Тут і далей фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Тут і далей фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Зранку Святлана Ціханоўская наведала Беларускую службу Польскага радыё. Гэтая рэдакцыя вяшчае з Беластока па-беларуску для беларусаў, якія жывуць у Польшчы. Яна падзякавала журналістам за працу і падкрэсліла важнасць беларускамоўных медыя для захавання беларускай ідэнтычнасці.

Потым беларуская лідарка наведала Музей малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах і сустрэлася з яго дырэктарам Дарафеем Фіёнікам. Гэты музей ладзіць выставы, майстар-класы народных рамёстваў, фестывалі, праводзіць этнаграфічныя экспедыцыі, а таксама займаецца выдавецкай дзейнасцю. Тут Ціханоўская, якая сама родам з Мікашэвічаў, адзначыла вялікае падабенства палескіх і падляскіх гаворак.

Пазней Святлана Ціханоўская разам са сваім намеснікам па Аб'яднаным пераходным кабінеце Паўлам Латушкам наведала беларускамоўную школу №3 імя Яраслава Кастыцэвіча і ІІ Агульнаадукацыйны ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча з беларускай мовай навучання ў Бельску Падляскім. Тут Ціханоўская пазнаёмілася з настаўнікамі і вучнямі школы, адзначыўшы важнасць захавання беларускамоўнай адукацыі. 

Таксама Святлана Ціханоўская паўдзельнічала ў праваслаўнай службе ў царкве і ўсклала кветкі да крыжа ў памяць дзясяткаў забітых у 1946 годзе атрадамі пад камандаваннем Рамуальда Райса (па мянушцы Буры) праваслаўных жыхароў вёскі Заляшаны. Пасля гэтага Ціханоўская наведала праваслаўны жаночы манастыр Святой Кацярыны ў Заляшанах.

У канцы Святлана Ціханоўская наведала вёску Мастаўляны, дзе нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, і ўсклала кветкі да помніка паўстанцам. У Мастаўлянах яна знаходзілася ўсяго за 200 метраў ад беларускай мяжы.

Увечары Святлана Ціханоўская афіцыйна адкрыла фестываль Tutaka, удзел у якім бяруць тысячы беларусаў.

Чытайце таксама:

Дзе адпачыць і што паглядзець на Падляшшы?

У Беластоку сёння ўрачыста адкрылі сквер Вольнай Беларусі ФОТЫ

Выкладанне беларускай мовы ў беларускіх ліцэях на Падляшшы могуць зрабіць факультатыўным. Беларусы пратэстуюць

Клас
71
Панылы сорам
9
Ха-ха
4
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
2