэрыторыю, якую цяпер пазначаюць на картах як тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага ў часы княжання Гедыміна:

«Калі пачытаць летапісы з эпохі, то ўсё гэта міфы пра такія раннія заваёвы, не гаворачы пра Кіеў. Няма ніякіх доказаў таго, што пры Гедыміне аграмадныя тэрыторыі належалі Вялікаму Княству Літоўскаму».

Вежа Гедыміна ў Вільні. Фота: «Наша Ніва»

Вежа Гедыміна ў Вільні. Фота: «Наша Ніва»

Чаму літоўцы прымалі хрысціянства

На думку Латышонка, прыняцце хрысціянства літоўцамі мела практычны аспект. «Пасля заваёвы думаецца, як нам утрымацца. І найлепш далучыцца да большасці, бо ў такім выпадку становішся ў нейкай ступені сваім»,

— лічыць гісторык і падкрэслівае, што ў тыя часы рэлігія была надзвычай важным аспектам, і прыводзіць у якасці прыкладу гісторыю старажытных германцаў, якія, заваёўваючы паслярымскія краіны, заўсёды прымалі хрысціянства, якое было мясцовай рэлігіяй.

«Прыняцце хрысціянства літоўцамі ні аб чым іншым не сведчыць, як пра палітычны розум тых валадароў, якія прымалі хрышчэнне ў гарадах Беларусі», — адзначае прафесар.

Чаму Наваградак у старажытнасці быў багатым

Як пісала археолаг Фрыда Гурэвіч, якая ў савецкі час на працягу 20 гадоў праводзіла раскопкі ў Наваградку, гэты горад загадкавы. Наваградак быў вельмі тэхналагічна развіты. У XII стагоддзі ў Наваградку стаялі двухпавярховыя дамы, у якіх вокны былі зашклёныя. У той час як у Маскве нават у XVII стагоддзі ў палацах для гэтага выкарыстоўвалася слюда. У Наваградку 900 гадоў таму існаваў цэлы квартал ювеліраў.

Navagrud Castle. Reconstruction of V. Stashchiuk Новогрудский замок. Реконструкция В. Стащука Навагрудскі замак. Рэканструкцыя В. Сташчанюка

Наваградскі замак. Рэканструкцыя В. Сташчанюка. Фота: Wikimedia Commons

Латышонак лічыць, што прычына значнага багацця Наваградка ў тым, што ён жыў з гандлю рабамі.

«Не было ў славян іншай магчымасці разбагацець, як на рабах. Не было іншага тавару, які мог бы такое багацце стварыць у Наваградку. Няма іншых магчымасцяў, каб такое багацце ўзнікла на месцы. Ні на збожжы, ні на драўніне такое багацце не расло. Наваградак быў буйным рынкам гандлю рабамі», — прапаноўвае гіпотэзу Алег Латышонак.

Гісторык адзначае, што і Польская, і Старажытнаруская дзяржавы выраслі на гэтым:

«У іх не было чаго іншага паставіць у гэтак званы цывілізаваны свет — мусульманскія краіны, якія ў тыя часы былі намнога багацейшымі.

Калі гаварыць пра крыніцу гэтага гандлю, то, на думку прафесара, спярша гэта былі літоўцы. Набегі на іх землі арганізоўвалі кіеўскія князі. Гэта не было пад сілу мясцовым князям, бо патрабавала значных сіл у арганізацыі паходу. Такую сілу меў вялікі князь.

Калі ж упаў аўтарытэт Кіева і вялікага князя і пачаліся набегі літоўцаў, то жыхары Наваградка пачалі гандляваць рабамі з Русі. Таму яны ў гэты час падтрымлівалі літоўскіх правадыроў.

Горадня — літоўскі горад

Латышонак заўважае: «Цяжка казаць, што Наваградак варочаў усім, бо ў выніку вайны з Літвой запанавала Уладзіміра-Валынскае княства, у тым ліку над Ваўкавыскам і Слонімам. Таму адбыўся падзел. Гэтыя гарады засталіся ў Галіцка-Валынскай Русі, а Наваградак і Горадня — у Русі Літоўскай.

Тады і пачалася каланізацыя балтамі Горадні, якая набыла характар літоўскага горада. Варта пра гэта памятаць. Яшчэ ў XVI стагоддзі ў Горадні былі бурмістр літоўскі і бурмістр рускі. Так Горадня з цвярдыні Русі стала цвярдыняй Літвы, перш за ўсё супраць крыжакоў».

Сама ж старажытная Горадня, на думку прафесара, — праект старажытнага Кіева.

«Пабудаваць Горадню такой, якой яна была, немагчыма сіламі тубыльцаў. Гэта праект Кіева, які прызначыў аграмадныя грошы, каб за кароткі час пабудаваць горад, чые пабудовы не саступалі нічым полацкім. Горад знаходзіўся на мяжы рускага і балцкага свету. Таму для мяне гэта фарпост Русі, кіраваны з Кіева. Калі ж ён перайшоў у рукі Літвы, то стаў яе фарпостам», — кажа ён.

Працяг гутарак з прафесарам Латышонкам чытайце на наступных выхадных.

Чытайце яшчэ:

Хто схаваў гісторыю Полацкай дзяржавы

Латышонак: Уладным колам і апазіцыі не хапіла розуму аб’яднацца

Алесь Краўцэвіч: Літва была амаль цалкам славянскай

Клас
26
Панылы сорам
30
Ха-ха
6
Ого
22
Сумна
7
Абуральна
16

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?